Заўсёды… Памяць не мае перапынкаў і выхадных. Яна, як і час, – у формуле вечнасці

...18 снежня 2014-га вярнуўся дадому з Вялікай Айчыннай вайны франтавік Міхаіл Жытко дваццаці двух гадоў ад роду. Ён больш за сем дзясяткаў гадоў лічыўся прапаўшым без вестак. А потым астанкі загінуўшага ў баі пад Кіевам нашага земляка з вёскі Гукова знайшоў пошукавы атрад. І адбылося тое, што па справядлівасці павінна было адбыцца: радавы Жытко быў перапахаваны ў роднай ляхавіцкай зямлі. З воінскім ушанаваннем героя, які за Перамогу аддаў сваё маладое жыццё.

…Кастрычнік 2018 года. Плошча Перамогі ў Ляхавічах. Ля помніка загіўнулым пры вызваленні нашага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў савецкім салдатам застылі ў мінуце маўчання кіраўнікі раёна, ваенны аташэ і саветнік пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі і грамадзянін Казахстана Эркінджан Абдрахімаў, які знайшоў свайго без вестак прапаўшага ў баях Вялікай Айчыннай дзеда: лейтэнант Смаіл Абдрахімаў быў камандзірам узвода 130-га стралковага палка 44-й стралковай дывізіі і загінуў каля вёскі Кавалі 6 чэрвеня 1944-га. Пазней астанкі героя  перапахавалі ў брацкую магілу ў Ляхавічах.

– Памяць павінна жыць вечна, – так сказала і пляменніца Смаіла Абдрахімава Разіян Саурава ля брацкай магілы ў Ляхавічах. Яна на гэтым тыдні прыязджала са сваімі сынамі Наільжанам і Яікунжанам пакланіцца месцу, дзе пахаваны яе родны дзядзька Смаіл Абдрахімаў.
Як знак памяці яны прывезлі жменьку зямлі з Казахстана і пакінулі яе тут, побач са сваім героем. І, канешне, з’ездзілі ў Кавалі..

…29 красавіка 2019 года. Райвыканкам прыняў рашэнне аб увекавечанні памяці загінулых  пры вызваленні раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны сяржанта Васілія  Боева 1924 года нараджэння (Арлоўская вобл., Далгарукаўскі р-н, с. Б. Боеўка); сяржанта Якава Фоціна 1915 года нараджэння (Молатаўская вобл., Часцінскі р-н, Падзамлянскі сельскі савет); радавога Пятра Палуды 1910 года нараджэння (Чарнігаўская вобл., Тупічоўскі р-н). Іх прозвішчы папоўняць спіс герояў на брацкай магіле ў аграгарадку Дарава.

Памяць не мае перапынкаў і выхадных. Яна, як і час, – у формуле вечнасці. Пясочны гадзіннік, сонечны, механічны, кварцавы, электронны ўсяго толькі метрычны прыбор з вызначэннем даты і дакладных гадзін-мінут-секунд тут і цяпер. Нейкі збой, паломка – і стрэлкі спыніліся. А час ідзе бясконца і поруч з ім памяць, носьбітам якой з’яўляецца чалавек у інтэр’еры гісторыі.

Вы заўважылі, што ля брацкіх магіл кругласутачнымі вартавымі стаяць бярозы, вербы, рабіны… І букет валошкаў з рамонкамі тут глядзіцца не менш шчымліва, чым традыцыйныя гваздзікі. Ад абеліска да абеліска. Сузор’е звычайных герояў, хто ў імя Перамогі за цаной не пастаяў.

Вяршэнства гістарычнай справядлівасці – калі замест радка «Невядомы герой» на мармуровай пліце з’яўляецца прозвішча. Дасёння следапыты, краязнаўцы, пошукавыя атрады запаўняюць белыя старонкі гісторыі. І гэта ёсць святая работа. Нашчадкі памятаюць. Подзвіг забыццю не падлягае, таму што подзвіг – у імя жыцця. Сёння нават у самым сціплым музеі захоўваюцца бясцэнныя сведчанні пра «час выбраў нас».

І як жа не ўзгадаць тую грандыёзную экспазіцыю, якую ў канцэнтраваным выглядзе ўтрымлівае летапіс пад назвай «Памяць. Ляхавіцкі раён». Выданне стала бібліяграфічнай рэдкасцю – тыраж даўно «раз’ехаўся» па свеце.

Пра Вялікую Айчынную на старонках гэтай хронікі расказваюць журналісты і самі ветэраны – франтавікі і партызаны, а таксама радкі з аператыўных паведамленняў, вытрымкі з газетных часопісаў. Усе яе 440 старонак ёсць адноўленая гісторыя нашай малой радзімы і нашых землякоў. Не толькі па гэтай прычыне ўзгадваю кнігу, а яшчэ і таму, што сёлета яна таксама юбілярка: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна пад назвай «Памяць» выпушчана ў выдавецтве «Беларуская савецкая энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі ў 1989 годзе – ёй 30 гадоў.

Памяць і «Памяць». Яны адно цэлае. У перапляценні часу і падзей вучаць нас быць: людзьмі, грамадзянамі, патрыётамі. І прызнацца сабе, усвядоміць: шчасце – жыць, жыць – у міры. Кожнае імгненне любавацца блакітам чыстага неба, жмурыцца ад свавольстваў сонечнага зайчыка, ведаць, што заўтра будзе працяг. І абавязкова спыніцца ля сціплага помніка на ўскрайку вёскі ці ля мармуровага абеліска ў цэнтры горада, каб думкамі, сэрцам, душою сказаць адно адзінае слова: дзякуй!

… Вайна не скончана, пакуль застаецца хаця б адзін невядомы герой. Пошук працягваецца. 22 красавіка на адрас райвыканкама прыйшло пісьмо з Эстоніі: пляменнік шукае, дзе пахаваны ягоны дзядзька Міхаіл Шышкоў, які загінуў у барацьбе з фашыстамі. Як высветлілася, пахаваны ён у нашым горадзе ў  брацкай магіле № 99 – на скрыжаванні вуліц Леніна і Кастрычніцкай.  Гэты помнік мы называем помнікам танкістам. У лісце эстонец Нікалаус Вірт напісаў, што Ляхавіччына цяпер – частачка яго сэрца, і што пры магчымасці ён абавязкова сюды прыедзе, каб пакласці кветкі на магілу свайго дзядзькі…

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Маргарыты КУХТА.