«Ферменная» прыкмета восені. Як ідзе рэканструкцыя фермаў на Ляхавіччыне

Самыя маштабныя работы па рэканструкцыі МТФ праведзены ў СВК «Шлях новы». Пачалі з мінімальнага праекта, які прадугледжваў абавязковую рэканструкцыю двух жывёлагадоўчых памяшканняў і будаўніцтва дзвюх траншэй для сіласавання кукурузы, а закончылі аднаўленнем усяго Вялікалотаўскага жывёлагадоўчага комплексу. Зручныя выгулы, пляцоўкі для гноевыдалення, тэрыторыя вакол комплексу заасфальтавана, абнесена бетоннай агароджай. Старшыня СВК «Шлях новы» Аляксандр Вашчук паказвае ўладкаваны на глыбокай падсцілцы малочны статак, які прыкладна месяц як засялілі сюды, і ўжо на 1200 кілаграмаў павялічылі продаж малака з гэтай фермы. Запаўняецца «навасельцамі» і памяшканне для сухастою, апошнія прыгатаванні да прыёму «пастаяльцаў» ідуць у адноўленым цялятніку. Усё прадумана, па-гаспадарску адрэгулявана. Тут жа, на асфальтаванай пляцоўцы, размешчаны 100 абжытых домікаў для нованароджаных цялят. З наступленнем халадоў яны будуць перанесены ў прафілакторый, які таксама ўжо гатовы.
— Да наступлення халадоў, — дзеліцца планамі старшыня, — плануем пабудаваць яшчэ адзін цялятнік, адновім бытавыя памяшканні: чырвоны куток, кабінеты для загадчыцы фермы, ветурача, пакой для адпачынку вартаўнікоў, гардэробны і душавы…
Побач з фермай — 2 траншэі, у адной ужо затрамбавана на захоўванне 1800 тон сіласу. Нарыхтоўка кармоў у гаспадарцы лічыцца справай першаступеннай важнасці. Аграном па корманарыхтоўках райсельгасхарчу Ігар Яварчук звярнуў увагу на якасць здробненай на сілас кукурузы — убіраецца культура іменна ў той фазе, якая найбольш прыгодная для атрымання высакаякаснага корму. Літаральна некалькі дзён назад Аляксандр Вашчук зрабіў, на думку спецыялістаў, рацыянальную прапанову: замест курганнага спосабу захоўвання сіласу і будаўніцтва дорагакаштуючых стацыянарных бетонных ямаў прапанаваў… саламяную траншэю. Сцены вымашчаны шчыльна спрасаванымі цюка-мі саломы, паміж імі і трамбуецца сілас. Такая траншэя ёмістасцю 1500 тон закладзена на Ураджайнінскай ферме.
— Яшчэ адну ідэю ператвараем у жыццё, — дзеліцца планамі Аляксандр Вашчук. — Недзе давялося прачытаць пра вымошчванне спрасаванымі цюкамі саломы выгульнага двара. Спрабуем зрабіць у сябе.
Так абстаяць справы з рэканструкцыяй у «Шляху новым». А ў іншых?
Ужо заселена і рэканструяваная Патапавіцкая МТФ СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік». Цяпер тут каровы ўтрымліваюцца без прывязі, даільная зала і малочны блок вынесены за межы будынка. Засталося добраўпарадкаваць пад’язныя шляхі, заасфальтаваць тэрыторыю і пабудаваць выгульную пляцоўку.
Практычна гатовы прыняць «насельнікаў» два жывёлагадоўчыя памяшканні ў СВК «Дарава», дзе размесцяцца як мінімум 160 кароў. Тут запланаваны дабудовы да ўжо гатовых памяшканняў. Заліты фундамент, завезены блокі, распачаты работы. Як запэўніў галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў, да пачатку стойлавага ўтрымання жывёлы яны будуць выкананы і 80 кароў папоўняць статак гаспадаркі.
Бадай самае складанае становішча з заканчэннем запланаванай рэканструкцыі ў СВК «Ліпнянка». Гаспадарка павінна да пачатку стойлавага перыяду рэканструяваць два жывёлагадоўчыя памяшканні і пабудаваць даільную залу. І толькі ў апошнія дні запрошана ў сельгаскааператыў брыгада будаўнікоў са Століншчыны.
Няма сэнсу чакаць, што калі апошні цвік у рэканструкцыі МТФ будзе забіты, працэс закончыцца. Добры гаспадар і ў гатовым памяшканні заўсёды нешта падладжвае, майструе. Можна сказаць, што самы паказальны прыклад у гэтым — СВК «Тальмінавічы», дзе рэканструкцыя старых памяшканняў пачалася 4 гады таму. Літаральна нядаўна ў Гайнінцы здадзены ў эксплуатацыю шосты кароўнік на 160 кароў, які цалкам вырашыў пытанне пераводу дойнага статка на ўтрыманне на глыбокай падсцілцы. Укараненне новых тэхналогій значна зменшыла долю ручной працы, станоўча адбілася на якасці прадукцыі. Сёння ў гаспадарцы ўзяліся за аднаўленне яшчэ аднаго памяшкання — сваімі сіламі, за свае сродкі.
Зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы не за гарамі. А 11 МТФ, якія павінны быць здадзены ў эксплуатацыю да гэтага часу, — заданне дзяржаўнай важнасці.
Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *