Партрэт на доўгую памяць

Вольга Мурочак.

З задавальненнем чытаю раёнку, якая расказвае шмат цікавага. І не толькі пра тое, як землякі жывуць сёння, а і пра тое, як нам жылося раней. Зараз, на пенсіі, хапае часу, каб успомніць былое. І вельмі захацелася падзяліцца ўспамінамі са сваёй газетай.

Дзяцінства маё прыпала на Вялікую Айчынную вайну. Памятаю, як немцы хадзілі па хатах, у нас на хутары ў Счаснавічах таксама; як мы баяліся, галадалі, чакалі сваіх салдатаў. Калі бацька вярнуўся з фронту, пайшла ў першы клас. Усе мы там сабраліся, як гавораць, голыя-босыя, але стараліся добра вучыцца. У мяне і троек не было, надта любіла матэматыку і марыла вучыцца далей. Але дзесяцігодкі паблізу не аказалася, а недзе ехаць за навукай бацькі не пусцілі – грошай не хапала. У тутэйшай гаспадарцы, дзе бацька брыгадзірыў, патрэбны былі працоўныя рукі. Я і пайшла.

Прыйшоў час, і ў суседняй вёсцы сустрэла свой лёс. Ажаніліся з Міхаілам Мурочкам. Як усе, будаваліся, гадавалі дзяцей. Наш саўгас тады быў вельмі заможны, старанныя работнікі мелі немалыя грошы, пачалі добра жыць. Не расказаць,  як я старалася! Тры кіламетры  да нашай фермы «Гарлеўшчына»  не хадзіла –  амаль бегала.Няпроста даводзілася – усё  ўручную,  але спраўляліся.

І  сёння прыемна  ўспомніць,  што начальства  мяне цаніла,  штогод давалі падарункі,  уручалі граматы,  партрэт вісеў на Дошцы гонару.  І ў газеце пісалі пра мяне,  пра сябровак,  пра нашу свінаферму.

Той нумар  «Будаўніка камунізму»  за 20 красавіка 1989 года,  дзе змясцілі мой, перадавой свінаркі, партрэт, беражліва захоўваю вось ужо тры  дзесяцігоддзі. Час  праляцеў,  нават азірнуцца  не паспелі. Дочкі пайшлі замуж,  мой Міхаіл памёр,  так што дома засталася адна.  Ды і ўзрост усё больш нагадвае пра сябе хваробамі —  як-ніяк ужо 84.

Але ў нас у Начы цудоўныя медыкі – не забываюцца пра мяне, часта адведваюць. Ва ўсім дапамагаюць сын з нявесткай, якія жывуць недалёка: і ў хаце прыбяруць, і дровы нарыхтуюць, і
вады наносяць. А яшчэ шмат гадоў у мяне балела душа за тутэйшую гаспадарку: не сакрэт, што наша «Нача» перажывала не лепшыя часы, мяняліся  наезджыя кіраўнікі. І зусім няпроста даводзіцца цяперашняму дырэктару Мікалаю Сямёнавічу Тарлюку. 
Але ён сапраўдны кіраўнік – мудры,гаспадарлівы, з людзьмі гаварыць умее. З ім «Начы» зноў па сілах быць лепшай у раёне.

Вольга МУРОЧАК, в. Перахрэсце.