Мак праблем. З 1 чэрвеня па 15 верасня міліцыя ў Ляхавіцкім раёне будзе надаваць пільную ўвагу прафілактыцы распаўсюджвання наркаўтрымліваючых раслін

Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: https://pixnio.com

У адзін з дамоў па вуліцы Савецкай у Тухавічах міліцыянеры завіталі па сваіх пільных справах. Падчас агляду памяшкання натыкнуліся на незаконныя запасы – сцябліны з макаўкамі. Знаходка «пацягнула» на 51 грам. Па словах жанчыны, расліну яна захоўвала для выкарыстання ў кулінарных мэтах і збываць не збіралася. Але такое тлумачэнне не вызваляе ад адказнасці: вырошчванне і захоўванне маку забаронена – і гэта без варыянтаў. У адносінах вяскоўкі 1962 года нараджэння ўзбуджана крымінальная справа.

Пра тое, што мак на градах і ў кветніках – «персона нон грата» (мякка кажучы – непажаданая) праваахоўнікі не стамляюцца нагадваць ужо шмат гадоў. Кожнае лета праходзіць пад знакам спецыяльнай праграмы «Мак».

Вось і сёлета з 1 чэрвеня па 15 верасня міліцыя будзе надаваць самую пільную ўвагу прафілактыцы распаўсюджвання наркаўтрымліваючых раслін: выяўляць і знішчаць дзікарослыя мак і каноплі, незаконныя пасевы гэтых культур на прысядзібных участках.

Напрыклад, летась зарэгістраваны восем фактаў вырошчвання маку і адзін – канапель, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты пяцёра грамадзян.

Дарэчы, такое парушэнне (без мэты збыту ці вырабу наркатычных сродкаў) можа пацягнуць за сабой даволі важкі штраф – да 20 базавых велічынь. Калі ж будзе даказаны намер атрымаць наркотык, то гэта ўжо крымінальная справа: пагражае штраф, арышт, абмежаванне ці пазбаўленне волі.

У мінулым годзе ў раёне выяўлены тры злачынствы па лініі незаконнага абароту наркатычных сродкаў. Нагадваю, што незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў караюцца абмежаваннем волі ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, паўторны факт пацягне на тэрмін да васьмі гадоў.

Выкараніць страшную праблему наркаманіі без дапамогі землякоў вельмі складана. Таму міліцыя звяртаецца да ўсіх грамадзян, якім вядома пра факты вырошчвання маку і канапель, пра асоб, якія нарыхтоўваюць наркаўтрымліваючыя расліны, з просьбай паведаміць гэту інфармацыю ў РАУС па тэлефонах 8-033-640-95-96 (МТС) – оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння ганд- лю людзьмі; 102, 6-09-37 – аператыўна-дзяжурная служба РАУС або вашаму ўчастковаму інспектару. Канфідэнцыяльнасць звестак гарантуецца.

Дзмітрый КОТАЎ,
старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю  і супрацьдзеяння   гандлю людзьмі.