У СВК «Ляхавіцкі» важкасць гектара — амаль 360 цэнтнераў

У разнастайным шэрагу сельскагаспадарчых работ гэтай позневераснёўскай пары няпроста вызначыцца з асноўнай «стравай стала». Аграрыі закладваюць кукурузны сілас, падымаюць і звозяць да месцаў складавання льнотрасту, убіраюць цукровыя буракі, бульбу.
Акрамя двух дастаткова адасобленых па форме ўласнасці сельгаспрадпрыемстваў (ЗТАА «БелДан» і ЗАТ «Белпрампрыбор»), пасадкі другога хлеба значыліся сёлета ва ўсіх гаспадарках раёна. 3, 5, 15 гектараў у адных і 100, 114, 200 гектараў у ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», СВК «Жарабковічы» і «Ляхавіцкі» адпаведна. У цэлым 550 гектараў бульбяных пасадак на момант пачатку ўборкі. Да гэтага часу капальнікі бульбы дайшлі прыкладна да сярэдзіны баразны — пад культурай застаецца каля 50 працэнтаў плошчаў.
Кампанія ўборкі клубняплодаў, здаецца, ніколі не была прадпрыемствам камерным, унутранай справай канкрэтнай сельгасарганізацыі. Паездкі «на бульбу» студэнтаў, удзел школьнікаў, сезонных добраахвотнікаў ва ўборцы — класіка жанру. Зараз, хіба што, у аснове гэтай кааперацыі ляжыць трывалая эканамічная аснова: мы вам — вы нам.
Як адзначыў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, сёлета школьнікі працавалі ці працуюць, у прыватнасці, на палетках СВК «Ліпнянка», «Тальмінавічы», «Канюхі», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Апошнім з уборкай дапамагаюць таксама пазаштатныя работнікі. У тым ліку і немясцовыя, жыхары аддаленых вёсак раёна. У СВК «Дарава» і «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» свая геаграфія і адпаведны таму кантынгент добраахвотных капальнікаў. Едуць з Баранавіцкага рэгіёна, самога горада.
«Ляхавіцкі» быў і застаецца самым буйным і самым перадавым вытворцам клубняплодаў у раёне. Магчымасць зарабіць на выбарцы русінавіцкай бульбы не ўпускаюць многія ляхавічане, жыхары навакольных вёсак. Хто мае вольны час, а асобныя дык і ўвогуле «падстройваюцца» з водпускам пад тэрміны ўборкі бульбы.
Самая высокая важкасць гектара таксама ў «Ляхавіцкім» — амаль 360 цэнтнераў. Гэта прыкладна на дзясятак тон больш аналагічнага сярэднераённага і сярэднерэспубліканскага гектара.
Здаецца, скардзіцца на ўраджай гэтага года бульбаводам падстаў няма. Хіба толькі на «вяласць» збыту і невысокую цану другога хлеба.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *