Зялёны «Востраў». Травяныя ўгоддзі КСУП «Востраў-Агра» выклікаюць павагу і разнапланавы інтарэс

Іван Буйкевіч, Віталій Сяргей і Уладзімір Горбік.

Травяныя ўгоддзі КСУП «Востраў-Агра» выклікаюць павагу і разнапланавы інтарэс. У значнай колькасці адваяваныя некалі ў балот, сёння яны з’яўляюцца нядрэннымі кармавымі соткамі.
Дырэктар прадпрыемства Тамара Церах задаволена: травы ў гэтым годзе добрыя – дапамаглі майскія дажджы.

Першым на «добрых травах» гаспадаркі сустракаем Аляксандра Петрашэвіча, які ў механізатарскай прафесіі і гаспадарцы больш за чатыры дзесяцігоддзі. Сёння яго трактар «запрэжаны» ў граблі-валкавальнік.
– У цэлым, надзейны апарат, але, як і любое «жалеза», патрабуе догляду, беражлівых адносін. Іншы раз, каб выправіць паломку, нешта падрэгуляваць, на рабоце ўжо ў 7 гадзін раніцы, – кажа ён.
Скошаная на гэтым кавалку сенажаці трава магла б «сысці» і за сена, а не толькі ў якасці сянажнай масы. Дарэчы, тут нарыхтоўваюць і адно, і другое.
Даволі працяглы шлях уздоўж меліярацыйных каналаў, паўз скошаныя і ўжо ўбраныя зялёныя палеткі выводзіць нас на звяно корманарыхтоўшчыкаў. У складзе яго – два камбайны-падборшчыкі зялёнай масы, некалькі адзінак транспарту для адвозкі яе да месца сенажавання. У той дзень такім месцам з’яўляліся траншэі каля Востраўскай жывёлагадоўчай фермы.
Арганізацыйную форму работы гэтага ўчастка зялёнага канвеера можна было б назваць і талакой: поруч працуюць ліпскія і востраўскія механізатары. Іван Буйкевіч з «Ліпнянкі» «перасеў» за штурвал новага – першы рабочы сезон – «Палесся». Ліпскае прадстаўніцтва тут дапаўняе механізатар Віталій Сяргей, заняты на адвозцы зялёнай масы з сенажаці да месца складавання.
Работа «чаўночная», адказная і напружаная. Ім цяжэй за ўсё, пацвердзіў Уладзімір Горбік. А ён ведае, што гаворыць, як і касавічную, і ўвогуле сельскагаспадарчую справу. Ён таксама кіроўца «Палесся», які гаспадарка вельміі дарэчы набыла летась. Расказвае, што на работу неабходна выходзіць зараней: машына патрабуе рэгулярнага догляду. Штораніцу перад выездам патрэбна «прадуць» паветраны фільтр, праверыць рэгуліроўкі, «прамасліць» і іншае. У восем ужо на сенажаці. І да васьмі вечара, з кароткім перапынкам на абед – работы хапае.
Абеды для сваіх працаўнікоў гаспадарка гатуе па ўсіх правілах кулінарнай навукі і дастаўляе непасрэдна ў поле. Людзям яны падабаюцца.
Адзначым мабільнасць касавічнай «талакі»: умоўна кажучы, сёння звяно ў «Востраве», заўтра – на «ліпнянскіх» палетках.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Аляксандр Петрашэвіч.