І ў службу, і ў дружбу. У Ляхавіцкім раёне 75 сацыяльных работнікаў абслугоўваюць 567 пажылых землякоў у 76 населеных пунктах

Дзе можна сустрэць гэтых нераўнадушных людзей? Па многіх адрасах клопату і ўвагі. У паліклініцы выпісваюць рэцэпт на лякарства сваім падапечным, у магазіне для іх жа купляюць прадукты, на пошце аплачваюць камунальныя паслугі і г. д.
З сацработнікам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Аксанай Казловай знаёміцца давялося ў райбальніцы – там яна не здароўе папраўляла, а пасля лячэння адной са сваіх бабуль забірала яе дадому на ўласным транспарце.

Мабільнасць – гэта пра Аксану. Для яе не праблема ў любы час пад’ехаць адведаць тых, каго апякае: пад рукой і веласіпед, і аўтамабіль:
– Гэта ж пажылыя людзі, з рознымі праблемамі і не заўсёды з добрым станам здароўя. У адных прыбяру ў доме, прыгатую паесці, зімой распалю печку, расчышчу ад снегу двор, з іншымі пагаворым «за жыццё», – дзеліцца Аксана Казлова.
На яе абслугоўванні 11 чалавек з Пашкоўцаў, Рачканаў, Мыслабажы, Русінавіч і Тальмінавіч. Дачушкай ці Аксанкай для сваіх падапечных стала амаль 11 гадоў назад, калі пераквалі-
фікавалася з майстра ткацкай вытвор-часці ў сацработніка. У справу ўлілася лёгка – сказалася выхаванне ў мнагадзетнай сям’і, дзе клопат пра іншых закладваецца з дзяцінства.
Надомнае сацыяльнае абслугоўванне могуць аформіць не толькі адзінокія пенсіянеры і інваліды, але і тыя, хто мае працаздольных дзяцей. Гэта акалічнасць уплывае на памер аплаты за паслугі сацыяльнага работніка. Медыкі даюць заключэнне, што чалавек мае патрэбу ў надомным абслугоўванні і што да гэтага няма супрацьпаказанняў. Далей шлях ляжыць у ТЦСАН, дзе замацуюць сацыяльнага работніка і растлумачаць умовы, на якіх ён будзе прыходзіць.


…Галіна Шпак з Тальмінавічаў Аксану чакае з нецярпеннем. Разам яны кветкаводствам займаюцца.
Кветкі, сцвярджае гаспадыня, для яе не хобі – любоў. У пакоі сапраўдная аранжарэя. Раней тут красаваліся за семдзесят вазонаў, зараз засталося дзясяткі два. Галіна Мікалаеўна па нараджэнні масквічка, але прыкіпела да аграгарадка душой, тут выраслі сыны. Не адно дзесяцігоддзе гатавала абеды школьнікам і механізатарам, была загадчыцай сталовай. Землякі і сёння ўспамінаюць яе піражкі з павідлам.
Цяпер здароўе не тое, як-ніяк 85 гадоў, але трымае курэй і мяркуе абзавесціся гусямі.
Пра сацыяльнага работніка, з якім пасябравала гадоў восем назад, гаворыць з цеплынёй:
– Добрасумленная, адказная, чулая, працавітая мая Аксана. Не ўяўляю, як бы без яе абыходзілася.
Да справы сацработнік прыцягвае і ўласных дзяцей. Іх трое ў сям’і Аксаны і Вадзіма Казловых. Старэйшая Валерыя вучыцца ў восьмым класе і на канікулах дапамагае маме па рабоце. Дзяўчынка расце нераўнадушнай і творчай, вучыцца ігры на скрыпцы, займаецца лёгкай атлетыкай. Кірыл – другакласнік, Мацвей – на год малодшы за брата. Хлопцы ва ўсім бяруць прыклад з бацькі, у якога залатыя рукі. А нядаўна Казловы атрымалі кватэру па завулку Фестывальным у райцэнтры. Даўняя мара сям’і – уласнае жыллё – ажыццёўлена, што немалаважна, дзякуючы дзяржаўнай субсідыі ў размеры 75 працэнтаў ад кошту кватэры.
А летась партрэт сацработніка Казловай упрыгожыў раённую Галерэю славы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Маргарыты КУХТА.