Абвінавачваецца цыгарэта. 31 мая ў календары здароўя пазначана як Сусветны дзень без тытуню

Сёлета яго тэма – «Тытунь і хваробы лёгкіх». «ЛВ» пацікавіўся, чаму медыкі катэгарычна супраць курэння і як да шкоднай звычкі ставяцца нашы землякі

Таццяна МАЛЯР, урач-фтызіятр:
– Як урач, жанчына, маці адмоўна стаўлюся і да курэння, і да курцоў. У маёй сям’і ніхто не сябруе з цыгарэтай. Бальніца аб’яўлена зонай некурэння. Лічу, што медыкі павінны ўласным прыкладам паказваць пацыентам свае негатыўныя адносіны да шкоднай звычкі.
Дзень без тытуню – яшчэ адна нагода ўспомніць пра тое, што курцы надзвычай рызыкуюць захварэць анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі, многімі іншымі хваробамі. Даказана сувязь паміж курэннем і туберкулёзам. У тубкабінеце райбальніцы на ўліку знаходзіцца 47 жыхароў раёна, чацвярым з іх дыягназ «туберкулёз» пастаўлены сёлета.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ, загадчык рэнтгенаўскага аддзялення ЦРБ:
– Па рэнтгенаўскім здымку не вызначыш, курыць чалавек ці не. Аднак, са стапрацэнтнай упэўненасцю адзначу: курэнне і ўздзеянне на арганізм тытунёвага дыму павышаюць рызыку развіцця многіх хвароб, у прыватнасці, раку лёгкіх, хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, прыводзіць да астмы, правакуе бранхіты, пнеўманію. Я ніколі не курыў і нікому не раю пачы- наць – сабе даражэй і ў плане здароўя, і ў фінансавым.

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК, начальнік РАУС:
– У студзені Прэзідэнт падпісаў Дэкрэт № 2, які ўдакладняе Дэкрэт № 28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў». Змяненні ўступаюць у сілу 27 ліпеня і, у тым ліку, поўнасцю забараняюць курэнне ў пад’ездах дамоў, ліфтах, на дзіцячых пляцоўках, рабочых месцах, у памяшканнях і на тэрыторыях спартыўна-аздараўленчых лагераў, устаноў адукацыі, на аўтобусных і чыгуначных прыпынках і г.д. Парушальнікі будуць несці адміністрацыйную адказнасць. Дарэчы, РАУС – даўно свабодная ад курэння зона.

Аляксей КОКТЫШ, ляхавічанін:
– 30-гадовы стаж курца я асэнсавана валявым рашэннем завяршыў. Іншага выхаду не было: пасля аперацыі ўрачы катэгарычна парэкамендавалі кінуць цыгарэту. Здолеў сказаць «не» назаўсёды. За апошнія 8 гадоў не зрабіў ніводнай зацяжкі і неаднойчы задаваўся пытаннем, як мог калечыць сябе столькі гадоў. Сёння гляджу на тых, хто курыць, і не ра- зумею, навошта яны гэта робяць.

Галіна Паўлаўна, ляхавічанка:
– Выходжу з кватэры – суседзі па пад’ездзе то на адным паверсе, то на другім кураць на лесвічнай пляцоўцы. Неаднойчы рабіла заўвагі. Большасць іх рэагуе адэкватна, але ёсць і такія, каму ўсё роўна.

Максім, жыхар раёна:
– Мне 27 гадоў. Куру з 17-ці. Разумею, што гэта шкодна не толькі для мяне, але і для тых, хто побач. Бацькі даўно заклікаюць перастаць курыць. І скажу, што я амаль гатовы на гэты крок.

Па даных СААЗ, у Беларусі кураць каля двух мільёнаў чалавек. Пры гэтым штодня каля 40 жыхароў краіны паміраюць ад хвароб, звязаных з курэннем, трое-чацвёра з іх – пасіўныя курыльшчыкі.

Галіна КАНЬКО.