А на Ціхай спяваюць салаўі. «Медуніца» з Набярэжнай прапаноўвае разнастайны адпачынак, у тым ліку з турыстычным ухілам


Марыце трапіць у царства некранутай прыроды, прайсціся па расістых лугавых травах, акунуцца ў крыштальную ваду сажалкі, надыхацца лясным паветрам? А яшчэ вы не супраць з камфортам адпачыць, папарыцца ў лазні, пагуляць у тэніс ці більярд, пракаціцца на веласіпедзе, паблукаць па краязнаўчых сцяжынках і нават зазірнуць у тайны гісторыі – сумясціць прыемнае з карысным? Тады вам у аграсядзібы Ляхавіцкага раёна, у тым ліку – у «Медуніцу»! Апошнім часам агратурызм надзвычай папулярны не толькі сярод жыхароў нашай краіны, але і замежных гасцей.

…Усяго некалькі кіламетраў ад райцэнтра (на аўтамабілі хвілін 10 язды) – і мы ў вёсцы Набярэжная, на вуліцы Ціхай, 27,
у кутку дамашняга камфорту і прыроднай утульнасці. Добраўпарадкаванасць вакол кампактнага двухпавярховага доміка, сажалка з лодкай, побач бераг Шчары. На дрэвах – цэлы лесагарадок для птушак, наваколле з самай раніцы напаўняецца рознагалосымі трэлямі.
Любіце шашлыкі ці барбекю? Калі ласка, абсталявана пляцоўка з мангалам і ўсім неабходным для абеду ці вячэры на свежым паветры. Аддаяце перавагу стравам, прыгатаваным у печцы? І такая магчымасць прадугледжана.
Аматары рыбалкі таксама ацэняць мясцовыя зручнасці і перавагі. У якасці ўлову – не толькі карпы, а і карасі, шчупакі, ліні, акуні.
У «Медуніцы» паклапаціліся пра аматараў здаровага ладу жыцця. Вясной, летам і восенню – лазня, прагулкі на веласіпедзе, ціхае паляванне – збор ягад, грыбоў, лекавых раслін, зімой – катанне на лыжах. Можна проста пасядзець на беразе Шчары, памарыць, падумаць. А раніцай палюбавацца незабыўнай карцінай – ні з чым непараўнальным нара-джэннем новага дня.


Зазірнём у домік, падобны на церамок, але не цесны – 12 спальных месцаў. Тут усё для зручнасці адпачываючых: аддзелка з натуральнага дрэва, пакоі абстаўлены сучасна і камфортна. На другім паверсе – більярдная зала. Паклапаціліся гаспадары «Медуніцы» і пра тых, хто не ўяўляе жыццё без чытання: у невялікай бібліятэцы выданні самых розных жанраў і аўтараў. Пасядзець з кнігай ля каміна ва ўтульным крэсле –  калі ласка.


– Ідэю стварэння аграсядзібы абдумваў доўга, вырашыў:
ёй быць, і ўвасобіў у жыццё. Больш як дзесяцігоддзе наша «Медуніца» гасцінна прымае шматлікіх гасцей, – расказвае гаспадар аграсядзібы Аляксандр Панфіла.
Тут ужо адпачнулі больш за тры тысячы чалавек. «Медуніца» папулярная і запатрабаваная не толькі сярод землякоў. Бываюць госці з блізкага і далёкага замежжа: расіяне, амерыканцы, італьянцы, швейцарцы, палякі, немцы, літоўцы, латышы і нават жыхары Паўднё-
ва-Афрыканскай рэспублікі.


Большасць з іх пра аграсядзібу даведаліся праз інтэрнэт, з яе ўласнай старонкі ў сусветнай павуціне.
Турысты прыязджаюць сюды круглы год, але найбольш летам.
А вось разнастайныя банкеты, карпаратывы, сямейныя святы і юбілеі не маюць сезонных межаў: масавы адпачынак з культурнай праграмай у гэтай аграсядзібе надзвычай папулярны.
Здавалася б, справы ідуць няблага, і гаспадару «Медуніцы» можна асабліва не задумвацца пра пашырэнне агратурыстычнага бізнесу. Аднак, Аляксандр Панфіла не з тых, хто спыняецца на дасягнутым. Ён сам захапляецца гісторыяй і прапануе падарожжа ў яе сваім гасцям.
– У гэтых мясцінах праходзіла абарончая лінія Першай сусветнай вайны, да нашых дзён захаваліся старыя доты і дзоты. Калі адпачываючыя выказваюць жаданне, то праводжу экскурсіі па гэтых мясцінах. Тэма цікавая не толькі беларусам, але і замежным турыстам, — расказвае гаспадар аграсядзібы.
Што за «Медуніца» без мёду? Ёсць тут невялікі пчальнік. Можна не толькі пакаштаваць ліпавага, грэцкага, майскага, рапсавага мядку, але і самому паўдзельнічаць у яго выкачцы. Галоўнае – трапіць сюды ў сезон.

ФАКТ

На тэрыторыі раёна на пачатак года зарэгістравана восем аграсядзіб, у якіх летась адпачылі 1747 чалавек. Па даных падатковай службы, за мінулы год аграэкасядзібы раёна зарабілі больш за 49 тысяч рублёў.


Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.