Не сядзіць без справы ляхаўчанін Уладзімір Маляр

Жыхар вёскі Вялікая Лотва Уладзімір Маляр — неабыякавы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і багатай працоўнай біяграфіяй. А пачалася яна з 1967 года, калі 18-гадовы юнак стаў працаваць шафёрам-зваршчыкам, а потым і брыгадзірам па мантажы жывёлагадоўчых фермаў Ляхавіцкай райсельгастэхнікі. Ён ніколі не баяўся працы, за што б ні браўся — усё атрымлівалася выдатна. Узяць першую ў яго жыцці ўборачную кампанію ў якасці камбайнера, якая стала для юнага Валодзі паспяховай: на службу ў армію ён пайшоў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве. Дарэчы, сярод армейскіх успамінаў нашага земляка ёсць асабліва дарагія. Недалёкага ад таго месца, дзе дыслакавалася яго воінская часць, прызямліўся Юрый Гагарын пасля першага палёту ў космас.
Пасля службы ў арміі па камсамольскай пуцёўцы Уладзімір Маляр адправіўся на цаліну. Потым вярнуўся дамоў, на Ляхавіччыну. 17 гадоў працаваў у мясцовай сельгастэхніцы, займаўся механізацыяй працаёмкіх працэсаў. І яшчэ амаль чвэрць стагоддзя шчыраваў у калгасе імя Ламаносава, куды яго запрасіў старшыня гаспадаркі Генрых Траццяк.
За добрасумленную працу атрымаў больш як 30 грамат і падзяк. Але галоўнае багацце ў яго скарбонцы ўзнагарод — ордэн Леніна. Так было адзначана прафесійнае майстэрства Уладзіміра Маляра, калі яго брыгада ў рэкордныя тэрміны — за 20 дзён — зманціравала і запусціла ў эксплуатацыю зернеток у Жарабковічах.
Уладзіміру Васільевічу споўнілася 73 гады. Але ён і сёння не сядзіць без справы, завіхаецца па гаспадарцы, цікавіцца ўсім, што адбываецца. І амаль паўстагоддзя ва ўсіх пачынаннях і справах яго падтрымлівае жонка Вольга Яфімаўна — самы блізкі і надзейны сябар.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *