На Ляхавіччыне з пачатку года нарадзілася 114 дзяцей

У першым паўгоддзі на Ляхавіччыне зарэгістравана нараджэнне 114 дзяцей (з іх 55 хлопчыкаў і 59 дзяўчынак). Сёлетняе папаўненне на 25 большае, чым леташняе.

За студзень-чэрвень аддзел загса райвыканкама зарэгістраваў  у Ляхавічах нараджэнне 61 малыша – 30 хлопчыкаў і 31 дзяўчынкі.
Першынец нарадзіўся ў 42 сем’ях нашых землякоў, другое дзіця — у 45, трэцяе ў 16, чацвёртае ў сямі, пятае і шостае адпаведна, у двух сем’ях, расказала “Ляхавіцкаму весніку” начальнік аддзела загса Вольга Новік.


Чэрвень у нашым раёне плюсуе па хлопчыках: загс і сельвыканкамы выдалі шчаслівым бацькам 11 адпаведных пасведчанняў. А вось дзяўчынак нарадзілася ўсяго пяць. Бацькі назвалі іх Ганнай, Дар’яй, Кірай, Ксеніяй і Соф’яй.
Топ хлапчуковых імён першага летняга месяца – Аляксандр і Раман. Акрамя іх, Аляксей, Арцём, Дамір, Клім, Спірыдон, Расціслаў і Яраслаў.
Сярэдні ўзрост мам у першым паўгоддзі – 28 гадоў, тат – 30.
Мяркуючы па сярэднім узросце маладых за апошнія шэсць месяцаў, да заключэння шлюбу яны адносяцца надзвычай сур’ёзна: нявестам 33 гады, жаніхам – 34. Самай жа маладой нявесце 19 гадоў, 20 жаніху. Але гэта не значыць, што ў 60 з плюсам не гуляюць вяселле: сямейнае шчасце знайшлі тры нашыя землякі.