На парадным пінжаку – папаўненне. Ляхавіцкія ветэраны атрымалі юбілейныя медалі напярэдадні Дня Незалежнасці краіны

Па адрасе вуліца Чэхава, 15 у райцэнтры часцяком прымаюць гасцей. Падстава для такой увагі надзвычай важкая. Галава сям’і Павел Здановіч – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Былому франтавіку-сапёру сёння больш за 90 гадоў, і ён адзін, на жаль, ужо з нямногіх прадстаўнікоў пакалення пераможцаў, каму яшчэ можна асабіста выказаць пашану і ўдзячнасць, паціснуць мужную руку, якая ў свой час (і пасляваенны таксама) ачысціла ад варожых мін сотні кіламетраў вёсак, гарадоў, дарог, палёў.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны  Павел Паўлавіч  Здановіч.

Днямі ганаровае месца у сямейнай калекцыі заняло пісьмо-віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, а на парадным пінжаку Паўла Паўлавіча заззяла яшчэ адна ўзнагарода – юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Стылізаванае пад франтавы трохвугольнік прывітанне Кіраўніка дзяржавы і медаль ўручылі ветэрану ў мінулы аўторак. З віншаваннямі і падарункамі ў гэты дзень завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, начальнік адасобленай групы ваенкамата Аляксандр Байчык, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонда міру Ларыса Юшкевіч.
Наогул, юбілейныя медалі напярэдадні Дня Незалежнасці краіны накіраваліся па 32 адрасах, дзе жывуць нашы землякі – інваліды і ўдзельнікі вайны, работнікі прыфрантавых участкаў чыгунак і аўтадарог, асобы, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. Па ўсіх гэтых адрасах дастаўлены і паштоўкі з віншаваннямі ад райвыканкама і райсавета.

Свае падарункі ветэранам падрыхтавалі абласное аддзяленне Беларускага фонда міру і раённая ветэранская арганізацыя.
А крыху раней 40 нашых землякоў атрымалі прадугледжаную указам Прэзідэнта аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў сувязі са святкаваннем 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. На гэтыя мэты накіравана 36,5 тысячы рублёў з рэспубліканскага бюджэту.

Факт

Сёння ў Ляхавіцкім раёне пражывае восем інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і пяць яе ўдзельнікаў – гэтыя людзі ваявалі на фронце і ў партызанскіх атрадах. Адзін ляхавічанін мае ўзнагароды за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай. Два жыхары раёна працавалі на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог.Сярод нашых землякоў таксама 16 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Ветэран Уладзімір Аляксандравіч Тамашук.

Ніна Матвееўна Беленовіч.

Зінаіда Пракоф’еўна Віхноўская.
Фёдар Фёдаравіч Лойка.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.