У Летняй акадэміі прафесій. Як у Ляхавічах школьнікі працуюць і адпачываюць у летніку «Прамэтэй»

У сярэдняй школе № 2 г. Ляхавічы створаны прафарыентацыйны атрад «ЛАП» – Летняя акадэмія прафесій – лагера працы і адпачынку «Праметэй». Гэта для васьмікласнікаў, у тым ліку з сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з няпоўных, неўладкаваных, малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, а таксама падлеткаў, якія сумняваюцца ў выбары будучай прафесіі і з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Кожны дзень знаходжання ў «Праметэі» даказвае рабятам, што ў раёне існуе мноства запатрабаваных прафесій, што кожны можа знайсці справу па душы.

У пачатку змены рабяты атрымалі працоўныя кніжкі і былі працаўладкаваны ў жылкамунгас рабочымі зялёнага будаўніцтва.
Лагер працы і адпачынку дае магчымасць не толькі весела правесці летнія канікулы з равеснікамі, але набыць першы вопыт працы і зарабіць асабістыя грошы.

Працоўная змена лагера доўжыцца 18 дзён. Рабяты атрымаюць сваю першую заработную плату на асабістыя карткі, атрыманыя ў Беларусбанку.

Члены атрада «ЛАП» наведалі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, АДАІ, РАНС, ГДК, купалаўку, лясгас, каледж, іншыя цікавыя адрасы. Такое знаёмства заклікана дапамагчы з выбарам прафесіі. А псіхолаг аказаў прафарыентацыйную падтрымку шляхам работы ў дыстанцыйнай сістэме moodle.boiro.by ДУА «СШ № 2 г. Ляхавічы».

Выкарыстоўвалася тэхналогія «форсайт» – сустрэчы з экспертамі пэўнай галіны. Імкнучыся сфарміраваць у выхаванцаў свядомае стаўленне да працы, прафесійнае самавызначэнне ва ўмовах свабоды выбару сферы дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, здольнасцямі і з улікам патрабаванняў рынку працы, прымяняецца тэхналогія ц’ютарства.

У лагеры асаблівы акцэнт зрабілі на адпачынак і камандныя мерапрыемствы. Канешне, дзецям трэба адпачыць ад урокаў – на тое і канікулы. З вялікім задавальненнем рабяты прымаюць удзел у трэнінгу, экскурсіях, ваенна-спартыўнай гульні «Дастаў данясенне», коўчынгу «Тут рыхтуюць будучых чэмпіёнаў», коўч-сэце.
«Праметэй» аб’ядноўвае дзяцей з падобнымі інтарэсамі і мэтамі, усе яны хочуць правільна выбраць прафесію і стаць класнымі спецыялістамі.

Вольга РОКАЧ, дырэктар, Вікторыя ТАРКАЙЛА,
старшы выхавальнік лагера працы і адпачынку «Праметэй».

Фота: архіў СШ №2 г. Ляховичи.