Аднойчы праз 70 гадоў

Спявала «Вечарніца», на фотазоне – здымкі і сэлфі на памяць, на ўра праходзіла дэгустацыя прадукцыі, а яшчэ ўручаліся падарункі, гучалі шчырыя віншаванні, сабраліся госці – усё гэта за некалькі хвілін да пачатку юбілейнага ўшанавання. У мінулую суботу ў ГДК было шматлюдна і святочна. Свой 70-ы дзень нараджэння адзначыла адно са старэйшых прадпрыемстваў раёна – ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».

Сярод удзельнікаў свята тыя, хто шмат гадоў пісаў гісторыю завода, а сёння на заслужаным адпачынку, і тыя, хто прадаўжае слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў, і хто толькі робіць першыя самастойныя працоўныя крокі на прадпрыемстве.

Адразу пасля заканчэння школы ў 1960 годзе прыйшла на кансервавы завод Людміла Дыдышка, з таго часу ў працоўнай кніжцы толькі адзін запіс. Уся яе заводская біяграфія – работа на мыечнай машыне.
– Мой працоўны стаж куды меншы, чым у Людмілы, – усяго 20 гадоў, але гэта і мой завод. Ганаруся, што ён быў у маім жыцці, – гаворыць Вера Валчок.

Жанчыны ўспамінаюць, як прадпрыемства і за тры змены не паспявала спраўляцца з тымі аб’ёмамі клубніц, агуркоў, капусты, якія паступалі сюды на перапрацоўку. Зладжаны, надзейны – такія эпітэты неаднойчы гучалі на свяце ў адрас калектыву завадчан.
Хваляваўся Аляксандр Вашчук, які зусім нядаўна ўзначаліў прадпрыемства. Словы асаблівай удзячнасці, пашаны Аляксандр Мікалаевіч адрасаваў ветэранам кансервавага і падкрэсліў, што сённяшнія працаўнікі будуць імкнуцца дастойна трымаць марку аднаго з лепшых перапрацоўчых прадпрыемстваў галіны.
Ад імя раённай улады завадчан павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран і ўручыў лепшым работнікам граматы і падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Сардэчна звярнуліся да калектыву намеснік генеральнага дырэктара канцэрна «Брэстмясамалпрам» Уладзімір Мількевіч, старшыня раённага філіяла Брэсцкага аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Былі і музычныя віншаванні – ад самадзейных артыстаў Ляхавіччыны.
І, канешне, шыкоўным падарункам да юбілею стала выступленне зоркі эстрады Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі.

Галіна КАНЬКО.