Ішла дзяўчына па вайне

Жанчына і вайна. Здавалася б, два несумяшчальныя паняцці. Але яны, матулі, сёстры, бабулі, жонкі, на роўных з мужчынамі прайшлі праз усе цяжкасці ваеннага ліхалецця: голад і холад, жудасную фашысцкую акупацыю, канцэнтрацыйныя лагеры. Жанчыны былі на перадавой, у партызанскіх атрадах, падполлі, выносілі раненых з поля бою, не ведаючы стомы працавалі ў тыле. А яшчэ верылі, любілі і чакалі…
Вялікая Айчынная вайна застала 17-гадовую Галіну Шумілаву ў Карэліцкім (тады Баранавіцкім) раёне. Яна, як і яе землякі, на сабе адчула што такое фашысцкая акупацыя. Была вязнем Маладзечанскага канцэнтрацыйнага лагера, але адтуль Галіне пашчасціла ўцячы. Потым разам з бацькам смелая дзяўчына трымала сувязь з партызанамі: прыносіла звесткі пра ворага, забяспечвала адзеннем і дастаўляла прадукты харчавання. “Было страшна, але злосць на фашыстаў, якія тапталі нашу зямлю, забівалі, катавалі старых, нямоглых, дзяцей, была мацнейшай. Мы верылі ў Перамогу“, – гаворыць Галіна Максімаўна.
Апошняя вясна Вялікай Айчыннай вайны для яе памятная на ўсё жыццё: Галіна стала салдатам Чырвонай Арміі і ў якасці старшага пражэктарыста была накіравана ў зенітна-пражэктарную часць, якая дыслацыравалася пад Беластокам. Яна абавязана была назіраць за небам і зямлёй і ў выпадку варожай атакі папярэджваць байцоў. Яфрэйтар Галіна Шумілава выдатна спраўлялася з заданнем.
З лета 1945 года яна на мірнай працы. У далёкім 1957 годзе разам з мужам Іванам Міронавічам пераехалі ў Ляхавічы.
Сёння Галіна Максімаўна, якой ужо за 80 гадоў, стараецца быць у курсе падзей, што адбываюцца ў краіне і ў свеце. Яе часта наведваюць і не даюць сумаваць трое дзяцей і шасцёра ўнукаў. Галіна Шумілава пражыла быццам бы звычайнае для яе пакалення жыццё. Але і сёння, праз 65 гадоў пасля таго, як адгрымелі апошнія выбухі той далёкай вайны, здараецца, загараецца ноччу святло ў кватэры дома № 37 па вуліцы Леніна – прачынаецца былая франтавічка ад страшных сноў, у якіх вяртаецца да яе вайна…
На парадным адзенні яфрэйтара Галіны Шумілавай шматлікія ўзнагароды – адзнакі за смеласць, рашучасць і любоў да Радзімы. Калі яна крочыць у святочнай калоне ветэранаў, чуе, як звіняць ордэны і медалі на парадным адзенні. Калі прыслухацца, – нібы гучыць перасцярога і наказ будучым пакаленням: “Мір трэба берагчы!” Светлага блакітнага неба і шчасця ўсім жадае былы яфрэйтар і ў гэтыя вясновыя дні.

Пяць дарагіх усмешак
Сэрца мацярынскае вечна неспакойнае. Вось і зноў турбота: у Валодзькі высокая тэмпература, трапіў у бальніцу. Матуля пакінула малодшых Алежку, Сняжану і Віялету на старэйшую Кацю, а сама падалася ў Ляхавічы. Пабачыла ў бальніцы сына, пераканалася, што хлопчык выздараўлівае, прытуліла яго да сябе, прашаптала на вушка малому самыя запаветныя словы і пачала збірацца дамоў, бо, напэўна ж двухгадовы Алежка ўжо кліча маму…
Кожны дзень у клопатах і стараннях, каб хоць былі дагледжаны яе пяць самых дарагіх чалавечкаў, каб быў парадак у доме і дастатак. Тут, зразумела, было б цяжкавата без татавай зарплаты, і Аляксандр Аркадзьевіч стараецца. Яму як лепшаму механізатару СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” даверылі магутны ДжонДзір – адказна, цэлымі днямі на працы, але зарплату прыносіць дамоў вартую.
І ўсё ж асноўныя турботы на плячах Ніны Аляксандраўны, але, здаецца, яны ёй у радасць.
Раніцай першымі прачынаюцца малодшанькія Сняжана і Віялета – з мілымі ўсмешкамі і сваімі планамі на дзень. Пакуль запляце ім косы, гатуецца снеданне. Цяпер ужо самы час пачынаць свой дзень Валодзю і Каці. Услед за старэйшымі бяжыць і самы маленькі Алежка. Неўзабаве ўсе ў самым добрым настроі сядзяць за сталом, а тут і тата ўправіўся з гаспадаркай. Каша, якая ўсім прыйшлася па смаку, яшчэ паруе і апетытна пахне – толькі мама ўмее такую гатаваць. Яшчэ бутэрброды з каўбасой ды па кубку чаю – падсілкаваліся ўсе выдатна.
Дзевяцікласніца Каця і васьмікласнік Валодзя клапатліва праводзяць Сняжану і Віялету ў садзік. У мамы і Алежкі столькі спраў: прыбраць кватэру, згатаваць абед, памыць бялізну. А там і зноў дом напаўняецца радаснымі галасамі: дачушкі і сыночкі бягуць да мамы са сваімі радасцямі і праблемамі. Напярэдадні свята 8 Сакавіка ўсе дзеці рыхтуюць маме падарункі: малодшыя робяць у садку па-дзелкі сваімі рукамі, старэйшыя стараюцца атрымаць добрыя адзнакі ў школе, ды і тата абавязкова далучыцца да іх са сваім сюрпрызам. Гэтак жа ўсёй сям’ёй віншавалі мамачку, калі ёй быў уручаны ордэн Маці. Ніна Аляксандраўна пераканана, што яна самая шчаслівая на свеце.
– Усім жанчынам хачу сказаць, што не бывае большай радасці для маці, чым дзеці, хоць шчасце гэтае вельмі нялёгкае. Але за шчырыя ўсмешкі, першыя словы і ласку сваіх дзетак няма нічога даражэй…

Толькі б мама мая жыла
Калі прыйшла пара ісці на пенсію, Таццяна Мікалаеўна думала: ”І не гляну больш у сельгаскааператыў, буду адпачываць”. Але вытрымкі хапіла ўсяго на 4 месяцы, а пасля пайшла ў сельсавет і прапанавала ўзяць на сябе адказнасць па збору малака з прыватных гаспадарак вяскоўцаў. Там з радасцю згадзіліся, бо ведалі, наколькі гэтая жанчына адказная, сумленная і нераўнадушная, нездарма ж яе выбралі свяцічане старастай вёскі. Вось і стала Таццяна Мікалаеўна кожную раніцу аб’язджаць сядзібы малаказдатчыкаў: збірае лішкі прадукцыі і агітуе вяскоўцаў весці падсобныя гаспадаркі. На яе думку, справа гэта выгадная. Вяскоўцы ж да старасты са сваімі пытаннямі і праблемамі, асабліва пажылыя: дроў прывезці, торфу, вулічнае асвятленне не гарыць… За раніцу назбірае Таццяна Мікалаеўна воз бідонаў малака і яшчэ цэлы спіс пытанняў, якія трэба тэрмінова вырашаць.
Толькі з’явіцца на парозе сваёй хаты, як матуля насустрач з напамінам: пара ўласную гаспадарку даглядаць. А на падворку Таццяны Мікалаеўны чаго толькі няма: карова, конь, свінні, куры, гусі, індыкі, качкі… І гэта на адны рукі! Матуля, якой пайшоў дзевяты дзесятак, ужо, на жаль, не можа дапамагчы дачушцы. Добра што сын з сям’ёй жыве тут жа, у Свяціцы, ды пляменнікі іншы раз завітаюць, каб дапамагчы па гаспадарцы. Дзень за днём пралятаюць у турботах непрыкметна.
А матуля падтрымлівае дачку, стараецца па магчымасці хоць абед прыгатаваць ды печку ў хаце напаліць. Справа гэта адказная і важная. А пасля яны яшчэ доўга будуць абмяркоўваць вясковыя падзеі, радавацца добрым навінам. Нядаўна старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар уручыў старасце вёскі Свяціца Таццяне Русакевіч дыплом пераможцы абласнога конкурсу за вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння ў 2009 годзе. Яна заняла трэцяе месца па групе ”Аднаасобныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самаўпраўлення (старасты)”. Урачыстасць, на якой уручылі Таццяне Мікалаеўне дыплом, адбылася ў Белаазёрску.
– Вось каб дачакацца таго дня, калі наша вёска адновіцца, было ж тут калісьці прыгожа, прывольна і багата, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – Я жадаю гэтага ўсім сваім вяскоўкам. А яшчэ прашу Бога, каб мама жыла, доўга-доўга жыла на свеце…

На сувязі яфрэйтар Марына
Ёй да твару ваенная форма, але і ў святочнай сукенцы, спартыўным касцюме ці дамашнім халаце яна не менш прывабная, прыгожая і абаяльная. Ветлівая ўсмешка, шчырая душа і заўсёды добры настрой, упэўненасць і раўнавага – іншай Марына не бывае – прафесія абавязвае. А яна ў жанчыны асаблівая і пачэсная – Радзіму абараняць. Вось ужо 10 гадоў дастойна выконвае свае абавязкі яфрэйтар кантрактнай службы Марына Боднар: забяспечвае тэлефонную сувязь. Са службай спраўляецца выдатна. Ад камандавання адны толькі падзякі за бездакорнае выкананне службовых абавязкаў. “Інакш не магу. Нельга падводзіць сваіх саслужыўцаў і мужа, ён у мяне таксама ваенны”, – гаворыць Марына Іванаўна. Маёр, а па сумяшчальніцтву і муж, Усевалад Боднар служыць у адной часці з яфрэйтарам Марынай Боднар. Як і патрабуе воінскі статут, ён – камандзір. “Дома ўсё наадварот, яфрэйтар аддае загады маёру, – з усмешкай гаворыць Марына і дадае: – Мы з Усеваладам стараемся ўсё рабіць разам, так і лепш, і хутчэй атрымліваецца”. Галоўная асоба ў сям’і – сямігадовая дачушка Вікторыя, названая, як і належыць у сям’і ваенных, у гонар Перамогі. Вакол яе круціцца ўсё. Як толькі супадаюць выхадныя ў дарослых, сям’я абавязкова адпачывае разам. Прыклад Віка бярэ з мамы і таты, заўсёды з гонарам гаворыць, што ён камандзір.
Шчаслівая жанчына Марына Боднар знайшла сваё месца ў жыцці, задаволена работай, адказнасць якой разумее і якою ганарыцца. Дома, ва ўтульнай, з густам абсталяванай кватэры, яе заўсёды чакаюць любімыя і любячыя муж і дачушка, у любы час рады сустрэчы з ёю сябры. Яна – цікавы суразмоўца і шчыры чалавек, душа любой кампаніі. Гэта і ёсць шчасце.
“Я жадаю ўсім жанчынам моцнага здароўя, заўсёды добрага настрою, кахаць і быць каханымі, трывалага мужчынскага пляча побач і спаўнення ўсіх самых запаветных мар і спадзяванняў”, – шчыра гаворыць жанчына ў ваеннай форме з прыгожым імем Марына.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *