Анямелая схільнасць

На гэту страшную з’яву вочы не заплюшчыш. У рэспубліцы афіцыйна зарэгістравана больш як 7 тысяч нарказалежных і больш як 11 тысяч ВІЧ-інфіцыраваных, з якіх 80 працэнтаў з’яўляюцца так званымі “шпрыцавымі” наркаманамі.
Наркаманія (у перакладзе з грэчаскай – усыпленне, аняменне, схільнасць) характарызуецца расстройствамі псіхікі, фізічным і маральным разлажэннем.
Асаблівую занепакоенасць выклікае распаўсюджванне яе сярод моладзі. Статыстыка паказвае, што 90 працэнтаў тых, хто ўжывае розныя віды наркотыкаў, – юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў.
Дастаткова высокая інфармаванасць аб неспрыяльным і нават смяротным уздзеянні наркатычных рэчываў на арганізм чалавека для многіх, на жаль, не становіцца пера-шкодай для іх ужывання. Для пераадолення псіхалагічных стрэсаў, унутранай напружанасці некаторыя выкарыстоўваюць псіхатропныя сродкі, якія ствараюць ілюзорнае пачуццё дабрабыту, а на самай справе яны больш небяспечныя, чым яд. Залежнасць ад наркотыкаў паступова праходзіць па некалькіх пры-ступках – сацыяльнай, псіхічнай і фізічнай. Але пры гэтым кожная наступная не змяняе папярэднюю, а дадае ўсё новыя і новыя праяўленні ў карціну захворвання.
Чаму адны людзі здаюцца перад наркотыкамі, а другія здольны супрацьстаяць іх ілюзорнай прывабнасці? Лічыцца, што адна з галоўных прычын – неўладкаваная сям’я. Бацькі не аддаюць дзецям любоў, клопат, падтрымку? За дапамогай ці хаця б часовым заспакаеннем тыя могуць звярнуцца да наркотыкаў… Распаўсюджанымі прычынамі далучэння да наркотыкаў з’яўляюцца простая цікаўнасць, перайманне звычак кампаніі, у якой тусуецца падлетак, жаданні хутчэй стаць дарослым. Такія выпадковыя “пробы” ў выніку робяць чалавека наркаманам.
Ужыванне наркотыкаў гарантуе цяжкія наступствы для арганізма. Людзі ў стане эйфарыі схільныя да небяспечных паводзін (хуліганства, крадзяжы, сексуальнае насілле). Пры сіндроме адмены паводзіны выходзяць з-пад кантролю, бо ўзнікае нястрымная неабходнасць любымі шляхамі дастаць наркотыкі, губляецца інтарэс да жыцця. Ад усяго гэтага пакутуе не толькі сам наркаман, але і людзі, якія знахо-дзяцца побач. Злоўжыванне наркотыкамі звязана з ростам насілля ў сям’і, жорсткімі адносінамі да дзяцей і з павелічэннем міжасобасных праблем.
Не ў пашане ў наркаманаў па ўласным жаданні звяртацца за дапамогай да ўрача. А шкада, бо атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу яны могуць ва ўсіх абласных і гарадскіх наркалагічных дыспансерах ці пры візіце да ўрача-нарколага.
Высокая медыка-сацыяльная значнасць праблемы прывяла да неабходнасці яе рашэння на дзяржаўным узроўні. У сувязі з гэтым, пачынаючы з мінулага года ў Беларусі рэалізуецца дзяржаўная праграма комплексных мер супрацьдзеяння наркаманіі, незаконнаму абароту наркатычных сродкаў і звязаных з імі правапарушэнняў. Прафілактыка наркаманіі больш эфектыўная, чым лячэнне ад яе. Медыкі, сацыяльна-псіхалагічныя службы, праваахоўныя органы, навучальныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі павінны аб’яднаць намаганні, каб спыніць распаўсюджанне небяспечнай хваробы, назва якой наркаманія.
Марына ЗАВАДСКАЯ, сацыёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *