Яблыневы цвет мар і натхнення. Размова колішняга камсорга і сённяшняга маладзёжнага лідара ў асобе першага сакратара Ляхавіцкага райкама БРСМ

Апошняя нядзеля чэрвеня не проста выхадны. І сённяшнія юнакі і дзяўчаты, і зусім дарослыя і сталыя людзі, каму даўно далёка «за трыццаць», адзначаюць гэты дзень. Услухайцеся ў гучанне: Дзень моладзі. І што вам ўяўляецца? Канешне, прыгажосць, дзёрзкасць, смеласць, скорасць, пошук, вышыня, мары, вера, надзея, любоў, уперад, заўсёды ўперад, эўрыка…

Пра дачыненне дамаладосці: вы – сёння, мы – учора, яны – заўтра ў гэтым блаславенным статусе. Мы, якія «ўчора», сваю маладосць атаясамляем з камсамолам. Вы, хто «сёння», – з БРСМ. Усё лагічна і правільна, усё справядліва. Пераканаўчым аргументам на карысць стала размова колішняга камсорга (у маёй асобе) і сённяшняга маладзёжнага лідара ў асобе першага сакратара райкама БРСМ Марыі ЛУТАВІНАВАЙ.

Адразу зазначу, што субяседніца яна цікавая, у многім самабытная і арыгінальная, філасофскі настроеная на аптымізм, прыемна актыўная і нераўнадушная, пераканаўчая. Адным словам, бээрэсэмаўцам з іх важаком сумаваць, думаю,не давядзецца.

Дарэчы, Марыя скончыла Іркуцкі музычны каледж імя Шапэна, дзе атрымала спецыяльнасць выкладчыка вакала і харавых дысцыплін. Потым былі вучоба і дыплом Маскоўскага інстытута культуры і мастацтваў і спецыяльнасць кіраўніка этнакультурнага цэнтра. Хаця даволі даўно пераехала ў Беларусь, дзяўчына па-ранейшаму ўваходзіць у склад журы міжнароднага Байкальскага фестывалю «Віват талент!», і ўжо ў гэтым годзе ёй давялося «пажурыць» на фэсце. Яшчэ радок біяграфіі: Лутавінава выкладала вакал у цэнтры развіцця двумоўных дзяцей «Мазаіка» ў Нідэрландах. Гэта, як кажуць, для паўнаты карціны наконт асобы сучаснага бээрэсэмаўскага лідара.

Мяркую, што харызмы дастаткова. А вось як наконт адносін да спрадвечных жыццёвых каштоўнасцяў, што заўсёды вызначалі моладзь? Што любяць, чым ганарацца, да чаго імкнуцца юнакі і дзяўчаты пачатку трэцяга тысячагоддзя? Чым захапляюцца? Што вынаходзяць? Пра што спрачаюцца?Вось тут наш дыялог стаў своеасаблівай пераклічкай двух пакаленняў, і ў гэтай пераклічцы надзвычай выразна гучала тэма пераемнасці традыцый і канстанты жыццёвых каштоўнасцяў.

З членскім білетам


– Калісьці некамсамольцаў практычна не было ў маладзёжным асяроддзі.Камсамольскі білет – гэта гонар!
– БРСМ захоўвае і прымнажае лепшыя традыцыі ВЛКСМ, пераемнікам якога з’яўляецца. І колькасць членаў раённай маладзёжнай арганізацыі расце. Сёння гэта 865 маладых людзей, аб’яднаных у 58 пярвічак. Важны факт: вучнёўская моладзь, у тым ліку – з ЛДАКа, ахвотна ўступае ў БРСМ, расце зацікаўленасць і актыўнасць працуючай моладзі. Спадзяюся, што мы істотна «падрасцём». І ў «Ста ідэях для Беларусі» распрацоўкі юных ляхавічан Эдуарда Казака і Карыны Стрыгельскай папоўняцца эўрыкамі іншых маладых землякоў.

Трапіць у «Яблычак»


– Камсамол заўсёды ў добрых справах быў наперадзе. І БАМ будаваў, і цаліну ўздымаў, і ў нашай рэспубліцы на Усесаюзнай камсамольскай будоўлі на меліярацыі зямель беларускага Палесся
шчыраваў. А яшчэ студэнты кожнае лета працавалі ў складзе будатрадаў.

– Сённяшняя моладзь і гэту традыцыю падтрымлівае і развівае, з задавальненнем ідзе ў студэнцкія атрады. Дарэчы, год назад мая першая сакратарска-бээрэсэмаўская справа была звязана з арганізацыяй студэнцкага атрада «Яблычак», які працаваў на базе ААТ «Шлях новы». Зазначу, што найбольшае прызнанне сярод юнакоў і дзяўчат атрымала работа раённай арганізацыі БРСМ менавіта па арганізацыі часовай другаснай занятасці моладзі. У нас створаны штаб працоўных спраў, і сёлета на тэрыторыі раёна плануем працаўладкаваць больш за сто маладых людзей у складзе педагагічных, сельскагаспадарчых і экалагічных атрадаў. Лічу вельмі ёмістым выказванне: праца – гэта карані, якія сілкуюць магутнае пачуццё да роднай зямлі.

Героі назаўсёды


– Любіць сваю зямлю, ганарыцца Радзімай, быць саўдзельнікам у справах на яе карысць. Патрыятычнае выхаванне – гэта не лекцыі, а жывыя старонкі і гісторыі, і сённяшняга дня з канкрэтнымі дзеючымі асобамі. Некалі, у пару майго камсамольскага юнацтва, ды і пазней, ВЛКСМ лічыў за гонар гаварыць сваё слова ў патрыятычным выхаванні.
– І БРСМ перакананы: любоўю да Радзімы адухоўліваецца чалавек, ад-
казнасцю за дзень сённяшні і заўтрашні, пашанай да мінулага. Вось мы гаварылі пра студатрадаўскі рух. Вырашылі, што ўсе нашы атрады будуць насіць імя герояў. 4 ліпеня заступае на вахту ў летніку «Чай-
ка» педагагічны атрад імя Лазо. А яшчэ ў раёне будуць працаваць студатрады імя Дзесюкевіча – у «Шляху новым» і імя Арлоўскага – у «Начы». Мяркую, што гэта «імянная» акалічнасць паспрыяе і працоўнаму настрою, і іншым добрым справам студатрадаўцаў. Імёны герояў абавязваюць. «Кветкамі Вялікай Перамогі» назваў штогадовы патрыятычны праект Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які яго і ініцыяваў. А сімвалам праекта з’яўляецца кампазіцыя з яблыневага цвету. На маю думку, выдатны вобраз, у якім гучаць матывы вясны, адраджэння, жыцця, радасці, натхнення, любві. І ўжо немагчыма ўявіць свята Вялікай Перамогі без шчымліва-прыгожага, кранальна-пяшчотнага яблыневага цвету. Такое прызнанне ў любві да Беларусі і да герояў, якія адваявалі мір.

Спяшаемся на дапамогу


– Колькі пазаўрочных добрых спраў паспявалі зрабіць цімураўцы. Шэфствавалі над ветэранамі, дапамагалі ім у хатніх клопатах. Ахвотна ў якасці старэйшых сяброў хадзілі ў дзіцячыя сады. А яшчэ збіралі макулатуру, металалом, ладзілі працоўныя дэсанты…

–Усё гэта і многае іншае сёння бээрэсэмаўцы ўвасабляюць у валанцёрскім руху. У нашым РК БРСМ працуюць сем валанцёрскіх атрадаў. Менавіта працуюць, а не існуюць на паперы. Яны праводзяць
дабрачынныя акцыі, сярод адрасоў якіх – ветэраны вайны і працы, пажылыя людзі, шматдзетныя сем’і, дзеці-інваліды. Вось некалькі з ініцыятыў: «Ветэран жыве побач», «Чысты лес», «Новы год з добрым сэрцам», «заСправу» і іншыя. Шэфствуем мы і над брацкімі магіламі. Дзякуючы раёнцы, даведаліся, што ў расстралянага бандытамі пасля вайны галоўнага ўрача санаторыя «Савейкі» не засталося ў Ляхавічах родных. Адпаведна, няма каму даглядаць за месцам яго апошняга прытулку. Палічылі, што мы проста абавязаны узяць гэта на сябе. Узялі. Дарэчы, валанцёрства – адзін з дзейсных спосабаў выхаваць адказнага і нераўнадушнага чалавека. Займаемся гэтым не ад выпадку да выпадку, а пастаянна.

Модна быць здаровым


– Пра спартыўныя дасягненні, пашану да фізкультуры камсамол заўсёды рапартаваў з энтузіязмам. І, трэба сказаць, было чым пахваліцца. Лёгкая атлетыка, гандбол, баскетбол, спартакіяды,
турызм, злёты, спаборніцтвы, здача нормаў ГПА, ганарыліся спартыўнымі разрадамі, тытуламі, дасягненнямі…

Наша крэда нічым не адрозніваецца і ў гэтым сэнсе ад камсамольскага: здаровым быць модна. Мы – за стадыёны, спартпляцоўкі, турыстычныя маршруты! Мы – супраць адмоўных звычак, якія шкодзяць здароўю! Мы – за спартыўныя рэкорды, за загартоўку і здаровы дух! У бээрэсэмаўскіх справаздачах ужо занатаваны турніры, у тым ліку, па пейнтболе, тэматычныя круглыя сталы і кіналекторыі, конкурсы малюнкаў і плакатаў, тэматычныя
дыскатэкі. Штогод у чэрвені рабочая моладзь ААТ «Жарабковічы», райбальніцы, РАНС прымае ўдзел у маладзёжным турыстычным форуме «Прыбужжа». Ганарымся земляк амі, якія сваімі спартыўнымі дасягненнямі ўслаўляюць не толькі раён, але Брэстчыну і краіну. Дарэчы, 26 чэрвеня 40 актывістаў раённай арганізацыі БРСМ – байцы студэнцкіх атрадаў – былі на трыбунах ІІ Еўрапейскіх гульняў. Білеты – падарунак ад ЦК БРСМ.

Калі не я, то хто?!


– Пра актыўнасць камсамольцаў напісана шмат. І часта гучыць: вось жа была моладзь! А што вы думаеце на гэты конт, Марыя?
– Моладзі заўсёды пасуюць вызначэнні «энергічная», «нераўнадушная», «творчая», «актыўная». Проста павінен быць такі настрой, каб гэтыя вызначэнні праяўляліся, а не хаваліся ў рэзерве. І вось тут роля БРСМ надзвычайная ў добрым сэнсе гэтага слова. Зацікавіць, паклікаць за сабой, павесці, быць разам не проста ў часе і на нейкай тэрыторыі, а ў думках і справах. Вельмі многае залежыць ад маладзёжных лідараў, ад актывістаў. Наканаваны поспех там, дзе за справу бярэцца, напрыклад, Сяргей Новік – сакратар пярвічкі БРСМ ААТ «Жарабковічы», Яўгеній Сініла з жылкамунгаса, Сяргей Гатоўчыц з РАНС, Алена Плескацэвіч з СШ № 1, Віталій Толкач з СШ № 2, Максім Фёдараў, Дзяніс Чараднічэнка, Максім Сезік з ЛДАКа, Вольга Грыцкевіч з райбальніцы, Андрэй і Надзея Цямчыкі і іншыя «перпетум мобіле». Сярод асабістых бээрэсэмаўскіх спадзяванняў і задумак ёсць адна, магчыма, не надта тыповая, але надзвычай актуальная і звязаная з маёй спецыяльнасцю па дыпломе: хачу, каб ляхавіцкі строй (культурна-гістарычная і гісторыка-культурная спадчына) пачаў гучаць так, каб яго можна было і хацелася чуць і ўбачыць ва ўсёй непаўторнай красе і багацці, ва ўсёй індывідуальнасці. Гэта, у тым ліку, дабавіць турыстычнай прыцягальнасці нашаму раёну. Усіх землякоў і, у першую чаргу, сённяшнюю моладзь віншую з нашым агульным святам. Жадаю міру і шчасця, натхнення, якое ўвасобіцца ў прыгожыя справы на карысць нашай вялікай малой радзімы.

Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Маргарыты КУХТА.