Магчымасці выканання паслуг Ляхавіцкім камбінатам бытавога абслугоўвання

Камбінатам бытавога абслугоўвання вельмі няпроста сёння ў плане эканамічнай самадастатковасці. Ёсць таму тлумачэнні, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Але няма ды, мабыць, і быць не можа абсалютнага алгарытму паспяховасці быткамбінатаў. Каб на карысць сабе, на задавальненне патрэб людзям.
У КУП па аказанні паслуг «Ляхавіцкі РКБА» па некаторых пазіцыях гэта атрымліваецца, па іншых — не надта. Агульны ж не на карысць прадпрыемства баланс фарміраваўся не сёння і нават не на працягу аднаго-двух апошніх гадоў. Якраз наадварот: за 7 сёлетніх месяцаў пратэрмінаваная крэдытная запазычанасць камбіната зменшылася на 34 працэнты — з 263 да 178 мільёнаў рублёў. Немалую частку гэтых грошай бытоўка запазычыла камунальнікам, пераважна — у якасці платы за спажытае на працягу сезонаў цяпло. Разлік ажыццяўляецца, у тым ліку, і не ў рамках класічнай — «тавар-грошы» — схемы. Напрыклад, на камунальнікаў працуе трактар камбіната ў агрэгацыі з прычэпам. Выконваюцца пэўнага кшталту транспартныя паслугі. «Для камбіната гэта выгадна», — заўважае Ганна Куніцкая, якая на старце 2012-га пасаду галоўнага бухгалтара прадпрыемства змяніла на дырэктарскую.
Здаецца, і ёсць фактычнае таму сведчанне, што на фоне апошніх бягучы год стане для прадпрыемства і яго калектыву выгадна іншым. Зменшылася, як было ўжо адзначана, крэдытная запазычанасць, павялічылася выручка ад рэалізацыі: са студзеня па ліпень тэмп яе росту вызначаецца лічбай у больш як 200 працэнтаў у параўнанні з мінулагодняй. У тым ліку, рэалізацыя бытавых паслуг выйшла на ўзровень 177 працэнтаў. Апошняе, як ведаем, — мэта і асноўны прадукт прадпрыемстваў падобнага тыпу.
Далёка не ўсе з 14 відаў паслуг, што аказваюцца РКБА, з’яўляюцца самадастатковымі ці самаакупнымі. Выгадна ў гэтым сэнсе вылучаецца швейнае атэлье. Апроч выканання індывідуальных «насельніцкіх» заказаў, цэх дастаткова шчыльна працуе з шэрагам раённых арганізацый і падраздзяленняў: ажыццяўляе пашыў рабочага адзення, спецыяльнага ўбрання (напрыклад, канцэртнага), атрыбутыкі. Для работнікаў асобных баранавіцкіх прадпрыемстваў наша бытоўка шые спецадзенне. Выконваюцца заказы вытворчага баваўнянага аб’яднання — у значных аб’ёмах і пастаянна. Але факт і тое, што пра поўную загрузку вытворчых магутнасцяў атэлье размова ўсё ж не ідзе, ёсць яшчэ перспектывы росту.
Прыбытак прыносіць і пральны цэх РКБА, вытворчы абарот якога раўняецца 6-7 тысячам кілаграмаў бялізны ў месяц.
Нягледзячы на канкурэнцыю, цырульні камбіната карыстаюцца папулярнасцю ў кліентаў, прыбытковыя. Іх, дарэчы, дзве. Апроч цэнтральнай ёсць яшчэ цырульня ў галоўным будынку райбальніцы. З месяц, як яна адкрылася пасля рамонту і ўстаноўкі новага абсталявання.
— Са сродкаў прадпрыемства на рамонт і пераабсталяванне зрасходавана 16 мільёнаў рублёў. Цяпер там усё новае, працуе кваліфікаваны і творчы майстар. У сакавіку на прымеркаваным да прафесійнага свята работнікаў бытавога абслугоўвання абласным конкурсе цырульніцкага майстэрства «Натхненне-2012» Святлана Лешык стала лаўрэатам намінацыі «Крэатыўная мужчынская прычоска», — паведаміла Ганна Куніцкая.
Звычайнай практыкай цырульнікаў камбіната з’яўляецца праца на выездах — на базе і з кліентурай комплексных прыёмных пунктаў. Па падліках дырэктара, у сельскай мясцовасці зарабляецца прыкладна кожны пяты цырульніцкі рубель.
Перапрацоўка садавіны-агародніны на сок не адносіцца да вытворчых навацый РКБА. З 10 жніўня, калі пачала дзейнічаць паслуга, і да канца месяца было перапрацавана прыкладна 10 тон пладоў на суму 6,5 мільёна рублёў. У першай палове верасня — і таго больш. У асноўным людзі вязуць, канешне, яблыкі, аднак, трансфармаваць у смачны карысны напітак магчыма таксама грушы, буракі, моркву, кабачкі — усё залежыць ад жадання заказчыка і яго сыравіны. Дарэчы будзе сказаць, што, апроч стацыянарнай сокавыціскалкі, сёлета арганізавана і работа яе перасоўнага аналага. Па словах дырэктара, папулярнасць і запатрабаванасць другога варыянта аказалася некалькі нечаканай. Але чаму тут здзіўляцца — зручна, ды і год выдаўся ўраджайным на яблыкі.
Па прыкладзе буйных гарадоў у гэтым годзе быў упершыню прапанаваны праект пад умоўнай назвай «Гаспадар, гаспадыня на гадзіну»: за вызначаную плату спецыялісты РКБА гатовы падрадзіцца для выканання пэўнай дамашняй ці нейкай іншай патрэбнай чалавеку або сям’і работы. Забіць цвік, умоўна кажучы, павесіць карніз, урэзаць дзвярны замок, прыбраць кватэру, прапалоць агарод, выступіць у якасці кур’ера, суправаджаючага і таму падобнае. «Паслуга не пайшла, не мела належнага попыту», — гаворыць дырэктар.
Высокая верагоднасць, што ў сезонныя перыяды папулярнасцю ў насельніцтва карысталіся б паслугі сельскагаспадарчага профілю. На жаль, Ляхавіцкі РКБА тут не памочнік. Пакуль, трэба спадзявацца: па словах Ганны Куніцкай, на чацвёрты квартал гэтага года запланавана пакупка міні-трактара. Для пачатку — у камплекце з мінімумам прылад для глебаапрацоўкі. Бюджэтная падтрымка ў вырашэнні гэтага пытання перавысіць сотню мільёнаў рублёў. Астатняе — клопат гаспадарчага суб’екта.
— Магчыма, карысталіся б попытам паслугі бензакасы ці газонакасілкі? На прапанову абкасіць, напрыклад, дваровую тэрыторыю, «паправіць» газон, думаецца, адгукнуліся б многія, — звяртаюся да дырэктара.
— Не выключана, — пагаджаецца Ганна Уладзіміраўна. — Але мы не гатовы: касілка ёсць, але, што называецца, выключна для ўнутранага выкарыстання. У прыватнасці, для абкошвання тэрыторый комплексных прыёмных пунктаў, якіх у нас 15 у розных кутках раёна. Аднак, у планах 2013 года значыцца і пакупка касілкі.
Дарэчы будзе дадаць у працяг тэмы КПП, што многія з іх некалі былі аснашчаны абсталяваннем для рамонту абутку, камплектам швейнага абсталявання з магчымасцю выканання адпаведных работ непасрэдна на месцы. Зараз падобная добрая практыка мае значна меншае выкарыстанне. Камплекты абсталявання «рабочае месца абутніка», швейныя машыны, раскройныя сталы часткова засталіся без выкарыстання.
— Нешта з таго мы перавезлі, задзейнічалі ў швейным цэху, абутковым атэлье. Частка абсталявання на даны момант не выкарыстоўваецца, — гаворыць дырэктар камбіната.
З клопатаў, што ў значнай ступені пазбаўляюць сну кіраўніцтва Ляхавіцкага РКБА, на першае месца выходзіць недахоп кадраў. Вакансіі знойдуцца ў розных службах, структурах, падраздзяленнях. Тым больш для кваліфікаваных спецыялістаў, майстроў у сваёй справе. Зрэшты, такія ніколі і нідзе лішнімі не будуць, і КУП па аказанні паслуг «Ляхавіцкі РКБА» не выключэнне.
Іван КАВАЛЕНКА.

3 thoughts on “Магчымасці выканання паслуг Ляхавіцкім камбінатам бытавога абслугоўвання

  • 04/10/2012 в 17:23
    Permalink

    Добрый день! Пользовался я услугами РКБО. Так вот, никаких услуг. Приехал, сам подавал яблоки на отжим, сам и сок давил. Так какая же это услуга? И что самое удивительное, так я ещё и заплатил за свою же работу. Работников абсолютно не виню! — две девушки! Что, им тягать мешки с яблоками? Им выдавливать сок из яблочной массы? Я, не слабый человек, делал это с трудом, и это только 120 кг. А попробуй целый день… Это я к начальнику этого заведения. Да ещё я узнал, что они за эту работу получают смешную доплату- около 200 000. Это что? Деньги?Ко всему прочему — страшнейшая антисанитария в помещении где этот сок жмут. В общем никакого сервиса.
    Нисколько не удивлюсь, если коментарий не пройдёт цензуру…

  • 07/10/2012 в 11:07
    Permalink

    Вообще-то Дмитрий прав.

  • 11/10/2012 в 20:59
    Permalink

    Это нынче традиция такая в РКБО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *