Яшчэ ў палях бялее снег

На вачах растаюць гурбы снегу, і патокі вады рынуліся ў нізіны і канавы. Адчулі паводку гаспадары многіх сядзіб, асабліва тыя, чые дамы пабудаваны непадалёку ад вадаёмаў. Літаральна за некалькі дзён у адзіную дыспетчарскую службу паступіў дзесятак званкоў, людзі прасілі дапамогі. Напрыклад, з Жарабковіч тэлефанавала адзінока пражываючая жанчына, дом якой знаходзіцца па вуліцы Садовай. Нарад выратавальнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях і брыгада ДРБУ-200 выехалі на месца, перагарадзілі дарогу вадзяному патоку і накіравалі яго па траншэі ў меліярацыйны канал. Былі праблемы і ў жыхароў вуліцы Мінскай райцэнтра, вёсак Шавялі і Карані, ліквідаваны затор лёду, які ўтварыўся ў раёне вёскі Вялікая Лотва непадалёку ад канала, што вядзе да ракі Ведзьма.
Штодзень у РАНС вядзецца маніторынг узроўню вады ў Нетчынскім, Мініцкім вада-сховішчах і на рацэ Ведзьма, кантралюецца стан дамбаў, мастоў, шлюзаў, каналаў, труб-рэгулятараў. Адначасова падтрымліваецца сувязь са спецыяльнымі службамі Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў: небяспекі не прадбачыцца, паводка адступае.
Аднак, павышаны ўзровень вады ў мясцовых вадаёмах удала скарысталі энергетыкі раёна: запрацавалі дзве турбіны Мініцкай гідраэлектрастанцыі. Сёння яна выпрацоўвае 80 мегават электраэнергіі, якая прадаецца Баранавіцкаму баваўняна-папяроваму камбінату.
Пакуль паводка не закончылася, не лішнім будзе зазірнуць гаспадарам сядзіб і шматкватэрных дамоў у свае падвальныя памяшканні, на ўсякі выпадак вышэй перакласці мяшкі з бульбай, кансерваваныя прыпасы. А калі што – адзіная дыспетчарская служба на сувязі і гатова аказаць дапамогу.
Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *