Падарунак ляхавічанкам ад прафесара Путырскага

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Урач ад Бога: колькім жанчынам ён падарыў надзею на выздараўленне, вярнуў самае дарагое і галоўнае ў жыцці – здароўе. Хірург-анколаг з 30-гадовым стажам, вядомы вучоны: пастаянна дзеліцца тэарэтычнымі ведамі і практычным майстэрствам не толькі з беларускімі, але і з замежнымі калегамі, удзельнічае ў міжнародных медыцынскіх канферэнцыях і семінарах, выкладае. Творчы чалавек: яго вершы кранаюць да глыбіні душы, яны – паэтычная філасофія жыцця і любві. Многія з іх пакладзены на музыку і сталі песнямі і рамансамі, гучаць у канцэртных праграмах, іншы раз і ў выкананні аўтара. Выдатны сем’янін, любімы і любячы муж і бацька: згода, каханне, разуменне і ўзаемная падтрымка – шчаслівыя спадарожнікі яго і жонкі – Наталлі, таксама ўрача. Яны выгадавалі і далі пуцёўку ў жыццё таленавітым дзецям Таццяне і Юрыю. Сапраўдны чалавек, гатовы заўсёды пры любых абставінах прыйсці на дапамогу іншаму. Усё гэта – пра галоўнага мамолага Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, кіраўніка рэспубліканскага мамалагічнага цэнтра, члена-карэспандэнта Акадэміі медыцынскіх навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара, ганаровага грамадзяніна горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна Леаніда Путырскага.
Напярэдадні свята 8 Сакавіка Леанід Аляксеевіч зрабіў шыкоўны падарунак ляхавічанкам – завітаў на сустрэчу ў наш горад. Жанчыны, якія сабраліся ў тую незабыўную пятніцу ў глядзельнай зале кінатэатра “Кастрычнік”, атрымалі незабыўныя ўражанні, вялікі зарад душэўнай бадзёрасці і пазітыўнага настрою надоўга. Такога эмацыянальнага ўзрушэння аўтар гэтых радкоў не адчувала даўно і, упэўнена, не я адна.
Калі Леанід Путырскі пачаў гаварыць, усталявалася цішыня, якая перапынялася апладысментамі, словамі ўдзячнасці, пашаны і… усхліпваннямі. Гісторыі пацыентак, гісторыі жыцця, гісторыі хваробы, страшнай і каварнай, назва якой – злаякасная пухліна малочнай залозы. Навукова-папулярны фільм “Надзея”, зняты на рэальных фактах, не пакінуў абыякавым нікога. Яго аўтары, у тым ліку прафесар Путырскі і яго сын, таксама анколаг-мамолаг Юрый Путырскі, у чарговы раз заклікалі жанчын быць уважлівымі да свайго здароўя, пры першых трывожных прыкметах раілі, не адкладваючы, звяртацца да медыкаў і ні ў якім разе не займацца самалячэннем.
Леанід Аляксеевіч адказаў на шматлікія пытанні ляхавічанак, а аўтарам трох лепшых пытанняў падарыў свае зборнікі вершаў (дарэчы, іх у паэта Путырскага ўжо 7). Безліч цёплых слоў удзячнасці за непаўторную сустрэчу ён пачуў ад ляхавічанак, а яшчэ больш ад тых, хто былі яго пацыенткамі, каму дапамог перамагчы страшную хваробу, вярнуць радасць адчуваць сябе такой, як усе, але крышачку шчаслівейшай, бо бяда засталася ў мінулым, а вера і надзея з кожным днём мацнеюць.
Леанід Путырскі адказаў і на пытанні карэспандэнта “ЛВ”.
— Леанід Аляксеевіч, раскажыце, калі ласка, якія змяненні ў арганізме павінны насцярожыць жанчыну, і, увогуле, як неабходна клапаціцца пра ўласнае здароўе?
— Я заўсёды прашу і сваіх пацыентак, і наогул усіх жанчын, каб яны вучылі дачок, унучак, сябровак з юнага ўзросту ўсвядоміць: галоўнае жаночае прызначэнне – прадаўжэнне роду. Таму трэба нарадзіць дзіця і, дзеля здароўя немаўляці і свайго, хаця б да 6 месяцаў карміць яго мацярынскім малаком.
Кожная жанчына абавязана навучыцца самаабследаваць стан сваіх малочных залоз. Запомніце: на скуры не павінна быць ніякіх вытырканняў, ямак, пачырваненняў, ацёчнасці, не павінна быць выдзяленняў з саскоў, іх уцягнутасці, асіметрыі. Абавязкова праверце, ці не павялічаны падпахавыя лімфатычныя вузлы. А потым, стоячы і лежачы, абследуйце малочныя залозы пальцамі. Няма вузялкоў, зацвярдзеласці, значыць, норма. Такое самаабследаванне кожная жанчына павінна праводзіць штомесячна. І нават калі яна не знаходзіць адхіленняў ад нормы, неабходна раз, а то і два ў год абавязкова паказаць свае малочныя залозы доктару.
Любую хваробу лепш папярэдзіць ці вылечыць на ранняй стадыі. І ні ў якім разе нельга займацца самалячэннем ці спадзявацца, што ўсё пройдзе само па сабе. Хваробу неабходна лячыць, і чым раней, тым больш шанцаў на поўнае выздараўленне. Так званую групу рызыкі складаюць жанчыны, чые родныя перахварэлі на рак малочнай залозы. Фактарамі рызыкі ўтварэння зла-якасных пухлін становяцца поз-нія першыя роды, аборты, атлусценне, артэрыяльная гіпертэнзія. Хваляванні па прычыне і без прычыны нічога добрага вашаму арганізму ў цэлым і малочным залозам у прыватнасці не прынясуць. Стрэс, дрэнная экалогія вядуць да гарманальных парушэнняў, якія правакуюць рак.
Малочная залоза – гэта крохкі орган мацярынства і жаночай прыгажосці, ён патрабуе асаблівага клопату і ўвагі. Здаровы лад жыцця – гэта не проста модныя словы. Раздражняльнасць, зайздрасць правакуюць многія хваробы, у тым ліку і анкалагічныя.
— І ўсё ж скажыце, прафесар, рак малочнай залозы – гэта прыгавор? Што рабіць жанчыне, якой пастаўлены такі дыягназ?
— Галоўнае, не панікаваць, верыць у лепшае. Рак малочнай залозы – адна з самых галоўных праблем медыцыны, ён займае першае месца сярод анкалагічных захворванняў у жанчын ва ўсім свеце. Штогод у Беларусі гэты дыягназ упершыню ставіцца 3700 жанчынам і 37 мужчынам. Самае важнае – своечасовы зварот за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай. Тым больш, што пры сучаснай дыягностыцы і новых метадах лячэння рак малочнай залозы не з’яўляецца прыгаворам, асабліва калі хвароба выяўлена на першай ці другой стадыях. Я займаюся гэтай праблемай ужо 30 гадоў і ведаю многіх жанчын, якім быў пастаўлены гэты дыягназ, і якія пасля хірургічнага і тэрапеўтычнага лячэння жывуць паўнацэнным жыццём 20-25 гадоў, становяцца мамамі, а потым бабулямі. А няўвага да сябе, зацягванне з візітам да ўрача, лячэнне ў так званых народных лекараў усялякімі прымочкамі, кампрэсамі і расціраннямі да добрага не прыводзяць, наадварот, могуць справакаваць прагрэсіраванне хваробы.
Назаўжды засталася ў памяці гісторыя 23-гадовай Вольгі, якая прыйшла да мяне на прыём ужо з 4 стадыяй рака малочнай залозы, метастазамі. Як высветлілася, да гэтага яна адмовілася ад аперацыі. Маці дзяўчыны, параіўшыся з сяброўкай, вырашыла лячыць дачку мазямі і расціраннямі, а яшчэ… гарачым паўднёвым сонцам. Хвароба прагрэсіравала вельмі хутка, і калі звярнуліся да мяне, было ўжо досыць позна. Мы змаглі ўсяго на 1,5 года падоўжыць дзяўчыне жыццё. А ўсё магло склас-ціся інакш, калі б аперацыя была праведзена своечасова…
Дыягназ такі цяжка прыняць любой жанчыне. Але трэба абавязкова ўзяць сябе ў рукі, спадзявацца і верыць у выздараўленне. Сумесныя намаганні медыкаў, пацыенткі, яе сям’і і блізкіх (іх падтрымка і любоў вельмі важныя і неабходныя) спрыяюць паспяховаму лячэнню. А адмоўныя эмоцыі, якія прыгнячаюць імунную сістэму, наадварот, усё лячэнне могуць перакрэсліць. І яшчэ, вера творыць сапраўдныя цуды.
Дарэчы, не абавязкова выяўленая пухліна – гэта рак. У жанчын бываюць розныя віды мастапатый, мастыты. Гэтыя захворванні паспяхова лечацца. У любым выпадку галоўнае — знайсці свайго доктара, які падбярэ правільнае лячэнне спецыяльна для вас.
— Леанід Аляксеевіч, Вы выратавалі жыццё і вярнулі здароўе многім жанчынам, прадстаўніцам прыгожай паловы прысвячаеце свае вершы. Якія якасці жанчын Вас здзіўляюць, радуюць і непакояць?
— Я лячыў многіх жанчын, і не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. І ўсякі раз здзіўляюся, як некаторыя даво-дзяць сябе да такога стану, калі хвароба ўжо завалодала ўсім арганізмам. А жанчына працягвае знаходзіць прычыны, каб не ісці да ўрача: падгадаваць дзяцей, пасадзіць агарод, мужа ў санаторый уладкаваць, на рабоце спраў вышэй галавы… І ў той жа час, якія яны моцныя духам, нашы дарагія жанчыны. Іх упэўненасць, вера ў лепшае, самаадданасць і любоў вартыя павагі і пакланення. Хачу звярнуцца да мілых жанчын: любіце і беражыце сябе. Вы – самае дарагое, што ёсць у нас, мужчын. Вы – аснова, вакол якой круціцца ўсё навокал. Памятайце, што сіла жанчыны – у яе слабасці. Дарэчы, я ніколі не бачыў больш слабага і бездапаможнага мужчыну, чым той, у каго захварэла жонка. Мужчыны, кахайце, клапаціцеся пра сваіх непаўторных, мілых і адзіных, беражыце іх здароўе, дарыце ім кветкі не толькі на дзень нараджэння і 8 сакавіка, прысвячайце ім вершы, спявайце серэнады!
— Хто Вас натхняе на творчасць?
— За ўсё, што маю ў жыцці, я ў першую чаргу ўдзячны сваім бацькам. Гэта былі простыя людзі з адкрытай душой. Ад таго, якая атмасфера пануе ў сям’і, залежыць, якім будзе чалавек у дарослым жыцці: з кепскага насення не вырасце добры плод. Цяпер ва ўсім дапамога і падтрымка — сям’я: жонка і дзеці. У кожнага чалавека ў сутках 24 гадзіны. А я, жонка Наталля, дзеці Таццяна і Юрый працуем у адным накірунку: для людзей і дзеля людзей, таму ў нас атрымліваецца 96 гадзін у суткі. Я ўдзячны сваім блізкім за штодзённую і такую неабходную падтрымку. Любыя цяжкасці значна лягчэй пераадольваць, калі побач дарагія табе людзі.
— Леанід Аляксеевіч, Вы пры-знаны аўтарытэт у медыцыне, маеце шмат прыхільнікаў у творчасці. У якой галіне яшчэ можа праявіцца талент Путырскага?
— Я рэальны чалавек. Чаго хацеў дасягнуць, таго дасягнуў. Калісьці вучыўся ў школе танцаў, быў чэмпіёнам Беларусі па хакеі ў турніры “Залатая шайба”. Выпусціў 7 зборнікаў вершаў.
Увогуле, я шчаслівы чалавек. Уявіце, ты прыязджаеш у любы беларускі горад, перад табой спыняецца жанчына і гаворыць: “Доктар, вы, мабыць, мяне не помніце, я аперыравалася ў вас 15 гадоў таму. Я жыву, і цяпер у мяне ўсё добра і спадзяюся, што так будзе і далей”.
Шаноўныя жанчыны, беражыце тое, што маеце, будзьце шчаслівымі і здаровымі і часцей усміхайцеся.Усмешка ўпрыгожвае любога чалавека, а жанчыну і ўвогуле ператварае ў багіню.

Падчас сустрэчы было шмат прыемных сюрпрызаў. Вельмі спадабалася выступленне маладой таленавітай артысткі, дыпламанткі конкурсу “Еўрафэст” і пераможцы конкурсу “Песня года”, спявачкі тэатра оперы і балета Ціяны (дачка Леаніда Путырскага). У творчым рэпертуары Ціяны і песні на вершы бацькі.
А сам Леанід Аляксеевіч чытаў свае вершы. Яны абавязкова закрануць душу, не могуць не закрануць, бо напісаны ад сэрца і для ду-шы. Дзіву даешся, як мужчына можа так тонка адчуваць унутраны свет жанчыны, перадаваць у рыфмаваных радках яе думкі і перажыванні, тонка разумець іншых людзей і прымаць іх такімі, якія яны ёсць.

Как-то мудреца спросила дива:
— Сила женщин в чем? Где наш причал?
И ответил ей старик учтиво:
— В слабости. — И снова замолчал.

Долго дива думала-гадала,
Что сказал ей мудрый старожил,
И опять вопрос ему задала:
— В чем секрет ответа, расскажи?

Покраснел старик, как роза в мае,
И ответил коротко и чинно:
— Только слабость женщин позволяет
Даже старца чувствовать мужчиной.

* * *
Женщины, я тайны не открою,
Но напомнить, видно, будет к месту:
Когда вы становитесь женою,
Не меняйтесь. Будьте как невесты…

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *