У паліклініку… на экскурсію

Пяць гадоў назад наш раён атрымаў шыкоўны падарунак – мадэрнізаваную, рэканструяваную, лічы, новую паліклініку. Даўно вывучана месцазнаходжанне кабінетаў, дзе вядуць прыём урачы той ці іншай спецыялізацыі, але анлайн-экскурсія лішняй не будзе, тым больш, у якасці гіда выступае загадчыца паліклінікі Наталля
ГАРБАЧОВА.

Медыцынская «дыспетчарская»

Загадчыца паліклінікі Наталля Гарбачова.

Пацыент найперш накіроўваецца ў рэгістратуру. Менавіта медрэгістратары вызначаюць далейшы яго маршрут: да якога канкрэтна ўрача і ў які кабінет (магчыма, даўрачэбны) ісці. У адказе
за зладжаную работу гэтага падраздзялення старшы медрэгістратар Ларыса Чараднічэнка. Дарэчы, для яе і калег настаўнік і дарадчык у многіх пытаннях – Тамара Жабік.

Старшая медсястра паліклінікі Вольга Дубоўская.


Асноўны наплыў пацыентаў у рэгістратуры – у першай палове дня, пасля абеду – параўнальна зацішша.
– Каб у рэгістратуры не было чэргаў, робіцца нямала. Лягчэй стала пасля ўвядзення электроннай сістэмы «талон. бай», хаця пакуль і здараюцца камп’ютарныя збоі. Як і раней, ёсць магчымасць запісацца на прыём да ўрача па тэлефоне, – удакладняе Наталля Гарбачова.
Пастаянна трымае ў полі зроку навінкі ў паліклінічным абслугоўванні насельніцтва, забяспечвае іх укараненне ў медустановах раёна галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч. Год назад у паліклініцы пачала дзейнічаць лакальная вылічальная сетка, якая стала выніковым крокам да інфарматызацыі і камп’ютарызацыі райбальніцы. Рэальная магчымасць аказваць медпаслугі ў электронным выглядзе – патрабаванне часу. Нашым землякам ужо выдадзены 16000 электронных рэцэптаў, 11530 індывідуальных пластыкавых электронных картак, па якіх жыхары раёна могуць у любой аптэцы краіны купляць лекі са скідкай. У планах далучыць да праекта бальніцу, амбулаторыі, ФАПы раёна. Усё гэта заклікана зменшыць чаргу да ўрачоў вузкіх спецыяльнасцяў.

Прыёмныя будні

За змену ў паліклініцы рэгіструецца ў сярэднім 420 наведванняў. Прыём вядуць 40 урачоў па 18 спецыяльнасцях.
Самае шматлікае тут аддзяленне ўрачоў агульнай практыкі (больш знаёмае пад ранейшай назвай тэрапеў-тычнае), якім кіруе Віктар Мацейчык. Дарэчы, Ляхавіцкая ЦРБ першай на Брэстчыне ўкамплектавана ўрачамі агульнай практыкі.
Тут жа кабінеты даўрачэбны, вузкіх спецыялістаў – оталарынголага, афтальмолага, нарколага, псіхіятра, дэрматавенеролага, анколага, неўролага, псіхатэрапеўта, інфекцыяніста, эндакрынолага.
Даўно мінулі часы, калі трапіць на прыём да гінеколага было праблемай. Цяпер жаночая кансультацыя (узначальвае яе вопытны ўрач Анатолій Панько) працуе нават па суботах. Прыём вядуць пяцёра ўрачоў, якія таксама праводзяць і ўльтрагукавое даследаванне.

Дарэчы, эндакрынолаг Вольга Барташэвіч таксама робіць ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы.
На першым паверсе размясцілася і дзіцячая кансультацыя.
Што датычыць стаматалагічнай службы, то даўно няма неабходнасці 

займаць чаргу ў рэгістратуры з самага рання, каб атрымаць запаветны талончык. Узначальвае падраздзяленне Вольга Жмайдзяк.
У другім крыле з асобным уваходам раскватаравалася хірургічнае аддзяленне. З двух кабінетаў можна трапіць у аперацыйны, дзе хірургі накладваюць гіпс, робяць перавязкі, зашываюць раны і г.д.
Амаль што побач і рэнтгенкабінет. Так што не давядзецца бегчы ў іншы будынак, каб прайсці абавязковую раз у год флюараграфію ці зрабіць па накіраванні ўрача здымак.

Адно з падраздзяленняў паліклінікі размяшчаецца ў будынку бальніцы – аддзяленне дзённага знаходжання, якое працуе ў дзве змены і разлічана на адначасовы прыём 12 пацыентаў. Гаспадарыць тут урач Кацярына Куляшова.

– Работа ўрачоў агульнай практыкі і педыятраў – гэта не толькі паліклінічны прыём, а і выезды на дом па выкліках хворых. Акрамя таго практыкуем так званы стацыянар на даму, дзе хвораму ставяць прапісаныя доктарам кропельніцы, уколы, выконваюць іншыя медыцынскія працэдуры, – расказвае Наталля Гарбачова.

З канца мінулага года самастойны прыём вядуць і памочнікі ўрача агульнай практыкі – яны ўсе прайшлі школу фельчараў. Зладжана працуе працэдурны кабінет паліклінікі. А каб выпапярэдзіць
усплёск грыпозных праяўленняў, прышчэпачныя брыгады ў сезон актыўна выязджаюць на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна для вакцынацыі.
Загадчыца паліклінікі з павагай расказвае пра кожнага са сваіх калег, словы асаблівай удзячнасці ў адрас тых урачоў, хто працуе даўно, –
Ніны Таранда, Барыса Жукава, Алены Саланенка, Святланы Ціпко.

– Задавальненне, шчасце для ўрача – бачыць радасць на твары чалавека, якому дапамог справіцца з хваробай. Нягледзячы на высокі прафесіяналізм медыкаў, валоданне новымі методыкамі лячэння і сучасным абсталяваннем без удзелу самога пацыента, яго жадання выздаравець цяжка справіцца з хваробай, – сцвярджае Наталля Гарбачова і дадае: – Я ў прафесіі больш за чвэрць стагоддзя і іншай справы для сябе не бачу.
Дарэчы, дзякуючы Наталлі Станіславаўне, ахова здароўя нашага раёна сёння мае і такога выдатнага оталарынголага, як Васілій Гарбачоў: для Васілія Віктаравіча, які пераехаў працаваць сюды ўслед за жонкай, Ляхавіччына даўно стала другой малой радзімай.
З моманту ўводу ў эксплуатацыю рэканструяванай паліклінікі тут перыядычна з’яўляюцца медыцынскія абноўкі. Гэта і флюарограф у адрамантаваным флюараграфічным кабінеце паліклінікі, і спецыяльны комплекс медыцынскай тэхнікі і прыстасаванняў пад агульнай назвай «рабочае месца ЛОР-урача», тры апараты для праверкі слыху ў дзіцяці,
якія дазваляюць вызначыць парушэнні літаральна з першых дзён жыцця, новае абсталяванне зубапратэзнай лабараторыі, аснашчэнне для кабінетаў урача агульнай практыкі (электра-
кардыёграфы, танометры) і іншае.

Галоўныя памочнікі

– У паліклініцы працуюць 84 ме-дыцынскія сястры (у тым ліку ў школах і дзіцячых садках), памочнікі ўрача, зубныя тэхнікі, фельчары, –
расказвае пра сваіх калег старшая медсястра паліклінікі Вольга Дубоўская.
Вольга Уладзіміраўна – медработнік у другім па-каленні, 27 гадоў стаіць на варце здароўя землякоў. Яе маці Данута Ступакова амаль паўстагоддзя працавала ва ўстановах аховы здароўя.
Сёлета чакаецца, што па размеркаванні ў Ляхавіцкую ЦРБ прыедуць
11 маладых спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, навічкі з’явяцца і ў паліклініцы. Настаўнікамі для іх будуць вопытныя Тамара Бурвель, Тамара Сокал, Святлана Ганзіева, Алена Лебедзева, Валянціна Таўрагінская, Ніна Мелехавец, Вольга Шытава.
Расказ пра тых, хто тут працуе, будзе няпоўным, калі не ўспомніць добрым словам адказных за чысціню. Дзякуючы санітаркам на чале з сястрой-гаспадыняй Надзеяй
Мінкевіч у паліклініцы заўжды чыста і ўтульна. А добры настрой – дадатковы складнік для хуткага выздараўлення.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя Ляхавіцкага раёна і ў сувязі з прафесійным святам – Днём медыцынскіх работнікаў – узнагароджаны загадчыца паліклінікі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля ГАРБАЧОВА; загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімір АЎДЗЕЙ.
Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў адзначаны ўрач-тэрапеўт ЦРБ Алег АРЛОЎСКІ; старшая медсястра Крывошынскай участковай бальніцы Вольга ВАЙШЭВІЧ.