Якое лета без «Чайкі»?! Так гавораць тыя, хто хоць аднойчы пабываў у гэтым дзіцячым летніку

Так гавораць тыя, хто хоць аднойчы пабываў у гэтым дзіцячым летніку і ўлюбіўся ў 18 бадзёра-энергічных, незалежна ад надвор’я сонечна-спякотных, драйвавых дзён. У чым сакрэт прыцягальнасці, чаму многія юныя ляхавічане проста не ўяўляюць сваё лета без «Чайкі»?


Адказ просты. І неверагодна прыгожая прырода, і непаўторная атмасфера, нават тое, што мабільная сувязь тут не надта добра «ловіць» (таксама станоўчы момант) – выдатная магчымасць адарвацца ад камп’ютараў і смартфонаў. Ну і, канешне, выхавальнікі кожнай змены да «сваіх» 18 дзён падыходзяць сур’ёзна і творча; дзяцей трэба здзівіць, захапіць, зацікавіць і падарыць эмоцыі на цэлы вучэбны год.

Першая змена «Чайкі» надзвычай творчая. Сёлета тут размясціліся цэлых шэсць кінастудый. акцёрскі складнік – звыш
сотні хлопчыкаў і дзяўчы-нак. Знаёмцеся – «Пакемон», «Тытанік», «Шчанячы патруль», «Драйв», «Дынаміт», «Галівуд». У выніку атрымліваецца агульная карціна пад назвай змены «Канікулы 2019-га – звычайнае і неверагоднае». Вось такую кінакампанію разгарнулі.
Другарадных роляў тут не бывае – усе першага плана. І за гэта адказваюць прадзюсары-выхавальнікі. Многія з іх ужо не раз працавалі ў «чайкаўскіх» каардынатах. А вось для студэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Кірыла Юрлевіча «Чайка» стала адкрыццём. І ён задаволены: яго чэрвень – мора сонца, дзіцячай энергіі, знаёмстваў, столькі ўражанняў і эмоцый. І ўсё гэта тут, на малой радзіме. Дарэчы, увесь выхавальніцкі састаў першай змены – людзі тутэйшыя, з горада і раёна.
Першая палова дня ў лагеры – спартыўна-аздараўляльная: спаборніцтвы, турніры, спарт-ландыі, а хутка пройдзе і любі-мая «Зарніца». Чаго толькі не напрадзюсіравалі ў гэту змену! Нядаўна змагаліся ў конкурсе візітовак кінакампаній. Лепшымі аказаліся студыі «Тытанік» і «Галівуд».
Хутка пройдуць і паказы «місіс» і «містар» лагера. А пасля хлопчыкі і дзяўчынкі будуць запальваць у конкурсе на лепшую парачку. Напрыканцы змены адбудуцца прэм’еры кліпаў кожнай кінастудыі. Будзе горача, абяцаюць рабяты.


У іх нават ёсць свая грашовая адзінка. За «чайклі» хлопчыкі і дзяўчынкі могуць выкупіць зарадку, падоўжыць час дыскатэкі. Наконт апошняга. Музычныя вечары тут асаблівыя – у стылі рэтра, «Бізнес-party», «Барбі-шоу», будзе нават дыскатэка народаў свету.
А яшчэ пашчасціла з надвор’ем. З 30-градуснай спякотай змагаюцца з дапамогай некалькіх заходаў у раку Шчара. Купацца тут не толькі дазваляецца – рэкамендуецца. За спартыўную частку ў летніку адказваюць Дзмітрый Пішч і Сяргей Рылко.
З такім насычаным жыццём пра адсутнасць апетыту ніхто не гаворыць. Са сваёй смачнай задачай повары Ліпскай школы спраўляюцца выдатна. Пацвярджэнне – пустыя талеркі і заўсёднае «дзякуй» ад маленькіх гурманаў падчас кожнага прыёму ежы.
Галоўны «прадзюсар» змены Таццяна Бяганская ўжо другі год стварае адпачынак для юных ляхавічан. І прызнаецца, што цяпер таксама не можа без «Чайкі»:
– Для рабят гэтыя 18 дзён – сапраўднае падарожжа па краіне дзяцінства. Яны пастаянна чакаюць чаго-небудзь незвычайнага, новага. Вось выхавальнікам і натхненне на працу. І так прыемна пачуць напрыканцы змены, што ад’язджаць яны зусім не хочуць. Разумееш, зрабіў ўсё як трэба. І чакаеш наступнае лета…
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Больш фота тут.