Будзем балець за нашых. За брастаўчан – асабліва

Брэсцкую вобласць на II Еўрапейскіх гульнях прадставяць 23 спартсмены, якія выступяць у дзевяці відах спорту. Такая інфармацыя агучана на прэс-канферэнцыі ў абласным цэнтры падтрымкі спорту

Прадстаўнікі рэгіёна заяўлены на спаборніцтвы па акрабатыцы, бадмінтоне, баскетболе, веласіпедным спорце, веславанні на байдарках і каноэ, каратэ, лёгкай атлетыцы, кулявой стральбе і пляжным футболе.
«Спадзяюся, што брэсцкія спартсмены будуць дастойна выглядаць у камандзе Беларусі і пакажуць максімальны вынік. Усе арганізацыйныя, тэхнічныя пытанні вырашаны. Спартсмены атрымалі ўсё тое, што ім было трэба для падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. Засталося адно – паказаць вынік», –
падкрэсліў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк.
Месца ў складзе зборнай Брэсцкай вобласці заваявалі і маладыя, і вопытныя спартсмены. Сярод іх веласіпедыстка Алена Амялюсік, байдарачнік Алег Юрэня, лёгкаатлеткі Таццяна Халадовіч і Эльвіра Герман.
У камандзе рэгіёна і Юрый Шчарбацэвіч (кулявая стральба). Ён з’яўляецца шматразовым чэмпіёнам Еўропы, прызёрам сусветных першынстваў, у яго актыве выступленні на трох алімпіядах і I Еўрапейскіх гульнях у Баку.
«На Еўрапейскіх гульнях будуць разыгрывацца ліцэнзіі. Напэўна, гэта нават больш важная задача, чым заваяваць медаль. Квота на Алімпійскія гульні – перш за ўсё, – сказаў спартсмен. – Кожны спартсмен па-рознаму ўспрымае выступленне на дамашнім старце: камусьці гэта дапамагае, іншым можа перашкодзіць. Думаю, для мяне гэта не стане перашкодай».
Віцэ-губернатар адзначыў, што Брэсцкая вобласць ужо далучылася да мультыспар-тыўнага форуму, першай сустрэўшы эстафету агню «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў. Па яго словах, гасцініцы, аб’екты прыдарожнага сэрвісу ў поўнай меры гатовыя да прыёму гасцей. Тураператары рэгіёна распрацавалі больш за 40 экскурсійных праграм з наведваннем спартыўных аб’ектаў. Падчас гульняў у вобласці намечана правесці звыш 20 мерапрыемстваў – фальклорных, танцавальных фестываляў, спартыўных святаў. Падчас II Еўрапейскіх гульняў на стадыёне «Брэсцкі» будзе арганізавана фан-зона з трансляцыяй спаборніцтваў з Мінска і забаўляльнай праграмай для балельшчыкаў і турыстаў рэгіёна. Гэтая пляцоўка адкрыецца 21 чэрвеня. Яна будзе працаваць з 17.00 да 23.00. У дні цыры-моній адкрыцця і закрыцця мультыспартыўнага форуму – з 17.00 да 00.30.

У ТЭМУ

На пачатку вясны фонд «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» аб’явіў пра супрацоўніцтва з вядучым дадаткам для свабодных і бяспечных зносін Viber. Была запушчана афіцыйная суполка мультыспартыўнага форуму на платформе дадатка і выпушчаны яркі стыкерпак з Лесікам. А ўжо праз некалькі тыдняў стала зразумела, што супрацоўніцтва аказалася не толькі ўзаемавыгадным, але яшчэ і запатрабаваным сярод будучых балельшчыкаў ІІ Еўрапейскіх гульняў.
Суполка кантынентальнага форуму хутка набрала ўражальную колькасць падпісчыкаў і выйшла на першае месца ў Беларусі. Па даных на 4 чэрвеня
ІІ Еўрагульнямі ў Viber цікавяцца больш за 459 тысяч чалавек, а за апошнія 30 дзён афіцыйную суполку наведалі больш за 2 мільёны карыстальнікаў. Большасць падпісчыкаў – гэта жыхары Беларусі, Расіі і Украіны, хаця геаграфія тых, хто цікавіцца Гульнямі, шырокая і прыцягвае нават жыхароў тых краін, чые спартсмены не ўдзельнічаюць у форуме.

БЕЛТА.