Пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалая Язубца правялі актывісты Ляхавіцкіх раённых арганізацый «Белай Русі» і БРСМ

Лічаныя дні засталіся да 23 верасня — даты парламенцкіх выбараў, калі кожны свядомы грамадзянін прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і аддаць голас за кандыдата, які прадставіць яго інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Згодна заканадаўства нашай краіны, прагаласаваць можна і датэрмінова (з 18 па 22 верасня ўключна).
А гэтымі днямі працягваецца агітацыйны этап выбараў.
— Агітацыю дазваляецца весці ўсімі спосабамі, якія не супярэчаць беларускаму заканадаўству. Грамадзяне, палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, давераныя асобы кандыдатаў, ініцыятыўныя групы могуць свабодна і ўсебакова абмяркоўваць перадвыбарныя праграмы кандыдатаў, іх палітычныя, дзелавыя і асабістыя якасці, праводзіць агітацыю на сходах, мітынгах, падчас сустрэч з выбаршчыкамі і на пікетах, — расказвае старшыня акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі №7 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Калбаса. Рашэннем райвыканкама месцамі для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў былі выбраны гарадскія дошкі аб’яў, вітрыны (вокны) сельскіх і гарадскіх магазінаў, дошкі аб’яў у адміністрацыйных будынках сельвыканкамаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.
Кандыдат у дэпутаты па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Мікалай Язубец разам са сваім перадвыбарным штабам ужо сустракаўся з працоўнымі калектывамі СВК «Шлях новы» і «Ляхавіцкі», цэнтральнай раённай бальніцы, кансервавага і малочнага заводаў, райпо, гарадскіх школ і гімназіі, жыхарамі Тухавіч.
У мінулую пятніцу з 17 гадзін каля магазіна «Усходні» ў райцэнтры быў арганізаваны пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Мікалая Язубца. Пікет праводзілі актывісты раённых арганізацый РГА «Белая Русь» і БРСМ. Кожны жадаючы мог атрымаць лістоўку з перадвыбарнай праграмай кандыдата, выбаршчыкі цікавіліся яго біяграфіяй, жыццёвай пазіцыяй, адным словам — не заставаліся абыякавымі.
Як адзначыў Леанід Калбаса, агітацыя прадоўжыцца да 22 верасня ўключна.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *