Тэарэтычна- практычная абавязковасць

Выкарыстана ілюстрацыя

Бяспека – базіс, розныя спосабы і метады атрымання прыбытку – усяго толькі надбудова. І гэта норма, калі на прадпрыемствах кожная планёрка не абыходзіцца без выступлення інжынера па ахове працы.

З інфармацыі пра такіх спецыялістаў у арганізацыях раёна пачала справаздачу на пасяджэнні райвыканкама, на якім разглядалася пытанне аб стане работы па ахове працы ў арганізацыях раёна, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзіяна Трысцень. Як прагучала, укамплектаванасць гэтымі спецыялістамі складае 92 працэнты. Пры нарматыўнай патрэбнасці ў 26 штатных адзінках вакантнымі застаюцца пасады другога інжынера па АП у райаграсэрвісе і «Шляху новым». У шасці арганізацыях раёна адукацыя тых, хто знаходзіцца на гэтай пасадзе, не адпавядае нарматыўным кваліфікацыйным патрабаванням. Профільныя спецыялісты ААТ «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі» праходзяць перападрыхтоўку ў спецыялізаванай ВНУ.
Вучыцца, вучыць, ажыццяўляць кантроль тэарэтычных ведаў і дакладнасць іх выканання на практыцы – адно са звенняў формулы работы раённай сістэмы аховы працы. З пачатку года раённая камісія па праверцы ведаў па АП збіралася двойчы менавіта з экзаменацыйнай мэтай. Ацэнку ведаў прайшлі 45 адказных асоб прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна. У мінулым годзе камісія пашырыла фармат, дабавіла мабільнасці ў сваёй рабоце (праводзілася і выязная праверка ведання кіраўнікамі і спецыялістамі пытанняў і правілаў АП), інструктажы і г.д.
За 4 месяцы мабільная група райвыканкама правяла 38 рэйдаў. На жаль, і ў будаўніцтве, і ў аграпрамысловым і прамысловым комплексах, малым бізнесе ўсе рэйды не абыходзіліся без заўваг. Галоўная мэта мабільнай групы – аказанне суб’ектам гаспадарання практычнай, метадычнай дапамогі ў пытаннях забеспячэння захавання заканадаўства аб ахове працы.
Сярод асноўных парушэнняў – адсутнасць супраць-адкатных упораў у працэсе рамонту аўтамабіляў-трактароў, выкарыстанне ў якасці падставак драўляных калодак замест спецыяльных прыстасаванняў, адсутнасць ахоўных кожухаў на карданных, ланцуговых, рамянных перадачах.
Самае сумнае, калі тое або іншае парушэнне мае працяг – чалавек атрымлівае траўму на працоўным месцы. З пачатку года ў арганізацыях раёна адбыліся тры няшчасныя выпадкі на вытворчасці (летась на аналагічную дату – «нулявая» статыстыка). У лютым на льнозаводзе траўму рукі атрымаў наладчык тэхналагічнага абсталявання. У красавіку ў выніку ДТЗ на трасе М-1 траўмаваны дарожны рабочы ДРБУ-200. Адрас яшчэ аднаго красавіцкага выпадку – «Белпрамтрэйдынг», дзе траўму рукі атрымаў падсобны рабочы. Выпадак на льнозаводзе кваліфікаваны як лёгкі, па двух іншых вядзецца расследаванне.
Пасяджэнне райвыканкама па часе супала з першым днём работы ў нашым раёне рэйдавай групы тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Гэты планавы «тур» сёлета стаў шостым па ліку. Групу ў складзе пяці спецыялістаў узначальваў галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Рыжкоўскі.
Яны праводзілі чарговы маніторынг стану аховы працы на прадпрыемствах. Паказаць сябе ў гэтых пытаннях давялося прадстаўніцтву Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне, раённай аргструктуры ДТСААФ, асобным прадпрыемствам у структуры райпо і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ЖКГ, райпалівазбыту, ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» і «Трансэлектракамплекту», торфабрыкетнаму заводу, раёну электрасетак. Вынікі маніторынгу стануць вядомыя пазней.
Іван КАВАЛЕНКА.