Савет бяспекі. Падчас раённага дня аховы працы камісія наведала гандлёвы аб’ект «Санта рытэйл»

Раённы дзень аховы працы пачаўся на гэты раз з практыкі. Паколькі 2019-ы пазначаны як год бяспекі працы ў будаўніцтве, невыпадкова ўдзельнікі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Навагранам накіраваліся на будаўнічую пляцоўку па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах. Там узводзіцца гандлёвы аб’ект ТАА «Санта Рытэйл». Пацікавілася ўмовамі працы, выкананнем патрабаванняў АП і тэхнікі бяспекі. Работы тут набліжаюцца да завяршэння. У новы будынак плошчай 1000 «квадратаў» завезена тэхналагічнае і гандлёвае абсталяванне. Будаўнікі займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Дастаткова актыўна, паколькі на бліжэйшыя дні запланавана прыёмка аб’екта.

Падрадчыкам выступае пінская фірма. Для работнікаў арганізавана пражыванне, дастаўка на работу – з работы, харчаванне, усталяваны бытавыя памяшканні, усе забяспечаны інструментамі і спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай абароны. Хоць, як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацабароны Мікалай Бурбуць, не без некаторых адхіленняў ад нарматыўных патрабаванняў па АП.

Тэарэтычная частка мерапрыемства, у якім, акрамя мясцовых спецыялістаў, прымалі ўдзел прадстаўнікі шэрага баранавіцкіх арганізацый, пачалася з выставы. Спецыяльнае, уласнага пашыву адзенне і сродкі індывідуальнай абароны прэзентавалі мясцовы льнозавод і лячэбна-вытворчыя майстэрні «Крывошын».

Пра вынікі работы мабільнай групы райвыканкама далажыў яе сакратар Мікалай Бурбуць. Прагучала, у прыватнасці, што за пяць месяцаў года праведзена 48 рэйдаў, выяўлена 598 парушэнняў патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Па выніках работы рэйдавай групы за студзень-май прадстаўлены дакументы аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці 11 чалавек. Дакладчык заўважыў, што работа спецыялістаў па ахове працы ў раёне патрабуе паляпшэння.
Вытворчымі напрацоўкамі па пытаннях АП падзяліліся профільныя спецыялісты льнозавода, ДРБУ-200, ТАА «Белпрамтрэйдынг». Галоўны дзяржаўны інспектар працы Баранавіцкага міжрайаддзела абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінс-пекцыі працы Эдуард Сліва расказаў пра абставіны і прычыны, якія прывялі да няшчасных выпадкаў на вытворчасці, засяродзіў увагу на асноўных парушэннях патрабаванняў АП і працоўнага заканадаўства, выяўленых падчас маніторынгу.

Раённы дзень аховы працы завяршыўся апладысментамі. Яны сталі дадаткам да ўзнагарод, уручаных пераможцам раённага агляду-конкурсу «Лепшая арганізацыя работы па ахове працы па выніках 2018 года». Нагадаем: пераможцамі ў сваіх намінацыях сталі ДРБУ-200, камунгас, ЦРБ і «Ляхавічыдрэў Экспарт».

Іван КАВАЛЕНКА