Ад Мінска і да Брэста… працуюць ляхавіцкія меліяратары

Галоўны інжынер Сяргей Юшкевіч і механізатар Уладзімір Халецкі.

Пры выбары меліярацыйнай арганізацыі, якая паспяхова б справілася з часткай мерапрыемстваў рэспубліканскай праграмы захавання Прыпяцкага Палесся, спыніліся на ляхавіцкай. Нашаму ПМС даручана рэканструкцыя аб’екта меліярацыйнай сістэмы «Альманы». Работы разлічаны на 11 месяцаў. Згаданая рэспубліканская праграма датычыць трох раёнаў (Столінскага, Лунінецкага і Пінскага) і ўключае ў сябе велізарныя аб’ёмы работ. Чаму іменна ляхавічан паклікалі на дапамогу? Таму, што 2 гады назад работнікі нашага ПМС працавалі на Століншчыне і пакінулі пасля сябе добры след: якасна, у сціслыя тэрміны выкананую работу. Лепшага партнёра не знайсці!
ПМС паслала на рэканструкцыю Альманскай меліярацыйнай сістэмы лепшыя свае сілы, бо работы запланаваны надзвычай адказныя: ачыстка каналаў ад заглейвання, уладкаванне новай сеткі, укладка труб і будаўніцтва пераездаў, дарог.
Няма сумнення — не падвядуць ганаровыя меліяратары Рэспублікі Беларусь Іван Краўчук і Аляксандр Гутырчык. Побач з імі маладыя спецыялісты — экскаватаршчыкі Андрэй Лашко і Сяргей Сайко. Дарэчы, яны ўжо даказалі, на што здольныя. Напрыклад, Андрэй летась быў лепшым у спаборніцтве па выпрацоўцы і якасці выканання работ. Сяргей працаваў рэчышчавым рабочым, але заўсёды марыў сесці за штурвал экскаватара, як яго бацька Георгій Маркавіч. Атрымалася. І бульдазерыст Сямён Гаўрыс — вопытны, надзейны, аўтарытэтны. Параўнальна нядаўна прыйшлі ў калектыў вадзіцелі Сяргей Філіповіч і Уладзімір Шлег. Але за справу ўзяліся сур’ёзна. Вырашылі старую праблему прадпрыемства з перавозкай тэхнікі на аб’екты: адрамантавалі трал. Перш чым сесці за руль сваіх аўтамабіляў, яны і іх «перабралі», прывялі ў нармальны рабочы стан. Майстар Аляксей Кулікоў, які ўзначальвае брыгаду, сцвярджае, што яму пашанцавала працаваць разам з такімі людзьмі.

Майстар Кацярына Яцушкевіч, газаэлектразваршчык Мікалай Якоўчык, экскаватаршчык Міхаіл Дзянішчык.

На працоўнай вахце 10 дзён пралятаюць хутка: работа прыспешвае, а, магчыма, яшчэ і таму, што ўсе чакаюць наступныя 3 дні — выхадныя, якія яны правядуць дома.
”Альманы” — гэта толькі частка работ, якія належыць выканаць сёлета прадпрыемству. Геаграфія аб’ектаў надзвычай шырокая. Толькі што завяршыла прыёмку аб’ектаў дзяржаўная камісія ў Вілейцы, выканалі запланаванае ў Клецкім і Нясвіжскім раёнах, Радашковічах. Ляхавіцкія меліяратары пакідаюць свае «аўтографы» ці не па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. За 8 месяцаў года ў розных кропках краіны яны выканалі работ на 5 мільярдаў 900 мільёнаў рублёў. Самым прадукцыйным аказаўся жнівень, за які асвоілі 1,05 мільярда рублёў.
Шмат зроблена і яшчэ больш трэба зрабіць на аб’ектах Ляхавіччыны. На рахунку меліяратараў добраўпарадкаванне вуліцы Юбілейнай, дзе ўжо ўзведзены водаадводныя і водапрапускныя збудаванні. Рэкультываваны міні-палігон ЦБА ў вёсцы Пранчакі. А майстар Кацярына Яцушкевіч, якая прыйшла ў ПМС пасля заканчэння Пінскага гідратэхнічнага каледжа, са сваёй брыгадай працягвае рамонтныя работы на меліярацыйнай сістэме «Нача». Дарэчы, і тут сілы размеркаваны так, што побач з вопытным механізатарам працуе малады. Міхаіл Дзянішчык, які сёлета ўзнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь» — настаўнік для Юрыя Чыркова. Пераможца абласнога спаборніцтва бульдазерыст Уладзімір Халецкі таксама трымае марку лепшага з лепшых.
Паспяхова кіруе сваёй камандай і майстар Таццяна Клявец: яе падначаленыя задзейнічаны на абкошванні і дапрацоўцы каналаў. Праведзена рэканструкцыя і выконваюцца аграмерапрыемствы на землях СВК «Жарабковічы» (аграгарадок Падлессе) — работы па рамонце, будаўніцтве і ачыстцы каналаў, аднаўленні дрэнажных вусцяў — тое, што зроблена іменна меліяратарамі, каб 210 гектараў тутэйшых урадлівых зямель ужо ў гэтым годзе ўключыліся ў севазварот. Аб’ект гэты ўжо гатовы да прыёмкі. Да канца года калектыў плануе асвоіць яшчэ не менш як 2,5 мільярда рублёў капіталаўкладанняў. І прадпрыемства не спыняе пошукаў новых аб’ектаў. Дарэчы, летась менавіта Ляхавіцкае ПМС заняло другое месца ў абласным спаборніцтве ў намінацыі «Аб’ёмы выкананых работ».
Зарабіць грошы — безумоўна, важна. Але не менш важна зрабіць гэта бяспечна, з клопатам пра працаўнікоў. У абласным аглядзе-конкурсе па ахове працы ПМС заняло другое месца. Калі зазірнеш на тэрыторыю прадпрыемства, усё становіцца зразумелым: тэхніка — пад лінейку, ля вытворчых майстэрняў — жалезны парадак, арыгінальна ўладкавана тэрыторыя — з фантанамі, альтанкай на вадзе, карацей, з фантазіяй.

Механізатары Сяргей Клімовіч, Уладзімір Бортнік, Віктар Пішч.

На гэтым прадпрыемстве сур’ёзна клапоцяцца пра арганізаванае правядзенне выхадных, калектыўны адпачынак. Напрыклад, экскаватаршчык Іван Краўчук, які сёння яшчэ на працоўнай вахце на Століншчыне, дакладна ведае, што ў выхадныя разам з сям’ёй і калегамі паедзе на хакейны матч у Мінск — білеты ўжо куплены. У кастрычніку запланаваны паездкі па гістарычных мясцінах краіны — у Мірскі і Нясвіжскі замкі. А спартыўныя баталіі для ПМСаўцаў — добрая магчымасць адпачыць і атрымаць зарад бадзёрасці.
Невялікая арганізацыя, якая па класіфікацыі значыцца як «да 100 чалавек працуючых», пры ўмелай расстаноўцы сіл, сучасных падыходах да вырашэння вытворчых і сацыяльных праблем, іншымі словамі, — пры граматным кіраўніцтве, — вырашае грандыёзныя задачы.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *