Восеньскія нарыхтоўкі на Ляхавіччыне

Гэты год як ніколі багаты на яблыкі. Для  гаспадынь — добрая магчымасць паказаць свае кулінарныя таленты і прапанаваць сям’і нешта асаблівае — ад качкі з антонаўкай да кісялёў.
Зроблены нарыхтоўкі на зіму. А фруктаў менш не становіцца. Куды дзець лішкі духмянай садавіны?
Як паведаміла галоўны эканаміст кансервавага завода Вольга Бурак, сёлета нарыхтавана 2 тысячы тон яблыкаў, на тысячу тон больш да запланаванага, і прыём працягваецца. Яны пойдуць на павідла, сок з мякаццю, дабаўляюцца ў таматны соус, пераціраюцца з цукрам. Плады перапрацоўваюцца паступова, у залежнасці ад попыту на прадукцыю.
Каб здаць яблыкі на кансервавы, неабходна мець даведку аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка. Разлік за здадзеную прадукцыю — на месцы.
— З пачатку верасня райпо закупіла ў насельніцтва больш як 2 тысячы тон яблыкаў, а ўсяго са жніўня па сённяшні дзень нарыхтавана 4 тысячы тон (тэмп росту да мінулага года складае 560 працэнтаў), — расказвае начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер. — Для рэалізацыі ў гандлёвай сетцы закуплена тысяча тон таварных яблыкаў. На нядаўнім кірмашы ў Мінску рэалізавалі сельскагаспадарчай прадукцыі на 8 мільёнаў рублёў. Яблыкі адпраўляем на перапрацоўку на Ляхавіцкі кансервавы, у Баранавічы на харчкамбінат, Пінскі вінзавод. На нарыхтоўках у залежнасці ад колькасці заявак задзейнічаны ад 6 да 9 аўтамашын. Калі не хапае транспарту, просім дапамогі ў кансервавага, дамаўляемся з баранавіцкімі калегамі.
— У райцэнтры мы прымаем яблыкі на рынку. У гэтым пункце з пачатку верасня насельніцтва здало 234 тоны. Жыхары сельскай мясцовасці тэлефануюць і пакідаюць заяўку. Да іх прыёмшчыкі могуць прыехаць і ў той жа дзень, калі ў гэтым накірунку едзе машына. Звычайна праблем не ўзнікае. Бывае часам, дамовімся з 3 вяскоўцамі аб прыёме — прыязджаем, а жадаючых здаць яблыкі ў населеным пункце намнога больш. Тады назаўтра накіроўваем вадзіцеля, расказвае Віктар Скіндзер, — разлік з насельніцтвам ажыццяўляем адразу: 1 мільярд 700 мільёнаў рублёў ужо выплаціла райпо людзям за здадзеныя фрукты. Дарэчы, мы закупілі ў насельніцтва 365 тон агуркоў, з іх больш за дзве тоны на Ляхавіччыне. Наперадзе прыём бульбы. Вядуцца перамовы з Башкірыяй аб яе рэалізацыі.
Усё быццам бы гладка. Але тых, у каго яблычкі як з малюнка: гатунковыя, вялікія, сакавітыя — парадаваць няма чым. Умовамі нарыхтоўкі іх не зацікавіш, усё прымаюць па адной цане з ападам. На рынку райцэнтра бабулі прапаноўваюць яблыкі па 4-5 тысяч за кілаграм, у Баранавічах — ад 2,5 да 5 тысяч. Райпо закупляе яблыкі па 300 рублёў за кілаграм, кансервавы — па 400 рублёў. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, карэспандэнт «ЛВ» пабываў на пунктах прыёму яблыкаў на кансервавым і на рынку. На кансервавым ва ўсю кіпела работа. Як растлумачылі на заводзе, пік прыёму садавіны назіраўся да 18 верасня, калі была вышэйшай цана, тады ў дзень прымалі ад 40 да 60 тон. Людзі імкнуліся заняць чаргу ў 6 гадзін раніцы, хаця неабходнасці ў гэтым не было — замінак з прыёмам не назіралася. Пункт працаваў да таго часу, пакуль абслугоўвалі апошняга чалавека, які жадаў здаць яблыкі.
На рынку малюнак быў іншы. 20 верасня ў 8.40 — зачыненыя дзверы прыёмнага пункта і адсутнасць усякіх апазнавальных прыкмет, што тут прымаюць садавіну.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
P.S.На сайт «ЛВ» (lves.by) паведамілі з вёскі Горка: ужо 4 дні райпо не забірае яблыкі, хаця абяцала зрабіць гэта 16 верасня. Садавіна псуецца. Старшыня райпо В. Некрашэвіч растлумачыў, што на сённяшні дзень усе яблыкі адпраўляюцца ў Пінск, у сувязі з гэтым узнікла праблема з транспартам і паабяцаў, што ўсе заяўкі насельніцтва будуць выкананы.
Але ці ўсіх задаволіць такое тлумачэнне?..

2 thoughts on “Восеньскія нарыхтоўкі на Ляхавіччыне

  • 26/09/2012 в 20:08
    Permalink

    Да, совершенно верно, яблок в этом году — супербогатый урожай. Почему не поместить в газете или на сайте побольше оригинальных рецептов их приготовления.

  • 29/09/2012 в 22:26
    Permalink

    kamila ты ж в интернете, зайди почитай, сайтов куча, там и рецептов и приготовлений… А редакции респект! Статью, откровенно — не читал!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *