Сустрэча з «незнаёмкай». Як сустрэча са старой кнігай завязала новыя знаёмства

Гісторыя знаёмства з жыхаркай Ганчароў Лідзіяй Фельчанковай

(на здымку)  пачалася з кнігі, якую яна знайшла ў сваім доме на гарышчы.

Тутэйшай Лідзія Дзмітрыеўна стала гадоў сем назад – з сям’ёй змянілі гарадскую баранавіцкую прапіску на вясковую. Чаму палюбіліся Ганчары? Пенсіянерка тлумачыць, што тут мясціны прыгожыя, прастор, птушкі спяваюць, паветра празрыстае. Гэту акалічнасць заўважылі, калі па справах праязджала праз вёску.
Набылі тут дом, абжыліся. На агародзе прапісаліся цяпліцы, у якіх гаспадар вырошчвае расаду, а гаспадыня – заўзятая аматарка кветак, яе ліліі – гэта нешта.

А яшчэ яна не можа прайсці міма безгаспадарчасці і беспарадку. Гэта і прафесійнае, і ў характары. У свой час працавала інжынерам па забеспячэнні ў Баранавіцкім аддзеле па адукацыі, доўгі час кіравала немалым калектывам аб’яднання грамадскага харчавання. Чатыры гады была старастай Ганчароў.
А нядаўна з роднымі разбіралі рэчы на гарышчы і знайшлі кнігу – вялікую і тоўстую, без вокладкі, яўна даўняе выданне. «Падлячылі» знаходку. Але кніга, лічыць Лідзія Дзмітрыеўна, – гэта не проста прашытыя лісты з мудрагелістымі знакамі, а сэнс, які яна нясе, і значэнне. Вырашыла, што з ёю павінна пазнаёміцца больш шырокая аўдыторыя. Для гэтага Лідзія Дзмітрыеўна, «на агледзіны» запрасіла карэспандэнта «ЛВ».
На стале кніга глядзіцца надзвычай унушальна. У вочы кідаюцца раздзелы – кожны прысвечаны канкрэтнаму месяцу. Нават недасведчаны здагадаецца, што гэта пазнавальныя назвы: «октембрій», «ноембрій», «декембрій» і г.д. На палях – дадатковыя словы-знакі, бы птушкі, абзацы, асобныя часткі выдзелены чырвоным колерам. Шчыльныя старонкі, на якіх дзе-нідзе бачыцца пячатка часу. Хаця вызначыць узрост знаходкі неспецыялісту цяжка.
Калі «ЛВ» змясціў інфармацыю і фотаздымкі старонак кнігі ў інтэрнэце з просьбай дапамагчы яе расшыфраваць, на электронны адрас прыйшло цікавае пісьмо: «Гэта царкоўнаславянская мова. Кніга называецца «Тыпікон» (або «Статут»). Гэта царкоўная богаслужэбная кніга, якая рэгламентуе правілы правядзення набажэнстваў праваслаўнай царквы. Царкоўнаславянская мова, шчыра кажучы, не вельмі старажытная. Фактычна яе развіццё спынілася ў XVII стагоддзі, але лінгвістычныя рэформы адбыліся пасля рэвалюцыі, істотна наблізіўшы мову да рускай мовы».
Дзякуй нераўнадушнаму карыстальніку інтэрнэту, які выказаў сваю версію паходжання «незнаёмкі».
А сустрэча са старой кнігай завязала новыя знаёмствы.
Можа і ў вас дома захоўваецца сямейны артэфакт, эксклюзіўная кніга, пра якую жадаеце расказаць іншым? Тэлефануйце і пішыце, будзем рады!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.