Прызванне і прызнанне. Свой юбілей адзначае выдатны ляхавіцкі ўрач

Сяргей Сяржантаў шмат гадоў працаваў урачом-анколагам разам з медсястрой Аленай Ходар

Сам урач, сын і дачка ўрачы, жонка – медсястра. Прозвішча гэтай дынастыі – Сяржантавы. І яно добра вядома ляхавічанам, у першую чаргу, па Сяргею Міхайлавічу. Менавіта ён – нагода гэтых радкоў, правільней, адна важная акалічнасць – юбілей, які прыпадае на трыццаць першы майскі дзень.

Не тутэйшы па месцы нараджэння, аднак ляхавіцкі па самым падзейным і змястоўным адрэзку асабістай жыццёвай дыстанцыі, Сяргей Сяржантаў прыехаў сюды маладым трыццацітрохгадовым галоўным урачом. Дастаткова сказаць, што пры ім узводзіўся новы тыповы будынак райбальніцы, які і сёння выглядае і з’яўляецца даволі сучасным і камфортным і для пацыентаў, і для медперсаналу. 

Экзамен на прафесіяналізм Сяргей Міхайлавіч здаваў штодня і як урач хірург. Пасада кіраўніка медыцынскай службы раёна з яе бясконцымі клопатамі, абавязкамі, задачамі не стала перашкодай для ўрачэбнай практыкі. Больш як чвэрць стагоддзя – галоўны ўрач, потым – хірург, хірург-анколаг. І заўсёды ўважлівы да пацыентаў, заўсёды не проста профі ў белым халаце, які абследуе, ставіць дыягназ, назначае лячэнне. Ён у абавязковым парадку вучыў, як пазбегнуць захворвання ці як не прапусціць першыя сімптомы нядуга. Калі пагартацць падшыўкі раёнкі, можна знайсці шмат публікацый за подпісам урача Сяргея Сяржантава, і гэта артыкулы менавіта па прафілактычнай тэматыцы. 

Медыцынская прафесія абавязвае, патрабуе іншы раз быць звышчалавекам, як само сабой зразумелае забірае выхадныя дні, пакідае на рабочым месцы значна пазней часу дзяжурства… 

Усё гэта Сяржантаў праходзіў і не лічыў нічым надзвычайным. Дарэчы пажартаваць, маўляў, хто на што вучыўся. Наш герой – на доктара. І ці не лепшым аргументам за яго адданасць прафесіі і любоў да яе з’яўляецца факт: Сяргей Сяржантаў-малодшы і Таццяна Сяржантава (вы зразумелі, што гэта дзеці Сяргея Міхайлавіча і Валянціны Іванаўны) сталі ўрачамі.

З юбілеем, Сяргей Міхайлавіч!

Вольга Святлова