І пайшла я ў лазню…Сёлета на рамонт лазні, абноўкі для яе камунгас патраціў больш за 25 тысяч рублёў

Па чарговым рэдакцыйным заданні – даведацца, у якіх умовах нашы землякі мыюцца-парацца, рушыла на вуліцу Мінскую за лёгкай парай. Адным словам, пайшла я ў лазню. Гарадскую, якая знаходзіцца на балансе камунгаса. Чула, што тут нямала зроблена для камфорту кліентаў. Але, як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто пачуць.
…Майская субота. Стрэлкі на гадзінніку набліжаюцца да 18.00. Над гарадской лазняй дым трубой, на ўладкаванай паркоўцы больш за дзясятак аўтамабіляў, трава на газонах падкошана.
З расчыненых дзвярэй з венікамі пад пахай выходзяць трое задаволеных мужчын: «Што за лазня сёння! Нібы дзясятак гадоў скінулі. Спяшайцеся хутчэй, пакуль пара валіць», – раяць ад душы.

У памяшканні відавочны рамонт (як аказалася, новая «касметыка» накладваецца тут штогадова ў пакоях мыйных і для адпачынку, парылках). Некалькі столікаў, «вясёленькая» вывеска «Банька», халадзільная вітрына з напіткамі, а таксама прапанова мыйных прыналежнасцяў і нядаўняе ноу-хау… вырабы юных майстроў – выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дарэчы, як засведчылі ў камунгасе, сувеніры з ільну, саломкі і іншых матэрыялаў раскупліваюцца нядрэнна.
Ветліва сустракае ама-тараў лёгкай пары гаспадыня лазні – касір Ганна Татарыновіч. Яна ўводзіць у курс справы:
– У суботу лазня працуе з 10 да 21 гадзіны, у нядзелю – з 10 да 17. Звычайна за два дні абслугоўваем каля 180 наведвальнікаў, зімой – больш за 200. Кошт білета – 4 рублі 20 капеек. Трохі танней абыходзіцца сеанс па абанеменце на 10 «візітаў».
Кожнае аддзяленне разлічана на адначасовы прыём 25 чалавек, а ў парылках можа размясціцца да дзесяці.
У лазні акрамя касіра працуюць качагар Андрэй Лапіч (яго задача – не менш за 100-градусную пару), прыбіральшчыкі Сцяпан Буйкевіч і Надзея Болтуць.
– Задаволена – не тое слова, усё цудоўна! А які ветлівы і добразычлівы персанал! Рада, што трапіла сюды. Упэўнена, першы раз не будзе апошнім, – гаворыць настаўніца з Баранавіч Алена Арціменя.
У такім жа цудоўным настроі яшчэ адна яе зямлячка Наталля Вострыкава:
– Пра ляхавіцкую лазню прачыталі ў інтэрнэце, прыехалі і не пашкадавалі. Задаволіла ўсё – ад кошту білета да створаных тут умоў: зручна, кампактна, сучасна.
Увогуле, жыхароў суседняга горада ў лазні нямала. Натуральна, што сярод ляхавічан знойдзецца шмат аматараў, для каго штотыднёвы паход у гарадскую лазню і традыцыйнае «З лёгкай парай!» становяцца не проста чарговым мыццём, а своеасаблівым рытуалам: прыйсці ў адзіночку, з сям’ёй ці з сябрамі. Андрэй Ганчарык і Уладзімір Шэўчык лазню ацэньваюць вышэйшым балам:
– Пара – што трэба, прабірае да костачак. Ніякая хвароба не прывяжацца.
Прадстаўніцы прыгожай паловы не толькі мыюцца-парацца, а накладваюць маскі, робяць іншыя касметычныя працэдуры.
– Дзякуй за лазню, пара ў вас знатная. Нават памаладзеў і паздара- веў, – звяртаецца да касіра чарговы кліент.
Зазірнула я і ў кнігу заўваг і прапаноў. Удзячнасць за ўдзячнасцю: «Дзякуй за клопат» паўтараецца шматразова, толькі розныя прозвішчы і адрасы – Ляхавічы і раён, Баранавічы, Барысаў…
Не дзіўна, што захацелася прыйсці сюды не па журналісцкім заданні, а проста з венічкам – папарыцца. Што і зраблю ў кампаніі з сяброўкамі.

За 5 месяцаў гэтага года паслугамі ляхавіцкай лазні скарысталіся 2920 чалавек.
Камунгас працуе над павышэннем рэнтабельнасці лазневых паслуг. Адзін са складнікаў вырашэння гэтай задачы – зрабіць лазню максімальна прыцягальнай для кліентаў.


Галіна КАНЬКО.