Фірменная ферма – выйгрышны ход

Мы прывыклі бачыць у магазінах багаты асартымент малочнай, мяса-каўбаснай прадукцыі. Выбіраем лепшы кавалачак, глядзім на працэнт тлустасці малака, вяршкоў, сыру. У крайнім выпадку можам абурыцца, маўляў, на гэты раз не хапіла любімага тварагу ці не задавальняе расфасоўка мяса. І ніколі не задумваемся над тым, колькі людзей працуе штодня, каб на прылаўках усё гэта было. Зрэшты, так павінна быць і так ёсць. Але ці ўсё гладка ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, у прыватнасці, у жывёлагадоўлі, каб нас так і не наведвалі думкі: адкуль цякуць малочныя рэкі? На жаль, ёсць пытанні, якія могуць паўплываць і на глыбіню гэтых рэк, і на кісельныя берагі.
За кропку адліку поспехаў у сельскагаспадарчай вы-творчасці возьмем 1990 год. Іменна тады раён дасягнуў найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці амаль усіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі, акрамя надою на карову. Вось толькі некалькі лічбаў: пагалоўе БРЖ складала 45414 галоў, у тым ліку кароў – 12850. Гэта значыць, шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў складала 75,4 галавы. Сёння маем статак у 26868 жывёл, у тым ліку 9702 каровы, а шчыльнасць на 100 гектараў – 48,6. У той далёкі год вытворчасць мяса склала 9715 тон, летась – 6103. А што стаяла за гэтымі лічбамі? Калгасы вызначаліся рыштаваннямі новабудоўляў гаспадарчага прызначэння: узводзіліся малочнатаварныя фермы, ужо функцыянавалі жывёлагадоўчыя комплексы ў Жарабковічах, Свяціцы, Малым Гарадзішчы, амаль паўсюдна ў малочнай жывёлагадоўлі ўкаранялася паточна-цэхавая сістэма ўтрымання жывёлы.
Аднак, сельскагаспадарчая галіна як частка эканомікі краіны таксама перажыла катаклізмы ў час пераходу да рыначных адносін. Ужо ў 1995 годзе статак буйной рагатай жывёлы ў раёне налічваў 29405 галоў, праз 5 гадоў яшчэ зменшыўся на 2000, праз пяцігодку яшчэ на 3000.
Нялёгка давялося працаўнікам вёскі, якія ўсімі сіламі стараліся не дапусціць краху сельгасвытворчасці. Зразумела, што ў гэты час не думалі пра тое, каб будаваць і рэканструяваць – выжывалі. І не дзіўна, што жывёлагадоўчыя памяшканні тых гадоў патрабуюць рэканструкцыі ці, дакладней, фінансавых сродкаў на яе правядзенне. А дзе іх узяць – пытанне, адказ на якое адзін: зарабіць, нарошчваючы вытворчасць. Пакуль яно вырашаецца, раённы статак павялічыць складана: няма дзе размясціць жывёлу. У СВК “Жарабковічы” адрамантавалі ферму ў вёсцы Улазавічы, рэканструявалі Гуліцкую МТФ, у малочны статак прыбавілі 61 карову. Але калі зноў звярнуцца да статыстыкі 1990 года, то сёлета “недабор” жывёлы ў гаспадарцы складае больш як 2000 галоў. У СВК ”Востраў-Агра” некалі налічвалася 4674 галавы, а на 1 студзеня 2010 года ўсяго 946. Змяніць сітуацыю спрабуюць у СВК ”Ліпнянка”, дзе рэканструявалі адно жывёлагадоўчае памяшканне ў вёсцы Залужжа, хутка пачнуць рамонтныя работы другога – з мэтай павелічэння пагалоўя. Аднак, пакуль што ў гаспадарцы разы ў 3 менш БРЖ, чым было раней. На 2000 зменшыўся статак СВК ”Шлях новы”, гэтак жа як і ў СВК ”Тальмінавічы”.
З іншага боку, СВК “Ляхавіцкі” знаходзіўся ў аднолькавых з іншымі гаспадаркамі ўмовах выжывання. А выйшаў з ”бою” пераможцам: тут не толькі не дапусцілі зніжэння колькасці буйной рагатай жывёлы, а, наадварот, павялічылі статак. Вось лічбы: у 1990 годзе ў гаспадарцы значылася 2582 жывёлы, а на 1 сту- дзеня 2010 года – 2877. Шчаслівы выпадак? Зусім не: тут заўсёды была ў пашане жывёлагадоўчая галіна і ва ўсе часы працавалі над павелічэннем яе прадукцыйнасці – кожны спецыяліст на сваім участку: селекцыянеры, зааветспецыялісты, радавыя работнікі. Нават у самы цяжкі перыяд у гаспадарцы лічылі, што іменна жывёлагадоўчая галіна выратуе становішча: малако, мяса – наяўныя грошы штодзень. І сёння традыцыя працягваецца.
Толькі 2 сельгаспрадпрыемствы раёна – СВК ”Ляхавіцкі” і “Шлях новы”— узялі на сябе смеласць першымі пабудаваць жывёлагадоўчыя фермы, якія ўжо дзейнічаюць па новых тэхналогіях. Перспектыва гэтых гаспадарак не толькі ў росце надояў і прываг, але і ў павелічэнні пагалоўя БРЖ, у тым ліку і кароў. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць у самыя кароткія тэрміны акупіць затраты на будаўніцтва. Да таго ж працаваць сёння па старынцы ўжо не актуальна.
Тое, што сельскагаспадарчая вытворчасць не можа абысціся без выкарыстання і новых тэхналогій, відавочна. У прыватнасці, пра гэта і зноў гавораць лічбы і факты. У 1990 го-дзе, калі малочны статак раёна налічваў 12850 кароў, валавы надой малака складаў 45458 тон, а летась ад 9720 кароў было надоена 47228 тон. Павялічваўся і такі важны паказчык, як выхад цялят на 100 кароў (ад 94 да 101 галавы). Гэта красамоўнае сведчанне таго, наколькі ўплываюць на канчатковы вынік працы прымяненне новых тэхналогій, сучаснай тэхнікі і абсталявання, плюс яшчэ адказнасць спецыялістаў, якія працуюць з праблемамі аднаўлення статка, сочаць за здароўем жывёлы і за кармленнем па збалансаваных рацыёнах.
Добрыя ўмовы ўтрымання жывёлы толькі садзейнічалі б поспеху. Амаль нязначная рэканструкцыя ферм, зробленая ў некаторых сельгаспрадпрыемствах для ўтрымання малочнага статка і сухастойнай жывёлы, дала магчымасць летась павялічыць на 5 працэнтаў колькасць кароў адносна года папярэдняга. Іншымі словамі, у грамадскім статку прыбавілася 462 жывёліны. Аднак, гэта далёка не тое пагалоўе, якое павінна ўтрымлівацца ў сельгас-прадпрыемствах раёна. Значыць, трэба працягваць будаўніцтва і рэканструкцыю памяшканняў, прычым шырокамаштабна, з сучасным падыходам. Фінансава гэта вельмі складана, аднак, у краіне вырашаюцца пытанні аб ільготным крэдытаванні сельгаспрадпрыемстваў, якія распач-нуць работы па аднаўленні жывёлагадоўчых памяшканняў. У многіх гаспадарках разумеюць сітуацыю і вышукваюць уласныя сродкі, якія, як паказвае жыццё, хутка вернуцца ў гаспадарку з прыбыткам. І зусім нельга зразумець і прыняць некаторыя факты: некалі з шырокім размахам будаваўся жывёлагадоўчы комплекс у Свяціцы, а на поўную магутнасць ён так і не запрацаваў. Адбудаваны комплексы па вытворчасці ялавічыны ў Малым Гарадзішчы, Жарабковічах. У тыя ж 90-я гады яны давалі прадукцыі нямала. Сёння ўсё можна аднавіць, калі правесці паўнацэнную рэканструкцыю памяшканняў. У тыя гады ў Жарабковічах нават распачалі будаўніцтва яшчэ аднаго комплексу – малочнага, на што таксама былі затрачаны немалыя грошы. Гэтыя аб’екты клічуць да сябе гаспадароў: нельга ж кінуць усё на паўдарозе, паважаныя кіраўнікі гаспадарак.
Сёння трэба дбаць пра адпаведнасць сусветным стандартам якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, якія дазваляюць ёй паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *