Захоўваць свае інтарэсы

Фото Николая Петрова, БЕЛТА.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць наведаў ААТ «Нафтан». Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна ў цэлым, а таксама горада Наваполацка і ААТ «Нафтан». 

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі метадамі кіравання тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці, агледзеў вытворчую тэрыторыю прадпрыемства, сацыяльныя аб’екты ААТ «Нафтан».

Там жа Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях мадэрнізацыі беларускіх НПЗ і павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў, пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства.

Прэзідэнт запатрабаваў ад кіраўніцтва Віцебскай вобласці выразна бачыць стратэгію рэгіянальнага развіцця. «Трэба вырашаць праблемы, бачыць стратэгію. Павінна быць пэўная стратэгія, прыкладна як вы спрабуеце або спрабавалі (ужо, можа, адышлі) выбудаваць стратэгію ў сельскай гаспадарцы: калі вы ведаеце, дзе пабудаваць комплекс на цэлы раён або на два, дзе нешта аб’яднаць, раз’яднаць і ў выніку атрымаць эфект не толькі ў вытворчасці, але і ў эканоміцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне створаны ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, і цяпер трэба думаць пра развіццё стратэгічных галін і прадпрыемстваў.

У час наведвання завода Прэзідэнт сарыентаваў кіраўніцтва айчынных нафта-перапрацоўчых прадпрыемстваў выключна ў дзелавым ключы вырашаць пытанні па кампенсацыі страт у выніку пастаўкі ў Беларусь некандыцыйнай расійскай нафты: «Не трэба крычаць, наступаць і іншае, але свае інтарэсы трэба захоўваць. Але поўзаць на каленях не трэба. Трэба садзіцца і па-дзелавому вырашаць».

Прэзідэнт нагадаў, што з моманту апошняй нарады, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з мадэрнізацыяй НПЗ і нафтаперапрацоўкай у цэлым, мінула два гады. Тады прадметна і дасканала вывучылі ўсе аспекты стабільнай работы галіны, вызначылі напрамкі, задачы і тэрміны. Асабліва востра стаялі пытанні забеспячэння фінансавання мадэрнізацыі. Гэтыя праблемы сёння вырашаны, усё астатняе залежыць ад кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: гаварыць аб тым, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі залежаць непасрэдна ад нафтаперапрацоўчых заводаў, нельга. Аднак эфектыўная работа гэтых прадпрыемстваў –адзін з даволі сур’ёзных фактараў стабільнасці эканомікі краіны. «Няма эканомікі – няма дзяржавы», – рэзюмаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, на якой стадыі цяпер знаходзіцца рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, ці вытрымліваецца тэрмін завяршэння будаўніча-мантажных работ. «Якія вынікі работы НПЗ чакаюцца пасля завяршэння іх мадэрнізацыі? Як плануецца забяспечваць эфектыўную работу ў новых умовах? Якія перспектывы ў сферы нашай нафтаперапрацоўкі бачым усе мы, і ўрад перш за ўсё, хаця б на бліжэйшыя дзесяць гадоў?» – паставіў шэраг пытанняў Прэзідэнт. Акрамя таго, на нарадзе асобна была закранута праблематыка павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: прадукт мы робім якасны, але, як заўсёды, кульгаюць продажы. «Трэба навучыцца гандляваць сваім прадуктам. Трэба біцца, змагацца за свае рынкі, утрымліваць іх і эфектыўна прадаваць той прадукт, які мы вырабляем. У прыватнасці нафтапрадукты. Але такая бяда і па іншых таварах, якія мы вырабляем», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы з работнікамі ААТ «Нафтан» Прэзідэнт расказаў пра перспектывы развіцця нафтаперапрацоўкі ў Беларусі, далейшую мадэрнізацыю прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны. Ён адзначыў, што дзяржава і ў далейшым будзе ўсяляк садзейнічаць рабоце гэтага прадпрыемства, адначасова папярэдзіў: «Вядома, будзем націскаць на вас да апошняга, каб вы эфектыўна працавалі. Але і дапамагаць будзем. Калі вы будзеце варушыцца, мы заўсёды будзем дапамагаць».

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці захавання і развіцця сацыяльнай базы ААТ «Нафтан».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фото БЕЛТА.