Імя не ўстаноўлена. Але гэта не канчаткова

У гэтым годзе мы адзначаем 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вайна пакінула глыбокія раны ў душах і сэрцах людзей, не абмінула ніводнага дома. Шлях да перамогі быў доўгім, цяжкім, самаахвярным.

28 мая прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый раёна перадалі ў музей баявой і працоўнай славы СШ № 2 новыя экспанаты: лыжку, ключ, кулю, сцізорык. Гэтыя рэчы знойдзены на месцы пахавання невядомага салдата каля вёскі Мазуркі падчас раскопак.
Што адбылося ў той чэрвеньскі дзень 1941 года каля Мазурак, вядома ў тым ліку са слоў мясцовых жыхароў, расказаў старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць.
На ўскрайку вёскі жыла сям’я Гурман, якая была відавочцам першых баёў Вялікай Айчыннай на тэрыторыі нашага раёна. Баёў цяжкіх, у якіх шмат чалавек загінула. Толькі каля вёскі Завінне пахавана больш за 200 чырвонаармейцаў.
24 чэрвеня 1941 каля вёскі немцы падбілі савецкі танк. З падпаленай машыны выскачыў малады баец, але яго дагнала нямецкая куля…
Мясцовыя жыхары дачакаліся глыбокага вечара і з рызыкай для ўласнага жыцця (за такое немцы маглі расстраляць ўсю сям’ю) пахавалі байца пад маладой сасонкай. Пасля вайны на ёй прымацавалі чырвоную зорачку, насыпалі пагорак, даглядалі магілу, ускладалі кветкі.
Пазней, падчас раскопак, было пацверджана, што гэта сапраўды месца пахавання салдата, тут жа знойдзены рэшткі ботаў, лыжка, ключ, сцізорык, куля, а яшчэ медальён-капсула. Але, на жаль, лісток з данымі салдата не быў запоўнены.
У ваенны час некаторыя байцы лічылі дрэннай прыкметай запаўняць такія медальёны. Але невялікая зачэпка ўсё ж засталася. У паглыбленні лыжкі былі надрапаны вялікія літары О.П.Е і пачатак прозвішча – «Онищ/ш».
У 1986 годзе адбылося перапахаванне астанкаў невядомага салдата ў брацкую магілу на плошчы Перамогі ў Ляхавічах.
Мікалай Юруць па-спрабаваў у 90-я гады высветліць прозвішча бай- ца – пісаў у розныя інстанцыі Кіева, Масквы, Мінска, цэнтральныя газеты, архівы. Імя не ўстаноўлена, гучала ў адказах.
Зараз знойдзеныя пры тых раскопках рэчы перададзены ў школьны музей. Ёсць надзея, што імя салдата не застанецца невядомым. З мільёнаў імёнаў герояў Вялікай Айчыннай саткана вялікае слова – Перамога.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара
.БОЛЬШ ФОТА ТУТ