Пасля навальніцы. Паваленыя дрэвы, абарваныя правады, знесеныя дахі – наступствы навальнічнага фронту ў Ляхавічах

Паваленыя дрэвы, абарваныя правады, знесеныя дахі – наступствы навальнічнага фронту, які прайшоў і праз наш раён у мінулыя пятніцу і нядзелю.

Фота з архіва Ляхавіцкага РАНС


Начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч расказаў, што непагода найбольш прайшлася па Ліпску, Крывошыне і бліжэйшых вёсках, дзе пашкодзіла высакавольтныя лініі электраперадач. Аператыўная выязная брыгада РЭС працавала ўсю ноч. Раніцай 17 чэрвеня заставалася каля 20 заявак на аднаўленне падачы электрычнасці (акрамя вышэйназваных вёсак – з Цыгані, Заліпення, Куршынавіч) – з-за абрыву правадоў. Наступствы стыхіі работнікі раёна электрасетак ліквідуюць уласнымі сіламі.
Інжынер РАНС Дзмітрый Новік паведаміў, што ад шквалістага ветру асабліва пацярпеў ЗАТ «Белпрампрыбор»: з фермаў, зернесушыльнага комплексу, майстэрні, іншых пабудоў у Галаўнінцах і Шчэрбаве сарвала 427 лістоў шыферу. На кароўніку МТФ «Сваятычы» ААТ «Жарабковічы» вецер пашкодзіў дах на плошчы 140 квадратных метраў.
У РАНС паступілі тры заяўкі (з Ліпска, Куршынавічаў, Меляхоў) з просьбай убраць дрэвы, што ўпалі на жылыя дамы. Людзі не пацярпелі.
А работнікі ДРБУ-200 раніцай панядзелка ачышчалі ад паваленых дрэў дарогі праз лясны масіў на аздараўленчы лагер «Чайка» і на вёску Стараселле.
Галіна КАНЬКО.


Фота з архіва Ляхавіцкага РАНС