У Ляхавіцкім раёне пражывае 7 чалавек, якія перасягнулі векавую мяжу

Не застаецца без увагі сацыяльных работнікаў і адна з «маладзейшых» стогадовых Алена Адаська.

Пражыць да 100 гадоў — гэтае пажаданне для 7 нашых зямлячак ужо неактуальнае: кожная з іх — хто раней, а хто зусім нядаўна — перасягнула векавую мяжу. Ляхавічанка Марыя Байтус, Разалія Гаўдзіс з Русінавіч, Яніна Пірштук са Сваятыч, Марыя Тумаш з Ураджайнай, Алена Адаська і Яніна Бубен з Літвы, Вольга Грыгаровіч з Лабузоў — у іх біяграфіі ўмясцілася больш як стагоддзе гісторыі. У лёсе кожнай былі радасці і перамогі, здабыткі і прыемныя моманты, няўдачы і цяжкія імгненні, вайна і мірнае жыццё. Яны кахалі, стваралі сем’і, нараджалі і выхоўвалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў, шмат працавалі.
Ішоў час, яны не старэлі, а сталелі, станавіліся мудрэйшымі, назапашвалі жыццёвы вопыт і, як самае бясцэннае багацце, перадавалі сваім нашчадкам. Большасць з іх, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, не пакідалі месца працы. Да таго ж паспявалі ўправіцца і з уласнай гаспадаркай, былі ў гушчыні падзей.
І сёння доўгажыхаркі радуюцца кожнаму ранку, цікавяцца ўсім, што адбываецца, па магчымасці, калі дазваляе здароўе, займаюцца хатнімі справамі. А самая старэйшая Разалія Адамаўна Гаўдзіс, якая нарадзілася ў 1903 годзе, яшчэ можа справіцца з бензапілой! Разалія Адамаўна жыве адна, па гаспадарцы ёй дапамагае сацыяльны работнік. На надомных абслугоўванні знаходзіцца і яшчэ адна стогадовая зямлячка Яніна Пірштук.

Самае галоўнае ў жыцці — жыццё, пераканана Разалія Гаўдзіс.

Самыя «маладыя» са стогадовых Марыя Байтус і Алена Адаська нарадзіліся ў 1910 годзе.
Напярэдадні Дня пажылых людзей супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведалі кожную з доўгажыхарак. Пацікавіліся іх жыццём, самаадчуваннем, настроем. Прапанавалі і канкрэтную дапамогу, выслухалі пажаданні і просьбы, уручылі падарункі — коўдры. А яшчэ былі пажаданні здароўя, трываласці, бадзёрасці, клопату і падтрымкі з боку блізкіх.
…А сакрэт доўгажыхарства — любоў да людзей, да жыцця, да працы, — сцвярджаюць нашы гераіні.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *