Кветкавы дызайн ад камунгаса

Кветкі — з ранняй вясны і да позняй восені: толькі мароз спыняе іх цвіценне на ляхавіцкіх вуліцах і плошчах, і толькі снежнае покрыва маскіруе горачкі, прадуманыя абстрактныя астраўкі, геаметрычна вывераныя прамавугольнікі, квадраты, авалы фларыстычных кампазіцый. Шыкоўны падарунак ляхавічанам і гасцям райцэнтра падносіць ад шчырага сэрца жылкамунгас. «Ах, як многа кветак!» ці «О, у вас цэлая аранжэрэя!» — мы ўжо не здзіўляемся такому захапленню прыезджых. Клічнікі заслужаныя і колькасцю, і разнастайнасцю кветкавых россыпаў, а яшчэ настойлівасцю і мэтанакіраванасцю жылкамунгасаўцам гэтым штрыхам падкрэсліць прыгажосць, самабытнасць і непаўторнасць нашага горада.
Ад першых пяшчотных прымул, нарцысаў, цюльпанаў, петунняў, віол, праз шыкоўныя ружы, алісум, бегоніі, каны, астры, абавязковыя аксаміткі, да (сорамна прызнацца ў няведанні) непаўторных незнаёмак і незнаёмцаў на гарадскіх клумбах — усё гэта з любоўю, густам, вялікім жаданнем паднесена рукамі людзей руплівых і неабыякавых. Кветкамі, чысцінёй і парадкам яны прызнаюцца ў пачуццях свайму гораду і землякам, выводзяць «Ляхавічы», «Крыніца», падносяць ручной работы «чаравічкі», «парасоны», «футбольныя мячы», «палітру мастака» і «букет», у якіх «гняздуюць» цудоўныя кампазіцыі. Раўчук на альпійскай горцы ля кінатэатра, невысокія кусцікі пераблыталіся з кветкамі — ля фантана і стадыёна, нечакана прыемныя воку «плямкі» на газонах прапісаны прыгожым почыркам. Уявіце, колькі гэта каштуе і ў фінансавым, і ў працоўным, і ў душэўным вымярэнні. Даная акалічнасць вядома аўтару і выканаўцы — КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Але ж страты акупляюцца — эстэтыкай і парадкам.
Кветкамі горад і настрой не сапсуеш!
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *