Выбары на Ляхавіччыне адбыліся: у Парламент абраны Мікалай Язубец

выборы в ЛяховичахПа інфармацыі акруговай  выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання выбары ў Баранавіцкай-сельскай выбарчай акрузе № 7 адбыліся.

Агульная колькасць выбаршчыкаў па акрузе — 69 805.

Колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні,— 62871.

Колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні,— 62871 (89,9%).

Колькасць галасоў, пададзеных  за кандыдата ў дэпутаты Язубца Мікалая Мяфодзьевіча,— 54 051 (86%).

Колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, — 409.

Сёлетняя выбарчая кампанія на Ляхавіччыне, як і папярэднія, прайшла ў спакойнай і добразычлівай атмасферы пры высокай актыўнасці грамадзян.   З 21 992 выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання,  6677 прагаласавалі датэрмінова. 10099 жыхароў горада і раёна прыйшлі на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў.

— Падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў за работай камісій і ходам галасавання сачылі 185 назіральнікаў — прадстаўнікоў раённых арганізацый КПБ, ГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага саюза афіцэраў, БНФ, назіральнікі ад СНД, АБСЕ і іншых структур, – расказаў старшыня акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі   № 7 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Леанід Калбаса.

23 верасня, нядзеля. Ляхавічане, як і ўсе жыхары Беларусі і беларусы ў замежжы, выбіралі свайго дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання — таго, хто дастойна прадставіць нашы інтарэсы ў заканадаўчым органе краіны.

У Ляхавіцкім раёне, які ўваходзіў разам з Баранавіцкім і часткай Ганцавіцкага ў склад Баранавіцкай-сельскай выбарчай акругі             № 7,  выбаршчыкаў чакалі на 35 выбарчых участках, пачынаючы з 18 верасня, калі можна было прагаласаваць датэрмінова. У дзень выбараў участкі для галасавання адкрыліся ў 8 гадзін раніцы і працавалі да 20 гадзін. Дзень выбараў, як звычайна, стаў для большасці выбаршчыкаў сапраўдным святам. Да яго адказна рыхтаваліся не толькі ўчастковыя камісіі. На ўчастках для галасавання ладзіліся  канцэртныя праграмы, быў арганізаваны выязны гандаль.

У тым, што ляхавічане — людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй,  давялося пераканацца падчас наведвання выбарчых участкаў і ў райцэнтры, і ў сельскай мясцовасці.Выборы в Ляховичах

10 гадзін раніцы. На Канюхоўскім выбарчым участку №53 усё ў парадку: члены камісіі на месцы (за выключэннем тых, хто адправіўся па адрасах грамадзян, якія выказалі жаданне прагаласаваць дома па прычыне  слабога здароўя ці ўзросту), урна, як і належыць, апламбавана, аформлены куток выбаршчыка.

— На нашым участку пражывае 166 грамадзян, якія маюць права галасаваць, 109 з іх  выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю падчас датэрміновага галасавання, — расказала старшыня ўчастковай камісіі  Зінаіда Адаська. Высокую яўку  выбаршчыкаў тлумачыць  тым, што мясцовым жыхарам неабыякавы сённяшні і заўтрашні дзень сваёй краіны.

На Ляхавіцкім-Чкалаўскім выбарчым участку № 46, які размясціўся ў галоўным корпусе аграрнага каледжа, з самага ранку ўрачыстая атмасфера:  гучала музыка, прыветна сустракала выбаршчыкаў камісія на чале з Аляксандрай Матчэняй. Усё па пратаколе, а яшчэ — шчырасць, якая садзейнічала добраму настрою кожнага, хто прыйшоў на выбарчы ўчастак. Па стане на 10 гадзін 30 мінут  прагаласавалі 40 працэнтаў грамадзян, унесеных у спісы.

Участак асаблівы яшчэ і таму, што тут шмат маладых выбаршчыкаў — навучэнцаў ЛДАКа. Многія юнакі і дзяўчаты, асабліва тыя, хто ўпершыню прымаў удзел у галасаванні, зрабілі гэта датэрмінова.  Але і ў дзень выбараў ужо з самай раніцы актыўна галасавалі і навучэнцы, і гарадская моладзь.

Зранку члены камісіі выехалі з апячатанай урнай для бюлетэняў па адрасах, дзе пражываюць выбаршчыкі ў шаноўным узросце. Дарэчы, калі складаўся спіс заявак, то такіх адрасоў налічылі больш як 100. Аднак, многія пажылыя грамадзяне прыйшлі на ўчастак самастойна, каб прагаласаваць.

Сардэчна віншавалі члены камісіі маладых выбаршчыкаў, якія ўпершыню выканалі свой грамадзянскі абавязак (іх было пяцёра). З самай раніцы адправілася ў дарогу машына з урнай для бюлетэняў: 20 чалавек пажадалі прагаласаваць дома. Да 12 гадзін на гэтым выбарчым участку аддалі свае галасы амаль 24 працэнты выбаршчыкаў.

У 20 гадзін усе ўчасткі для галасавання закрыліся. Для членаў камісіі пачаўся чарговы адказны этап выбарчай кампаніі — падлік галасоў. Пасля завяршэння працэдуры даныя з усіх участкаў былі накіраваны ў акруговую выбарчую камісію. І ўжо на наступны дзень, 24 верасня, былі абвешчаны вынікі галасавання.

Галіна КАНЬКО.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *