Свята вёскі ў Рамашках

Чаму гэтую вёсачку назвалі Рамашкі, дакладна ніхто не ведае. Кажуць, што наўкол паселішча спрадвеку расло вельмі многа рамонкаў і мясцовыя дзяўчаты любілі ўпрыгожваць сябе вянкамі, сплеценымі з гэтых пяшчотных кветак.
70-80 гады мінулага стагоддзя вёска адносілася да некалі славутага калгаса імя Леніна, на ўрадлівых землях якога спеў прыгожы даўгунец, каласіліся жыта і пшаніца. Заможна тут жылі людзі і весела. Сёння Рамашкі, што называецца, вёска неперспектыўная: тут пражывае 11 чалавек, з якіх толькі 3 — працаздольныя. І ўсё ж гэта малая радзіма для кожнага, хто адсюль родам, і іменна сюды імкнуцца іх сэрцы. Многія нашчадкі трымаюць сядзібы дагледжанымі, прыязджаюць як на дачы. Але ёсць і пакінутыя хаціны.
І усё ж жывыя Рамашкі. Сёння вёска ўваходзіць у склад СВК «Жарабковічы». Пасадзіць бульбу, дапамагчы ўбраць ураджай, калі трэба, забяспечыць асабістую падсобную гаспадарку сенам і саломай — адказнасць за гэта ўзялі на сябе сельгаскааператыў і Падлескі сельвыканкам. Рэгулярна прадукты харчавання дастаўляе аўталаўка. Старшыня сельгаскааператыва Віталій Бусько, старшыня сельвыканкама Анатолій Ксёнжык наведваюцца ў Рамашкі часта.
Хаця тутэйшыя людзі пераважна пажылыя, яны вельмі цікаўныя, вясёлыя і руплівыя. Жанчыны вышываюць, пякуць смачныя пірагі, мужчыны часцей заняты гаспадарчымі справамі — памаленьку, па-старыкоўску, але ж не сядзяць без справы.
І яшчэ адна адметнасць жыхароў Рамашак: яны вельмі дружныя. Новы дзень пачынаецца з таго, што кожны пацікавіцца, як справы ў суседа ці суседкі, калі што — праведваюць, наколькі сілы дазваляюць — дапамагаюць, а надвячоркам збіраюцца на нечай прызбе, каб абмеркаваць убачанае па тэлевізары, пагаварыць пра жыццё-быццё.
Ахвотна і з добрым настроем сабраліся мясцовыя жыхары і на свята вёскі. Усе прыйшлі, хто можа хадзіць, і адчувалі сябе сапраўднымі імяніннікамі, бо іменна для іх, адзінаццаці жыхароў Рамашак, спявалі самадзейныя артысты з Падлескага Дома культуры, былі ўспаміны і добрыя пажаданні. Яшчэ цвітуць рамонкі ў Рамашках!
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *