“Радавод”. Заключныя імпрэзы. Ляхавічане прынялі ўдзел у абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”

Напрыканцы мінулага тыдня Пружаны віталі ўдзельнікаў VII абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”.
Як жа ўсё было відовішчна. Дэлегацыі раёнаў удзельнічалі ва ўрачыстым шэсці і ў абрадзе-карагодзе “а мы проса сіялы”. Сапраўдныя дзівосы чакалі ў “Горадзе майстроў”.

Чаго тут толькі не было: ганчарства, ткацтва, саломапляценне, народныя лялькі, выцінанкі, беларуская кухня… Адначасова працавалі канцэртныя пляцоўкі.
Акрамя беларускіх калектываў удзел у фестывалі ўзялі госці з Сербіі, Польшчы, Расіі. Ляхавіччыну прадстаўлялі фальклорны калектыў “Кужалёк” СШ№1 і выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах “Мода”, “Разьба па дрэве”, “Юны дызайнер”, “Рукадзельніца” і калектыў “Жавароначкі” цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Прыемна адзначыць, што ў нашым прэзентацыйным павільёне было шматлюдна. Асаблівы інтарэс выклікалі майстар-класы па саломапляценні, вышыўцы, разьбе па дрэве. Навучэнцы і педагогі таксама прадставілі зборнік рэцэптаў “Бабуліна кухня” і прыгатавалі па старадаўняму рэцэпту “Шляхецкі суп”. А яшчэ ад ляхавічан былі выстава-продаж сувеніраў, калекцыя адзення “Ільняное натхненне”, гучалі народныя песні і байкі.
Завяршыўся фестываль гала-канцэртам і цырымоніяй узнагароджання. Сярод лепшых неаднойчы гучалі і ляхавіцкія адрасы. Дыплом І ступені ў калектыва “Жавароначкі” ЦДАДіМ, “Кужалёк “ СШ№1, дыплом ІІ ступені—аб’яднанняў па інтарэсах “Мода”, “Бабуліна кухня”.
А мы пачынаем падрыхтоўку да чарговага фестывалю і прадаўжаем вывучаць фальклорную спадчыну сваёй малой радзімы.

Ганна БУЙКО, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦДАДіМ.

Фота з архіва ЦДАДзіМ.