У Ляхавічах прайшла сустрэча з намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвушам Стружэцкім

У чацвер, 13 верасня, работнікі ўстаноў культуры, адукацыі і аховы здароўя раёна спяшаліся ў дзіцячую школу мастацтваў на сустрэчу з прадстаўніком міжведамаснай рабочай групы па вывучэнні работы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў са зваротамі грамадзян намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвушам Стружэцкім.
— Работнікі сацыяльнай сферы, культуры выконваюць розныя функцыі, але, безумоўна, з’яўляюцца партнёрамі. Ёсць мноства сумесных накірункаў дзейнасці, сацыяльных праектаў, якія нашы ведамствы павінны рэалізоўваць разам. Гэта і фарміраванне здаровага ладу жыцця, і арганізацыя вольнага часу, і эстэтычнае выхаванне, у тым ліку далучэнне насельніцтва да кнігі, — адзначыў намеснік міністра і падкрэсліў: эфектыўных вынікаў можна дасягнуць толькі ў сумесным супрацоўніцтве, ва узаемадзеянні ва ўсіх сферах жыцця.
Што датычыць сферы культуры, то яе, на думку Тадэвуша Стружэцкага, павінны падтрымліваць не толькі дзяржава, але і прадпрымальнікі. Неабходна звяртацца да спонсарства, мецэнацтва. Сёння ёсць прыклады, калі фірмы, арганізацыі ўкладаюць сродкі ў культурныя праекты, дапамагаюць праводзіць святы вёскі, раённыя фестывалі. Неабходна фарміраваць і распаўсюджваць сістэму дзяржаўна-прыватнага партнёрства, пашыраць магчымасць выкарыстання актыўнай грамадскай падтрымкі. Часам у неспецыялістаў узнікаюць вельмі цікавыя прапановы, ідэі, праекты. І задача аддзелаў культуры — заўважыць і падтрымаць іх.
Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што ўстановы культуры маюць магчымасць зарабіць грошы, аказваючы платныя паслугі. Кожны кіраўнік павінен быць менеджарам, каб умець з карысцю для справы распарадзіцца фінансавымі сродкамі.
Удзельнікі сустрэчы, акрамя іншага, цікавіліся магчымасцю заахвочвання юных мастакоў, перспектывамі аб’яднання бібліятэк у маланаселеных пунктах і г.д.
Наталля  ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *