«Сувенірныя» дубкі ад сям’і Траццякоў

Чэрвень. Шчырае сонца. Вакол квецень. У гэты час былы маёнтак
Бохвіцаў у Флер’янове выглядае проста непараўнальна.  Будынак амаль  са 150-гадовай гісторыяй і сёння жывы – рыхтуецца прыняць чарговыя «Флер’яноўскія чытанні». Гасцінна сустракае турыстаў, а ў гэтую пару яшчэ і дорыць наведвальнікам эксклюзіўныя сувеніры.

Хтосьці з паездкі прывозіць магніцік, іншыя – бірульку ці кубачак для кавы, а яшчэ фотаздымак. У параўнанні з флер’яноўскай знаходкай усё гэта, можна сказаць, мінулае стагоддзе. Сённяшнія гаспадары былога маёнтка Бохвіцаў Генрых і Ларыса Траццякі не могуць нарадавацца «дубоваму» ўраджаю і ім дзеляцца з гасцямі.

Генрых Міхайлавіч – Герой Сацыялістычнай Працы. Ён – гонар нашага
раёна, чалавек з бясконцым запасам энергіі. Прызнаецца, што ніколі б не стаў такім без сваёй другой мудрай палавінкі натхняльніцы Ларысы Паўлаўны. А разам яны шчаслівыя ўжо больш за паўстагоддзя. Дарэчы, гэтымі днямі наш славуты зямляк адзначае дзень нараджэння. Віншуем, Генрых Міхайлавіч!

Але вернемся ў сядзібу, дзе знакаміты ажэшкінскі волат-дуб красуецца ў акружэнні маладзенькіх, але стойкіх дубкоў. Іх, здаецца, проста безліч. А цяпер уявіце: з экскурсіі ў Флер’янова вы прывезяце саджанцы самага вядомага дрэва на Ляхавіччыне!

Кожны год сюды прыязджаюць продкі тых самых Бохвіцаў і застаюцца проста шчаслівымі ад экскурсіі, якую так цёпла, пранікнёна праводзіць сям’я Траццякоў. Яны ведаюць тут кожны ку-ток, гісторыю ўсіх экспанатаў, старанна папаўняюць музейную экспазіцыю цікавымі і рэдкімі знаходкамі. Любяць турысты сфатаграфавацца ў пакоі, дзе жыла пісьменніца Эліза Ажэшка, а яшчэ ў сялянскім пакоі…

І, канешне, у той самай дуброве, што пасадзілі нераўнадушныя землякі. А ініцыятарам такога праекта быў «ЛВ». І зноў «веснікаўцы» не могуць быць у баку. А давайце дубкі з ажэшкінскай творчай энергетыкай ізноў ператворым у дуброву. Цяпер, магчыма, з гарадской прапіскай. Як вам такая ідэя?  На гэты раз яна шчодра траццякоўская.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.