Весела, песенна, шчодра, душэўна прайшлі святы вёсак у Мыслабажы, Ураджайнай, Адахаўшчыне і Ліпску

У такой форме прайшлі святы вёсак у Мыслабажы, Ураджайнай, Адахаўшчыне і Ліпску. Вёскі святкавалі весела, песенна, шчодра, душэўна.
Мыслабажскі ДНТ запрасіў на свята сваіх суседзяў — самадзейных артыстаў з Русінавіцкага СДК. Цікавасць выклікалі выставы народнай творчасці, керамічныя вырабы, на «ўра» прайшла дэгустацыя хлеба новага ўраджаю. Дапазна ў Мыслабажы гучалі песні.
Ва Ураджайную на свята «Мая зялёная старонка» завіталі госці з вёсак Карані, Тумашы, Бажкі, Флер’янова, Дайнякі. У праграме святкавання былі і прэзентацыя вершаў Людмілы Цітко, і выступленне ансамбля песні «Медуніца».
У гэты дзень, упершыню за гісторыю вёскі, на свяце адбылася рэгістрацыя шлюбу — Андрэя Федаровіча і Наталлі Шадуры. Свае пажаданні доўгага і шчаслівага жыцця маладым выказалі залатыя і сярэбраныя юбіляры. Гучнымі апладысментамі вяскоўцы сустракалі старэйшую сваю зямлячку — 100 -гадовую Марыю Тумаш. Менавіта яна ўручыла падарункі самым маленькім вяскоўцам — Максімку Сідору і Уладзіку Сцепанчуку. Ушаноўвалі ў гэты дзень лепшых камбайнераў, якія намалацілі больш за 1000 тон зерня, пераможцаў конкурсу на лепшае падвор’е, народных майстроў. Даспадобы прыйшліся прысмакі, прыгатаваныя ўдзельнікамі жаночага клуба «Надзея» Ураджайнінскага СДК Вікторыяй Суравец і Верай Станіславовіч.
А ў вёсцы Ліпск свята запомнілася цікавай гульнявой праграмай «Рэкорд па-ліпску», выступленнем ансамбля «Гармонія» Тухавіцкага СДК, мясцовых калектываў. Брыльянтавыя юбіляры Ванда і Васілій Невяроўскія далі парады маладым — Максіму і Юліі Бурбіцкім.
Радаваліся песням і падарункам вяскоўцы Адахаўшчыны. Мясцовыя калектывы, госці з Русінавіч віталі юбіляраў вяселляў  ад брыльянтавага да драўлянага, старэйшых і малодшых жыхароў, ушаноўвалі воіна-інтэрнацыяналіста Анатолія Грыдасава.
Цудоўна, што вёскі захоўваюць добрыя традыцыі, збіраюць кожны год сваіх жыхароў, вітаюць іх, наводзяць парадак, робяць старонку прыгажэйшай і больш утульнай.
Анастасія ШАРАПІНСКАЯ,
метадыст раённага метадычнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *