Пастаўкі без межаў. Ляхавіцкі раён умацоўвае сувязі з замежжам

Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран расказаў, што адзін з ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна – экспарт тавараў – сёлета выконваецца: за 4 месяцы склаў 109,1 працэнта пры заданні 103,4 працэнта. Сальда паміж экспартам і імпартам станоўчае.

Не толькі маркетынгавая дзейнасць прадпрыемстваў-экспарцёраў уплывае на такі вынік. У раёне распрацавана і рэалізуецца праграма, у якой прадугледжаны канкрэтныя дзеянні, што датычацца, напрыклад, дыверсіфікацыі экспарту, наменклатуры тавараў і геаграфіі іх пастаўкі.
За межамі нашай краіны сваіх пакупнікоў знайшлі больш за 20 прадпрыемстваў Ляхавіччыны. За 4 месяцы яны прадалі замежным пакупнікам тавараў на 8,8 мільёна долараў, што амаль на 6,7 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Асноўны раённы экспарцёр – ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы»: прадукцыя прадпрыемства складае каля трэці ад агульнага раённага экспарту. Пакуль мясакамбінат адпраўляе яе выключна ў Расію, але ў бліжэйшых планах пашырэнне экспартных адрасоў.
Тухавіцкі брыкет за якасць і прымальны кошт даўно ацанілі не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Сёлета за першы квартал торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» адправіў у восем краін Еўропы (пераважная большасць прадукцыі паехала ў Швецыю, Расію і Польшчу) каля 18 тысяч тон брыкету на 790 тысяч долараў. І гэта 129 працэнтаў да такога ж перыяду 2018 года.
Вытрымлівае канкурэнцыю на замежных рынках і ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». Зборныя канструкцыі тутэйшай вытворчасці знаходзяць пакупнікоў у Польшчы, Германіі, Іспаніі.
З нядаўняга часу Ляхавіцкі малочны завод выпускае масла пад вядомым брэндам «Прэзідэнт», якое пастаў-ляецца ў Расію.
Экспартную дынаміку дэманструе і ТАА «Фермент».
Калі раней прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага завода трапляла ў краіну-суседку праз фірмы-пасрэднікі, то зараз наладжаны прамыя пастаўкі.
Значны экспартны патэнцыял і ў Ляхавіцкага льнозавода. Стасункі з замежнымі партнёрамі з Літвы і Кітая, Расіі, Чэхіі маглі быць больш выніковымі, калі б прадпрыемства настойліва працавала над паляпшэннем сыравіннай базы. Прапаноў на набыццё льнопрадукцыі хоць адбаўляй. А пакуль маем, што маем. Трэць прадукцыі, вырабленай на заводзе, экспартуецца ў Кітай. Такое супрацоўніцтва прынесла прадпрыемству сёлета за 4 месяцы 157 тысяч долараў. Усяго за гэты час завод экспартаваў 319 тон ільнопрадукцыі на 231 тысячу долараў. 
А ў чэрвені-ліпені плануе выйсці са сваёй прадукцыяй на міжнародную арэну і Ляхавіцкі лясгас. Новыя замежныя рынкі збыту – выдатная магчымасць зарабіць валюту і ўмацаваць фінансавы стан прадпрыемства.
Галіна КАНЬКО.