Ляхавічане адсвяткавалі юбілей свайго горада

Прыгожыя і такія маладыя насуперак узросту  Ляхавічы сустрэлі гэту дату працоўнымі здабыткамі і поспехамі. Атмасфера свята адчувалася ва ўсім — ва ўбранні вуліц, на якіх дзіўным чынам перапляталася багацце восеньскіх фарбаў і таямнічыя напаміны пра дні мінулыя, у новых мікрараёнах, дзе ўжо абжыліся навасельцы, у адрамантаваных і рэканструяваных будынках — адміністрацыйных і жылых. Абноўлены Дом культуры і ўвогуле быў у цэнтры святочных падзей. Гуляць па вуліцах мілага сэрцу горада ў святочныя дні хацелася асабліва. Гэту экскурсію з задавальненнем рабілі і ляхавічане, і госці райцэнтра.

Такой колькасці людзей адразу ў адным месцы ў нашым горадзе не было даўно. Ляхавічане цэлымі працоўнымі калектывамі, сем’ямі, паасобку ў мінулую нядзелю спяшаліся на плошчу Перамогі на ўрачысты мітынг, які стаў пачаткам святочнага дзейства. Даніну павагі аддалі землякі салдатам, якія вызвалялі горад ад фашысцкай навалы і загінулі за свабоду і незалежнасць будучых пакаленняў. Удзячныя нашчадкі застылі ў хвіліне маўчання. І ляглі кветкі і вянкі да помніка… Пра гераічныя старонкі вызвалення Ляхавіцкага раёна, воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якія кавалі вялікую Перамогу, гаварыў на мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. З Днём горада ляхавічан павіншаваў старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец, які падкрэсліў перспектывы дагавора аб супрацоўніцтве паміж Ляхавіцкім, Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнамі.
Незабыўным падарункам для ляхавічан сталі паказальныя выступленні роты ганаровага каравула з горада Брэста і дэфіле ваеннага аркестра вайсковай часці 7404 з Баранавіч.
Потым асноўныя падзеі перамясціліся на плошчу Леніна. Тут раскінуўся цэлы міні-гарадок з, гульнёвымі, спартыўнымі, гандлёвымі пляцоўкамі.
Фанфары абвясцілі пачатак. І на нейкае імгненне ўсе прысутныя, нібы на машыне часу, адправіліся ў запамінальнае падарожжа ў гісторыю. На сустрэчу з ляхавічанамі прыйшлі знакамітыя продкі — граф Ян Караль Хадкевіч і яго дачка Ганна, мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі, наш славуты зямляк Тадэвуш Рэйтан, філосаф Фларыян Бохвіц. Канешне, гэта былі героі тэатралізаванага прадстаўлення. Гучалі прозвішчы паэтаў і пісьменнікаў, музыкантаў і кінарэжысёраў, Герояў Сацыялістычнай Працы і спартсменаў.
Шчыра, пранікнёна, ад душы з юбілеем Ляхавіч віншаваў землякоў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, які з задавальненнем і радасцю прыехаў у свой родны горад-імяніннік, каб пажадаць яму квітнець і маладзець.
— Наш горад мае багатую гісторыю, але галоўнае яго багацце — людзі, якія любяць сваю маленькую радзіму і працуюць так, што слава пра Ляхавіцкі край ідзе па усёй краіне. Гэта дзякуючы іх працавітым рукам прадукцыя з маркай «зроблена ў Ляхавічах» — запатрабаваная і папулярная. Спадзяёмся, што так будзе заўсёды, — звяртаючыся з віншаваннямі да гараджан адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.
На свяце было нямала шчымлівых момантаў. Апладысментамі сустракалі былых кіраўнікоў раёна Валянціна Сапуна і Аркадзія Сакуна. Чарговы раз у цэнтры ўвагі апынуўся і старшыня СВК «Ляхавіцкі» Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вітко. На свяце Аляксандру Іванавічу старшыня райвыканкама ўручыў дыплом прэзідыума савета «Вялікай міжнароднай энцыклапедыі «Лепшыя людзі» ў намінацыі «За вялікі грамадска значны ўклад у развіццё Рэспублікі Беларусь» і ганаровы знак Героя Энцыклапедыі.

Шчырыя словы прывітання Ляхавічам і ляхавічанам адрасавалі госці: старшыні Баранавіцкага і Ганцавіцкага райвыканкамаў Мікалай Язубец і Аляксандр Саланевіч, Баранавіцкага гарвыканкама — Віктар Дзічкоўскі, старшыні Баранавіцкага раённага і гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Дзядовіч і Аляксандр Селіфонтаў, кіраўнік справамі Клецкага райвыканкама Васілій Сёмуха і інш. Як і належыць на дні нараджэння, госці дарылі гораду падарункі.
З якой любоўю і пашанай пра Ляхавічы гаварыў наш зямляк, паэт, галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Алесь Бадак! Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко і пробашч Ляхавіцкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса Станіслаў Маленькі таксама былі ў гэты святочны дзень разам з землякамі.
Да юбілею горада было прымеркавана шмат цікавых мерапрыемстваў, сустрэч і праектаў. Адзін з іх — конкурс творчых работ «Мой горад — Ляхавічы», праведзены рэдакцыяй «ЛВ», раеннай арганізацыяй ГА «Белая Русь», аддзеламі адукацыі і па справах моладзі райвыканкама райкамам БРСМ. Аўтарам лепшых сачыненняў пра Ляхавічы і землякоў — Кірылу Столяру, Ксеніі Граблюк, Кірылу Івановічу, Лізавеце Сідор, Дар’і Пішч, Мілане Жучэня, Юліі Маслоўскай, Аліне Гатоўчыц, Яўгенію Мішкевічу былі ўручаны дыпломы пераможцаў конкурсу.
Удзельнікі маладзёжнай акцыі БРСМ «За любімы горад!» пакідалі пісьмовыя пажаданні юбіляру.
Парадавалі ляхавічан і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.
Не толькі віншаваннямі і песнямі сустракаў гасцей горад-імяніннік. Смачныя сюрпрызы прапаноўвалі прадпрыемствы райпо. Вочы разбягаліся ад разнастайных сувеніраў і ўпрыгожванняў. Захапленне выклікала і выстава работ народных умельцаў. Сапраўдным падарункам ляхавічанам стала выступленне сталічных артыстаў — Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, а таксама баранавіцкіх спевакоў, танцораў, музыкантаў.
Гэта ўсё адбывалася ў нядзелю, але святкаваць сваё 520-годдзе горад пачаў яшчэ ў пятніцу. Пералічыць усе мерапрыемствы проста немагчыма — іх было шмат. Адкрылася выстава работ фотамастака Сяргея Чарановіча ў ГДК. У суботу на плошчы Перамогі прайшоў збор «Я — піянер сваёй краіны», на якім 130 хлопчыкам і дзяўчынкам павязалі піянерскія гальштукі. Праз некалькі хвілін плошчай зноў заўладарылі дзеці — яны сталі галоўнымі ўдзельнікамі свята-прэзентацыі гурткоў цэнтра дадатковай адукацыі «Свет, які патрэбен мне». Удзельнікі клуба «ЮНЕСКА» зрабілі цікавае падарожжа па вуліцах горада з экскурсам у мінулае.
У Дзень бібліятэк кнігалюбы і аматары друкаванага слова сабраліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на літаратурныя чытанні, дзе з інтарэсам пазнаёміліся з творчасцю паэтак — нашых зямлячак Валянціны Пабягайла і Галіны Жывіца. А яшчэ былі іншыя экскурсіі, конкурсы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, фестывалі і г.д.
… У нядзелю феерычным завяршэннем святкавання стала танцавальная праграма, на якой былі і вогненнае шоу, і святочны феерверк.
І ўжо на наступны дзень пачаўся адлік 521-га года нашага горада.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея Варановіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *