Сказана – зроблена. У Ляхавіцкай раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» прайшла чарговая справаздачна-выбарная канферэнцыя

Сяргей Пігараў уручае членскі білет Вользе Грыцкевіч

Прадстаўнічасць – адна з вызначальных характарыстык Ляхавіцкай раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», што пацвердзіла чарговая справаздачна-выбарная канферэнцыя, якая прайшла на базе СШ № 2. Пад сцягам «Белай Русі» ў раёне 851 чалавек. За апошнія два гады арганізацыя прырасла на тры новыя пярвічкі, і сёння іх тры дзясяткі. Адметна, што 85 працэнтаў членаў раённай арганізацыі (дарэчы, у асноўным ва ўзросце 31-50 гадоў) маюць вышэйшую адукацыю.
Пра ролю грамадскага аб’яднання, планы і перспектывы ішла размова на пасяджэнні, у якім прыняў удзел намеснік старшыні РГА «Белая Русь» Сяргей Пігараў, які станоўча ацаніў работу раённай арганізацыі.

– Сёння можна з упэўненасцю гаварыць, што імідж «Белай
Русі» ў нашым раёне сфарміраваны, – падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі Леанід Калбаса.
«Беларусаўцаў» не зблытаеш ні з кім – адметная сімволіка добра знаёма землякам. На Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці калона з атрыбутыкай аб’яднання выдзяляецца сваёй урачыстасцю і выглядае патрыятычна.
Ні адна важная падзея ў жыцці раёна, ні адно мерапрыемства грамадскага, патрыятычнага, сацыяльнага накірунку не праходзяць без членаў «Белай Русі». Ды і самі яны выступаюць ініцыятарамі шматлікіх праектаў, дабрачынных акцый. У полі ўзнагароджвалі герояў пасяўных і ўборачных кампаній, ушаноўвалі працаўнікоў на «Дажынках». Дарэчы, пярвічка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкама не раз адзначалася як адна з лепшых у раёне.
«Белая Русь» шэфствуе над мнагадзетнымі і малазабяспечанымі сем’ямі, адзінокімі пажылымі землякамі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, дзецьмі-інвалідамі.
Конкурс «Залатое пяро «Белай Русі» зацікаўлівае ўсё больш нашых таленавітых землякоў. У 2018 годзе актыўнічалі юнкары з Жарабко-віцкай, Крывошынскай СШ, гімназіі, цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёлета па выніках абласнога этапу адзначаны работы Веранікі Казакевіч (Жарабковіцкая СШ) і Анастасіі Бузук (гімназія).
«Белая Русь» дзейнічае на прынцыпах сяброўства з раённымі арганізацыямі Беларускага саюза жанчын, ветэранскай, БРСМ, райкамам КПБ. Займае актыўную пазіцыю ў палітычным жыцці краіны. Яе члены – у назіральных выбарчых камісіях, пікетах, з’яўляюцца дэпутатамі райсавета і сельскіх Саветаў, прэзідыума райсавета.
Вопытам работы пярвічак падзяліліся іх старшыні. Сярод найбольш актыўных – гімназія, СШ № 1 і № 2, ТЦСАН.
Сяргей Пігараў ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў членскія білеты сямі медыкам, якія папоўнілі рады аб’яднання, а таксама ўзнагародзіў яго актыўных членаў. Граматай абласнога савета ГА адзначана начальнік фінаддзела райвыканкама Ірына Страмавус, падзячным пісьмом – спецыяліст па кадрах ТЦСАН Ірына Татарыновіч.
Леанід Калбаса аднагалосна зноў абраны на пасаду старшыні раённай арганізацыі.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ, старшыня пярвічкі райбальніцы,
загадчык рэнтгенаўскага аддзялення:

– У «Белай Русі» мы пакуль першакласнікі. Але медыкі нераўнадушны і вельмі мэтанакіраваны народ, таму сёння папаўняем рады адной з масавых і ўплывовых арганізацый.

Генадзій САКУЦЬ, член савета раённай арганізацыі, дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект»:
– Прыемна быць саўдзельнікам грамадскага жыцця раёна, членам «Белай Русі». Актыўная грамадзянская пазіцыя працуе і на імідж прадпрыемства. Мы разам з іншымі, калі ладзяцца мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця, калі працягваюць руку дапамогі нашым пажылым землякам і дзецям. «Белая Русь» аб’ядноўвае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ