Купляйце ляхавіцкае! Смачна!

Кожны горад мае сваю адметнасць: гістарычную, архітэктурную, прамысловую, нават кулінарную. Заходзячы ў магазін, хуткім позіркам аглядаеш вітрыны. І сярод багацця і разнастайнасці асартыменту харчовых тавараў на паліцах гандлёвых кропак у самых розных гарадах і вёсках бачыш: сваё пачэснае месца на іх займае прадукцыя Ляхавіцкага малочнага і кансервавага заводаў. Яна не проста запатрабаваная і карыстаецца вялікай папулярнасцю ў спажыўцоў — яе шукаюць, пра яе пытаюць, яе выбіраюць з шэрагу аналагічнай.

Гісторыя горада непарыўна звязана з гісторыяй заводаў. Рос горад — развіваліся і набіралі магутнасць прадпрыемствы. Кансервавы — адно са старэйшых у райцэнтры. Пачатак дзейнасці быў пакладзены ў чэрвені 1949 года. Сёння, праз 63 гады прадпрыемства прапаноўвае спажыўцу каля 100 найменняў агароднінных, таматных і фруктовых кансерваў. Ляхавіцкія сокі, нектары, павідла, агароднінныя закускі, абедзенныя стравы, таматныя соусы ахвотна купляюць у нашай краіне і за яе межамі. Бадай у кожнай сям’і ёсць свая любімая страва ад мясцовага кансервавага.

Чым тлумачыцца такая папулярнасць? Безумоўна выкарыстаннем толькі натуральнай і якаснай сыравіны, выдатным смакам і прымальнай цаной.

«Смак, знаёмы з дзяцінства» — гэта пра наш малочны завод. Малако, кефір, тварожныя вырабы, сметанковае масла, дэсерты — гэтую і іншую прадукцыю гандлёвай маркі «Ляхавічок» палюбілі ў многіх беларускіх сем’ях. Частка асартыменту адпраўляецца на экспарт — у Расію, краіны Еўропы, ЗША і г.д.

Формула поспеху прадпрыемства — пастаянная праца над удасканаленнем тэхналогій, мадэрнізацыя вытворчасці, дзейсны клопат пра якасць прадукцыі. Дарэчы, на заводзе перапрацоўваюць каля 130 тон малака ў суткі, тут цалкам безадходная вытворчасць. Асвоены выпуск больш як 65 найменняў малочнай прадукцыі. Усё смачнае, якаснае, карыснае для здароўя, натуральнае.

А пачыналася прадпрыемства са структурнага падраздзялення Ляхавіцкага раймаслапрама Баранавіцкага маслатрэста ў пасляваенны час.

Працай людзей славіцца горад. А горад, у сваю чаргу, услаўляюць рукі яго непераўзыдзеных майстроў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *