Таму што люблю

Лавачка ў вераснёўскім яблыневым садзе. Неба начное са знаёмым малюнкам сузор’яў. Падміргвае коўш Вялікай Мядзведзіцы, зусім блізкай здаецца Палярная. Стагоддзі таму, магчыма, з гэтага ж месца глядзеў у начное неба хтосьці з першых ляхавічан са сваімі думкамі-марамі, са спрадвечнымі пытаннямі: што там, наперадзе, як там, у будучыні?

Многа-многа гадоў — паняцце адноснае. 520 для планеты Зямля — імгненне, для нашых маленькіх Ляхавіч — біяграфія, ад пачатку да сёння і з працягам, канешне, з заўсёдным аднаўленнем, з пераменамі і гарадскога пейзажу, і дзеючых асоб жыцця. Старажылы памятаюць даўнейшы гарадок: на вуліцы Леніна на месцы сённяшніх шматпавярховак туліліся маленькія домікі, як і на 17-га Верасня, дзе цяпер гарадскі фантан. На Савецкай былі пошта, пажарная, потым станцыя хуткай дапамогі. Магазін «Меркурый» заняў месца колішняй чайной, а ў парку туліўся маленькі будынак аўтастанцыі, побач летам прадавалі газіроўку з сіропам і марожанае. На танцпляцоўцы паміж Камсамольскай і Замкавай па выхадных іграў духавы аркестр, на сённяшняй Южакова гаманіў гарадскі рынак. А па гудку кансервавага завода можна было звяраць гадзіннік.

Гадоў за 50 таму не было сённяшніх школьных «рэзідэнцый», кінатэатра «Кастрычнік», рэстарана «Ластаўка», плошчы Леніна з будынкам раённай адміністрацыі, райбальніцы ў цяперашнім яе фармаце… Сталыя ляхавічане памятаюць пераезд царквы на месца, адкуль сёння плывуць велічныя гукі праваслаўных званоў, а больш маладыя — і будаўніцтва касцёла. Райцэнтраўскімі абноўкамі сённяшніх дзён называем наваселлі загса і цэнтра дадатковай адукацыі, ТЦСАН, аддзела фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, гарадскога Дома культуры, жылы мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай, сучаснае аблічча мікрараёна Южакова-Будаўнікоў, вуліцы Дзесюкевіча…

На старых фотаздымках у альбомах ляхавічан — тое, што было, на ватмане ў архітэктараў — у чарцяжах і малюнках — што будзе, а навідавоку — што ёсць. І ўсё гэта — нашы Ляхавічы. Іх шчырая дружалюбнасць і гасціннасць складаецца з 11 тысяч поўных любові сэрцаў — столькі нас, жыхароў райцэнтра. На жаль, не падлічыць — можна толькі ўявіць — колькі раз’ехалася-разляцелася па свеце, але з пяшчотай у душы да сваёй маленькай радзімы.

Зямля, зямляне, землякі — такая вось ступень роднасці, асаблівая і бясспрэчная, не дакументальная — сардэчна-дастатковая. Недзе на іншым кантыненце гняздуюцца ружовыя фламінга, а на нашай рачулцы з дзівоснай назвай Ведзьма жывуць лебедзі. На белых-белых з сонейкам у сярэдзіне рамонках дзяўчаты варожаць: кахае-не кахае. Юныя мамы і таты з каляскамі, бясконца добрыя і мудрыя бабулі-дзядулі з унукамі, дэмабілізаваны салдацік, які спяшаецца дадому — да бацькоў, да сваёй адзінай, смяшлівыя стайкі школьнікаў — як да твару ўсё гэта майму гораду. З колькіх лёсаў і падзей складаецца яго лёс, з колькіх напісаных, а часам прагучаўшых толькі ў душы вершаў — яго паэма, пакладзеных на ноты ці выкананых кроплямі дажджу, сонечным смычком, на струнах вясёлкі, на клавішах пачуццяў — яго элегія, саната, араторыя. У назвах вуліц — сама гісторыя, каго шануем — не забываем. Назаўсёды ляхавічанамі сталі і тыя, чые прозвішчы выбіты на мармуровай дошцы ля помніка загінуўшым у час вайны вызваліцелям горада, што на плошчы Перамогі. Іх подзвіг падарыў нам жыццё. Іх прозвішчы вярнулі з небыцця юныя следапыты пад кіраўніцтвам вельмі нераўнадушнага педагога.

…Чытала сачыненні сваіх юных землякоў, дасланыя на творчы конкурс, прысвечаны 520-годдзю нашага горада. І хораша было на душы ад дзіцячай шчырасці, непасрэднасці, ад захаплення, жадання падзяліцца эмоцыямі, расказаць пра сваё бачанне Ляхавіч і ляхавічан. Зусім неабавязкова, каб гучала слова «патрыятызм», важна, каб гэта пачуццё было.

У далёкай паездцы на пытанне, адкуль, называю свой горад. «Ляхавічы? Дзе гэта?» — і з асалодай цытую шчымлівае бадакоўскае: «Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы… Палюбіў бы маленькую вясёлую рачулку Ведзьма»… і далей, далей. Такія радкі магла прадыктаваць толькі любоў. Зноў паўтару іх. Таму што люблю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *