Управа на травы. Зялёны канвеер «Ляхавіцкага» працуе без паўз

Убраць усё да травінкі – зусім не азначае справіцца з задачай. Залік па пытаннях першага «раздзелу» корманарыхтоўкі можна атрымаць, калі зрабіць гэта ў кароткі тэрмін і ў сяброўстве з тэхналогіяй.

Механізатар Сяргей Шпак.

Надвор’е апошнім часам заадно з аграрыямі: дае магчымасць касіць, падвяліць-падсушыць-уладкаваць на захоўванне. Па даных райсельгасхарчу, скошана каля 36 працэнтаў зялёных угоддзяў.

Асноўны клопат – сянаж, якога ў цэлым па раёне нарыхтавана каля 11 тысяч тон – закладзена ў траншэі і загорнута ў поліэтылен. «Белпрампрыбор» падобным метадам нарыхтаваў, па стане на 3 чэрвеня, 400 тон прадукту. Там працуюць толькі так. У адрозненне ад СВК «Ляхавіцкі», дзе паралельна з траншэйным спосабам нарыхтоўкі сенажу на палетку працуюць і прэсы рулонаабмотчыкі.

За работай зялёнага канвеера «Ляхавіцкага» мы мелі магчымасць назіраць. У той дзень касілкамі кіравалі два Сяргеі – Алейнік і Шпак. Пачынаюць з самага ранку і – дапазна.

На падборы завіхаюцца камбайнеры Алег Шклянік і Валерый Ракашэвіч. Нехта заняты на адвозцы здробненай масы, варожыць над траншэяй. І ўсё гэта – адзіны, збалансаваны ў звеннях, адладжаны вытворчы канвеер пад назвай уборка траў першым укосам.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА