Добра смяецца той, хто… сочыць за зубамі

Пры адным толькі ўзгадванні стаматолага яшчэ не так даўно ўяўленне малявала страшнае: бормашыну і ў пару ёй іншыя «несімпатычныя» прыстасаванні. Усе гэтыя страшылкі засталіся ў мінулым. Лячыць зубы цяпер даволі камфортна і «ненярвова».
Урач-стаматолаг Вольга ЖМАЙДЗЯК ахвотна пагадзілася адказаць на пытанні пацыентаў і  раскрыла сакрэты правільнага догляду за зубамі.

–  Вольга Генадзьеўна, як часта трэба наведваць стаматолага?

– Для прафілактычнага агляду – двойчы на год. Калі ёсць захворванні поласці рота, то рэкамендуецца прыходзіць на агляд не радзей 4 разоў у год.

– Прыгожая ўсмешка з беласнежнымі зубамі – мара кожнага. Ці праўда, што пры працэдуры адбельвання сціраецца эмаль?

– Гэта працэдура зараз даволі папулярная. Калі ёю не злоўжываць, а пасля правільна даглядаць за зубамі, прыходзіць на агляды да ўрача, яна будзе мець толькі станоўчы эфект. Але тыя, хто злоўжывае адбельваннем, можа атрымаць замест беласнежнай усмешкі адчувальныя зубы са стончанай эмаллю.

– Наколькі эфектыўныя пасты з эфектам адбельвання?

– Такія пасты я не раю выкарыстоўваць больш за месяц. Пасля месячнага курсу варта замяніць адбельвальную пасту на прафілактычную, з утрыманнем кальцыю і фосфару.

– Як часта стаматолагі раяць мяняць зубную шчотку?

– Тэрмін прыдатнасці зубной шчоткі прыкладна 1,5-2 месяцы. Як правіла, многія чакаюць, пакуль у шчоткі пачнуць тырчаць шчацінкі ў розныя бакі і тады ўжо яе мяняюць. Гэта «эканомія» не на карысць зубоў. Калі на выгляд шчотк а ўсё яшчэ «ў форме», але ёй ужо карысталіся больш за паўтара месяца, якасць чысткі зубоў зніжаецца. Шчацінкі губляюць пругкасць, могуць абломвацца і расслойвацца. Без шкадавання мяняйце шчотку на новую.

– Ці варта купляць электрычную зубную шчотку?

– Я лічу, што так. Электрычныя шчоткі маюць мноства рэжымаў, дзякуючы якім іх варсінкі пранікаюць у самыя цяжкадаступныя месцы, паляпшаюць якасць чысткі зубоў і ротавай поласці.

– Па тэлебачанні рэкламуюць жвачку: дзве падушачкі – і ніякіх карыесу і іншых праблем з зубамі. Ці мае які-небудзь эфект жаванне жвачкі?

– Вылечыць карыес ці адбяліць зубы жвачка, вядома ж, не зможа. Паўнавартасную чыстку зубоў яна таксама не зможа замяніць. Яе можна выкарыстоўваць як сродак дадатковай гігіены. Жаванне
жвачкі пасля ежы паскарае выдзяленне сліны, а яна з’яўляецца натуральным апалосквальнікам зубоў.

– Калі трэба выкарыстоўваць апалосквальнік для рота, наогул, ці патрэбен ён?

– Апалосквальнік адносіцца да дадатковых сродкаў гігіены зубоў і поласці рота. Ім можна карыстацца пасля чысткі зубоў  пастай альбо ў выпадку, калі няма магчымасці пачысціць зубы. Як паўнавартасны сродак чысткі зубоў апалосквальнік не працуе.

– Чаму з’яўляецца налёт на языку? Ці трэба пры чыстцы зубоў чысціць і язык?

– Узнікае налёт па шэрагу прычын і можа сведчыць пра дрэнную гігіену поласці рота, пра захворванні ўнутраных органаў. Дакладную прычыну вызначыць толькі ўрач. Дарэчы, чысціць язык трэба, для гэтага ў магазінах прадаюцца спецыяльныя шчотачкі.

– Ад чаго можа ўзнікнуць рухомасць зубоў і як гэтага пазбегнуць?

– Гэта можа быць захворванне арганізма, напрыклад, дыябет. На яго фоне можа ўзнікнуць рухомасць зубоў і кроватачывасць дзёснаў. Яшчэ адна прычына – дрэнная гігіена поласці рота. Абавязкова
пракансультуйцеся ва ўрача.

– На якіх месяцах цяжарнасці найбольш бяспечна лячыць зубы?

– Вельмі актуальнае  пытанне. Пры цяжарнасці лепш лячыць зубы ў другім трыместры. Гэта лічыцца самым бяспечным перыядам. Але лепш за ўсё пастарацца пралячыць зубы загадзя.

– Як зразумець, калі зуб трэба выдаляць, а калі яго яшчэ можна вылечыць?

– Гэта вызначыць толькі ўрач. Бывае ад зуба застаўсяадзін корань, але ўсё роўна яго можна вылечыць і выратаваць. Дакладна нешта сказаць можна только пасля таго, як зробяць дадатковае абследаванне.

Гутарыла Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.